Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІКОЛА ПАПЕКА — ПЧАЛЯР, ГАТОВЫ Ў ПАРТЫЗАНЫ


Міхась Скобла, Менск

Мікола Папека жыве ў вёсцы Лінава на Пружаншчыне. Выпускнік Украінскай сельскагаспадарчай акадэміі, ён з 1986 году заняўся пчалярствам, спачатку ў мясцовым лясьніцтве, цяпер — трымае ўласны пчальнік. Дзеля яго абслугі мае цэлую фэрмэрскую гаспадарку, а ў ёй і грузавік, і коні. Лірык па натуры, ён, пакуль распальваецца дымар, любіць сузіраць прыроду й запісваць уражаньні ў нататнік. У Менску бывае рэдка, але для ўдзелу ў “Вольнай студыі” прыехаў адмыслова.

(Міхась Скобла: ) “Мікола, я павінен адразу сказаць нашым слухачам, што вы ня толькі славуты на Берасьцейшчыне пчаляр, але й паэт. На вашай кнізе “Чарнавікі” ёсьць заўдзячваньне “крылатым спонсарам”. Пчолы вам толькі выдавацца дапамагаюць, ці й пісаць таксама?”

(Мікола Папека: ) “Пісаць таксама дапамагаюць, натхняюць. Дарэчы, многімі маё заўдзячваньне было ўспрынятае па-рознаму: адны падумалі, што я дзякую анёлам, другія — што спонсарам выступіла адна з авіякампаніяў”.

(Скобла: ) “Летам пчолаў падглядаю, зімой — вершы складаю”. Нейкая ідылія ў наш неідылічны час атрымліваецца. Ці гэта толькі з павярхоўнага гледзішча?”

(Папека: ) “Так, ідылічнага тут мала. Калі я пісаў сваю кніжку, дык на два гады пусьціў пчалу на самапас. Занурыўся ў кнігі, многа чытаў…”

(Скобла: ) “Любая свойская жывёла, калі гаспадар занядбае яе, выжыве. Выжывуць конь, карова, сабака. А пчала?”

(Папека: ) “Ну што значыць на самапас... Проста ў мяне напрацоўкі былі, якія дазвалялі мне трохі разьняволіцца на пасецы. Прыяжджаю, дымар пакуль распалю, дык і прыроду пасузіраю, і верш часам напішу. Жыцьцё пчаляра адпавядае заняткам літаратурай. Я часта застаюся сам-насам, з пчоламі, з прыродаю. Як правіла, мой пчальнік знаходзіцца кілямэтраў 6–10 ад вёскі, мне ніхто не перашкаджае”.

(Скобла: ) “А ці бясьпечна трымаць вульлі так далёка ад хаты? Злодзеі не залазілі? А мо мядзьведзі ў вас водзяцца?”

(Папека: ) “Мядзьведзі ня лазяць, а людзі — часам бывае. Ну калі зрэдку й залезуць, выдзеруць адзін-два вульлі, то гэта ж не катастрафічна. А калі баяцца і трымаць пчалу каля хаты, то мёду ня будзе. Пчале трэба спажытак. Таму даводзіцца трымаць яе ў лесе, а часам і вазіць на далёкія адлегласьці, на 50–100 кілямэтраў. Мінулым годам я ўцякаў ад засухі з Ружаншчыны ажно пад Украіну. Пчала жыве ўлетку ўсяго 30–40 дзён, і спаць у шапку няма калі. Чаму так мала жыве? Яна шмат лётае, зьбівае свае крылы аб паветра. А калі ня можа ляцець на пашу, то ідзе ў поле й там памірае”.

(Скобла: ) “На пачатку нашага стагодзьдзя ў Вільні была выдадзеная кніжка “Пчаліна — жывёлка малая, а карысьці дае многа”. Колькі трэба мець вульляў, каб мець мёд ня толькі для сябе, але й каб зарабіць на выданьне кніжак?”

(Папека: ) “Гледзячы які год. У добры год, каб забясьпечыць сваю сям’ю мёдам, дастаткова аднаго-два вульлі. Рэкорд мёдабраньня — пад 400 кіляграмаў з вульля за лета. Мой асабісты рэкорд — 200 кіляграмаў. А 150–170 кіляграмаў бывае амаль кожны год. І гэта пры тым, што ў нас ня велімі добрая мядовая паша. Калі б паша была лепшая, каб надвор’е спрыяла, каб пчала была дагледжаная, то ў такіх умовах адзін вулей можа даць і 500 кіляграмаў мёду!”

(Скобла: ) “А дзе вы збываеце свой мёд?”

(Папека: ) “У добрыя гады я збываў да дзьвюх тонаў мёду. А вось апошнія тры гады ідуць засухі, мёду мала. Дзе збываю? На рынку я не стаю. Маці, праўда, прадае ў Менску. А да мяне дахаты прыяжджаюць сябры й купляюць”.

(Скобла: ) “А наколькі гэта пэрспэктыўная справа — пчалярства ў кліматычных умовах Беларусі?”

(Папека: ) “Вельмі пэрспэктыўная, таму што пчала ня толькі прыносіць мёд, дае праполіс, воск, пыльцу, але й запыляе лясы, ягаднікі, сельскагаспадарчыя культуры. Я ведаю шмат пчаляроў, якіх пчала корміць, абувае-апранае і дазваляе больш нідзе не працаваць. Калі б была спрыяльная палітыка, пчолаў можна было б разводзіць у прамысловых мэтах. А дзеля гэтага трэба больш сеяць грэчкі, рапсу, баркуну, канюшыны, садзіць ліпы, акацыі, лазу, вербалозы, сады… Была бы пчаліная паша, мы маглі б атрымліваць мёду столькі, што цалкам замянілі б ім цукар. Але пакуль да гэтага далёка, і мёд да нас вязуць з Украіны й Расеі”.

