Экс-старшыні Дзяржынскага райвыканкаму былі выстаўленыя абвінавачаньні адразу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу — гэта крадзеж у выніку злоўжываньня службовым становішчам, злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, асабліва злоснае хуліганства, пагроза забойства ды іншае. Судзьдзя Менскага абласнога суду Віктар Крайко распавёў для Радыё Свабода пра шэраг злоўжываньняў, учыненых былым “вэртыкальшчыкам”.
(Крайко: ) “Ён арганізаваў незаконную дастаўку харчоў на 4 мільёны рублёў у свой службовы кабінэт з падразьдзяленьняў Койданаўскага райспажыўсаюзу. Падчас Дажынак у 2000 годзе забраў сабе тэлевізар “Гарызонт”, які павінен быў атрымаць перадавік. За кошт раённага бюджэту Ткачоў адрамантаваў свой і жончын аўтамабілі. На заводзе ў Фаніпалі паводле яго загаду былі выраблены дзьве цяпліцы, іх аплацілі два калгасы Дзяржынскага раёну. За кошт дзяржынскіх прадпрыемстваў быў адрамантаваны дом ягонай маці ў Горках на Магілеўшчыне. Паводле ўказаньня Ткачова ягоны хатні тэлефон аплачваўся з раённага бюджэту”.
Сярод шматлікіх злоўжываньняў чыноўніка судзьдзя Віктар Крайко называе і наступны факт: каб выканаць дзяржаўны заказ для раёну, Ткачоў патрабаваў ад аднаго з фэрмэраў здаць без гарантыі аплаты тысячу тонаў элітнага зерня, якое той набыў ва Ўкраіне. Уладзімер Ткачоў таксама прыватызваў службовае жыльлё, адкуль яго пасьля выселілі.
Былы старшыня Дзяржынскага райвыканкаму на судзе сваёй віны не прызнаў. Адметнасьць гэтага судовага працэсу была ў тым, што летась у верасьні за некалькі дзён да абвяшчэньня прысуду Ўладзімер Ткачоў уцёк у Расею. У кастрычніку яго затрымалі ва Ўладзімерскай вобласьці. Беларускі бок хадайнічаў аб экстрадыцыі Ткачова, і сёлета напачатку сакавіка былога вэртыкальніка ў кайданках прывезьлі ў Менск. Судовыя слуханьні былі адноўленыя, і на мінулым тыдні Менскі абласны суд пакараў Уладзімера Ткачова пяцьцю гадамі зьняволеньня з частковай канфіскацыяй маёмасьці, а таксама пазбаўленьнем права на працягу пяці гадоў займаць пасады, зьвязаныя з матэрыяльнай адказнасьцю, а таксама пасады на дзяржаўнай службе.
Сьледзтва ў справе былога койданаўскага вэртыкальніка вяла рэспубліканская пракуратура, і само дасьледаваньне дзейнасьці Ўладзімера Ткачова распачаў Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Гэта ўжо ня першы выпадак, калі прызначаных Аляксандрам Лукашэнкам вэртыкальнікаў суд прызнае вінаватымі ў злоўжываньнях службовым становішчам і крадзяжах. Надоечы Смалявіцкі раённы суд пакараў трыма гадамі папраўчых работаў былога кіраўніка Барысаўскага райвыканкаму Яўгена Сіўца за раскраданьне бюджэтных сродкаў. За злоўжываньні быў асуджаны і былы начальнік гарадзенскай рэгіянальнай мытні і экс-старшыня Ашмянскага райвыканкаму Віктар Пракопчык. Двойчы заводзілі крымінальную справу на клімавіцкага вэртыкальніка, але справа да суду не дайшла, як, дарэчы, і ў аналягічнай гісторыі са старшынём Краснапольскага райвыканкаму. Нядаўна за злоўжываньні быў вызвалены са сваёй пасады старшыня Драгічынскага райвыканкаму. Вось як пракамэнтаваў гэтую тэндэнцыю на просьбу Радыё Свабода былы міністар сельскай гаспадаркі, а цяпер старшыня фонду “За новую Беларусь” Васіль Лявонаў:
(Лявонаў: ) “Трымаць усю сыстэму ў страху. Гэта галоўнае. Гэта не барацьба з тым, каб ня кралі. Апроч таго, і паміж сабой нешта там дзеляць. Адзін узяў, другому ня даў, гэта таксама мае месца”.