(Валер Карбалевіч: ) “Крымінальная справа супраць Анатоля Лябедзькі, распачатая пракуратурай Беларусі, — падзея і чаканая, і нечаканая адначасова. Чаканая, бо лёгіка наступу ўлады на палітычную апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць рана ці позна павінна была дайсьці да мяжы, за якой пачынаецца вычышчэньне галоўных апазыцыйных структураў і іх лідэраў. А зь іншага боку, ўсё ж ня верылася, што ўлады адважацца распачаць чыста палітычную справу супраць аднаго зь лідэраў апазыцыі. Якая прычына гэтага кроку ўладаў? Што падштурхнула іх да такіх брутальных дзеяньняў?”
(Анатоль Лябедзька: ) “Я думаю, што мы выйшлі з таго стану, які Лукашэнка характарызаваў так, што гатоў апазыцыю “насіць на руках”. За апошні год аб’яднаўчыя працэсы сярод апазыцыі набралі моц, створаная народная кааліцыя “5+”, якая можа стаць рэальнай альтэрнатывай існаму рэжыму. І вось на гэта зрэагаваў Лукашэнка. Зь іншага боку, крымінальная справа — гэта рэакцыя не на зьмест сказанага. Тое ж самае, але яшчэ ў больш жорсткіх фармулёўках я гаварыў раней. Гэта была рэакцыя на сілу і моц гучаньня. Адна справа, калі пра ценявы бюджэт, некатраляваныя сродкі, атрыманыя ад продажу зброі, гавораць на кухні, у грамадзкім транспарце. І зусім іншая сытуацыя, калі гэта выходзіць на мільённую аўдыторыю”.
(Карбалевіч: ) Спадар Івашкевіч, вы былі ахвяраю таго ж самага артыкулу Крымінальнага кодэксу, па якім цяпер прыцягваюць Лябедзьку (паклёп на прэзыдэнта), і адсядзелі ў выпраўчай установе адкрытага тыпу адзін год. Як бы вы ацанілі гэты крок уладаў?”
(Віктар Івашкевіч: ) “У маім выпадку гэта была спроба застрашыць журналістаў, рэдактараў газэтаў, каб яны ўвялі самацэнзуру, сьцішылі сваю крытыку. Але ж гэта не дало эфэкту. Пасьля гэтага зьявілася кніжка “Случайный президент”, у якой аўтары, вядомыя журналісты Шарамет і Калінкіна, не хаваючы сваіх прозьвішчаў, паўтаралі тое ж самае, што было ў тым маім артыкуле, за які мяне пасадзілі. У дадзеным выпадку са справай Лябедзькі таксама ёсьць спроба застрашыць. Але ж яна нейкая бязладная. Калі ў выпадку са мной, Маркевічам, Мажэйкам быў нейкі плян, то тут больш не разважлівы, а эмацыйны крок. Прагучала заява па расейскай тэлевізіі — трэба ж нешта рабіць, неяк адбівацца. Вось і завялі крымінальную справу. Гэта сьведчаньне нейкай безвыходнасьці”.
(Карбалевіч: ) “Тут ёсьць яшчэ адна акалічнасьць. Паводле сацыялягічнага апытаньня кампаніі “Новак” за люты, Лябедзька мае самы высокі рэйтынг з усіх апанэнтаў рэжыму. Гэта трохі дзіўна. Сёньня ўжо шмат людзей абвесьцілі сябе кандыдатамі ў прэзыдэнты, але гэта ніяк не паўплывала на падвышэньне іх рэйтынгу. Лябедзька не абвяшчаў пра сваё жаданьне ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Аднак ён праяўляе значную актыўнасьць, больш за іншых зьяўляецца ў незалежных СМІ. Адсюль і такі рэйтынг. Што лішні раз сьведчыць пра тое, што не фармальнае самаабвяшчэньне, а рэальная праца даюць палітыку вядомасьць.