(Скобла: ) “На сталічнай “Камароўцы” гандляры прапаноўваюць некалькі дзясяткаў гатункаў мёду: і ліпавы, і грэчкавы, і верасовы. А які мёд найлепшы?”

(Папека: ) “Усе мяды добрыя. Кожны мае свае ўласьцівасьці. Скажам, у грачаным шмат вітаміну С, шмат жалеза. І таму ён вельмі спажыўны пры лёгкавых і крывяных захворваньнях, хоць ён вельмі доўга не зьберагаецца. У гарадзкіх умовах ён вельмі хутка цямнее, становіцца падобным на шакаляд. Найлепшы мёд той, які можа стаяць некалькі гадоў — гэта сьветлыя, жоўтыя мяды, мяды з крушыны, маліны, ягаднікаў, вербалозаў. Нашы лясныя мяды, мяды з паплавоў, з разнатраўяў — самыя лепшыя”.

(Скобла: ) “Я ведаю, што ў вашай гаспадарцы быў трактар, а цяпер на зьмену яму коні зьявіліся. Навошта вам быў лішні клопат, іх жа даглядаць трэба?”

(Папека: ) “Коняў я займеў ня толькі для працы. У мяне растуць два сыны, ім няма чым займацца, нічога жывога на двары няма. А так яны іх пояць, кормяць, даглядаюць, клапоцяцца пра іх, і мне прыемна”.

(Скобла: ) “Я знайшоў у вашай кнізе некалькі калямбураў на палітычныя тэмы. “Міліцыя і я ў полі біліся — мыліцы і я палюбіліся”. Зразумела, гэта найперш гульня ў словы, і крый Бог вам біцца з ахоўнікамі правапарадку. А ўсё ж якія ў вас стасункі з уладамі?”

(Папека: ) “Ужо адно тое, што я магу нідзе не працаваць і не лічыцца дармаедам, як гэта было за савецкім часам, лічу вялікай раскошай. Ад улады мне нічога ня трэба, абы мяне не турбавалі. Але мне неабыякава, у якой краіне я жыву. Шмат на якія мітынгі я спэцыяльна ў Менск езьдзіў. Маці мяне папракала: ну навошта табе гэта трэба, ты жывеш някепска, часам і даляры купляеш, і легкавая машына ў цябе ёсьць, і грузавая, і коні, і лядоўня, і кампутар… А я адказваю, няважна, як я жыву, я хачу жыць лепш!”

(Скобла: ) “Давайце вернемся да вашых вершаў. Прачытайце што-небудзь, напісанае ў суаўтарстве з пчоламі, як вы самі прызналіся”.

(Папека: ) “Можна. Верш назваецца “Рэфэрэнту”:

Плата за здраду — трыццаць даляраў Юды.
Як з табою пайду — дык прыйду анікуды.

Нешта я апатурыў; гляджу з абурэньнем,
як народа душа зарасла жабурэньнем.

Партызанам пайду на забытыя бацькавы гоні,
дзе скубуць палыны бяззубыя калгасныя коні.


Наступны верш — “Славянскія Герастраты”.

Уладзімер Сьвяты
мяняе славянку
на бізантыйскую панну;
топіць Ярылу і Хорса,
паліць Перуна і Дажджбога,
кідае ў вір памяці Мокаш;
ахвярнік залівае сьлязьмі народу,
загнанага крывавым мечам Хрыстовым
ў воды Дняпра.
І ўрэшце будуе на капішчы,
саджае на патушаны Зьніч
Сафію белакаменную…
Дажыліся славяне —
цыганскі барон
дужа любіць славянскіх “жэншчын”.


(Скобла: ) “Наўсьлед за аўтарам і я кароценькі ваш верш прачытаю:

І пчала пачала з палёту, плачу…
Так і ачалавечылася.


Што было б лепш — уявім — каб пчала ачалавечылася, ці каб чалавек апчаліўся? Чый сьвет больш дасканалы?”

(Папека: ) “Напэўна, чалавечы. Пчала трапіла ў такія варункі, што без чалавека ўжо і выжыць ня можа. Хоць пчолы значна большыя доўгажыхары — яны існуюць на зямлі каля 80 мільёнаў гадоў. Лепш за ўсё было бы, каб пчала засталася пчалой, а чалавек чалавекам. Але — побач”.

(Скобла: ) “Пчаліны век кароткі, чалавечы таксама ня вечны. Апрача дзяцей, дому й дрэва, які сьлед на зямлі чалавек абавязаны пакінуць?”

(Папека: ) “Чалавек тады пакіне сьлед на зямлі, калі падоўжыць жыцьцё свайго роду, сваёй нацыі. Як казаў Васіль Цяпінскі, “альбо народ выжыве, альбо мы будзем выбрынутымі (выкінутымі, па-сучаснаму) разам зь ім, разам загінем”. Нарадзіўся на сьвет, дык май клопат пра тое месца, дзе нарадзіўся. Быць пчаляром ці паэтам — недастаткова. Трэба змагацца за сваё, сьцьвярджаць сваё. Калісьці я напісаў: “Апошняй абразай мне стане камень, пастаўлены нада мной з надпісам на расейскай мове”. Але да эпітафіі яшчэ далёка. Будзем жыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG