У часе паседжаньня Рады “Грамадзянскай плятформы” была ўхваленая заява, у якой гаворыцца, што цягам апошніх гадоў у Беларусі зьліквідаваныя шэраг незалежных газэтаў і недзяржаўных арганізацыяў, якія не парушылі ніякіх законаў.
“Цяпер рэжым Аляксандра Лукашэнкі робіць чарговую спробу запалохваньня лідэраў дэмакратычнай апазыцыі. Анатоля Лябедзьку абвінавачваюць паводле таго самага артыкулу, на падставе якога раней былі асуджаныя журналісты Маркевіч, Мажэйка і Івашкевіч. Рада “Грамадзянскай Плятформы” рашуча пратэстуе супраць чарговай хвалі рэпрэсіяў у Беларусі і выказвае перакананьне, што гэтыя захады рэжыму ня зломяць беларускую апазыцыю”, – адзначаецца ў заяве.
Вось што сказаў Радыё Свабода Богдан Кліх – сябра “Грамадзянскай Плятформы” і намесьнік старшыні камісіі ў міжнародных справах польскага Сэйму.
(Кліх: ) “На нашую думку, вольны сьвет мусіць выступаць у падтрымку беларускай апазыцыі, якая церпіць ад перасьледу рэжыму. Мы таксама калісьці змагаліся з камуністычным рэжымам у падпольлі, і мы добра ведаем, як важная ў такой сытуацыі міжнародная падтрымка. Нашую партыю вельмі хвалюе, што беларускі рэжым перасьледуе ня толькі апазыцыйных палітыкаў, але й сродкі масавай інфармацыі і недзяржаўныя арганізацыі”.