І вельмі магчыма, што ўлады адсочваць гэтую сытуацыю. І каб пазбавіць Анатоля магчымасьці прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта, яны вырашылі яго судзіць. А гэта, згодна зь беларускім заканадаўствам, пазбаўляе права ўдзельнічаць у выбарах пэўны час. У справе Лябедзькі зьявіўся новы чыньнік. Маскоўскі тэлеканал “Расея” два разы, у суботу і нядзелю, фактычна выступіў у абарону беларускага апазыцыянера. Як гэта можа паўплываць на разьвіцьцё падзеяў?”
(Лябедзька: ) “Мне падаецца, штэ гэтая крымінальная справа мае антырасейскі падтэкст. Калі быць лягічным і пасьлядоўным, то беларускай пракуратуры трэба было выходзіць з хадайніцтвам на расейскую пракратуру, каб прыцягнуць да адказнасьці папулярнага расейскага тэлевядучага Сванідзэ і сёньняшняга віцэ-прэм’ера Расеі Жукава. Прааналізаваўшы стэнаграму тэлеперадачы “Зеркало”, трэба адзначыць, што заявы і Сванідзэ, і Жукава былі больш жорсткія, чым мае. Але ёсьць сумненьні, ці будзе гэта рабіць беларуская пракуратура.
Вось гэты антырасейскі падтэкст справы зьяўляецца чыньнікам, які падтрымлівае ўвагу да яе з боку тэлеканалу “Расея”. Сванідзэ сказаў пры тэлефоннай размове, што яны не зьбіраюцца кідаць беларускага апазыцыянэра сам-насам з рэжымам. Гэта дадае цікавасьці да гэтай справы”.
(Івашкевіч: ) “У свой час Ельцын сказаў: “Няхай Шарамета адпусьціць”. Калі Пуцін цяпер скажа тое ж пра Лябедзьку, то, магчыма, справа заглохне. Калі ж толькі расейскія тэлеканалы будуць проста інфармаваць без палітычнага ціску, то нічога ня зьменіцца. У маёй справе таксама расейскія тэлеканалы адсочвалі сытуацыю, здымалі й паказвалі сюжэты, але гэта не паўплывала на судовае рашэньне. Само сьледзтва, потым працэс, калі да гэтага дойдзе, будуць цягнуцца недзе паўгоду. Лябедзьку будуць спрабаваць трымаць на кручку. Толькі пад восень недзе вырашыцца пытаньне. Калі ня будзе расейскага ціску, то справа дойдзе да суду, я так мяркую”.
(Карбалевіч: ) “Усё ж, я лічу, калі казаць пра ролю расейскіх тэлеканалаў, ёсьць нейкая розніца, паміж вашай справай, спадар Івашкевіч, справай Маркевіча і Мажэйкі, і цяперашняй справай Лябедзькі. Калі ўсіх згаданых журналістаў судзілі за артыкулы ў беларускім друку, то Анатоля судзяць за выступ на расейскім тэлеканале. Хачу нагадаць, што тая ж справа Шарамета набыла такое грамадзкае гучаньне, была “раскручаная” расейскімі тэлеканаламі таму, што Павал працаваў карэспандэнтам расейскай тэлекампаніі. Таму і ў нашым выпадку можна разьлічваць на іншы грамадзкі рэзананс.
На мой погляд, улады прытрымліваюцца такой тактыкі — крок за крокам прывучыць грамадзтва да ўсё больш грубага парушэньня дэмакратычных прынцыпаў. Спачатку судзілі апазыцыянэраў за, быццам бы, фінансава-гаспадарчыя парушэньні (Клімаў, Чыгір). Грамадзтва праглынула. Потым наступны крок: судзілі журналістаў ужо па палітычным артыкуле (паклёп на прэзыдэнта). Я маю на ўвазе суды над Івашкевічам, Маркевічам і Мажэйкам. Пры гэтым, хоць Івашкевіч і зьяўляецца намесьнікам старшыні Партыі БНФ, яго падавалі ў большасьці СМІ як журналіста. Грамадзтва праглынула і гэта. І вось цяпер ужо дайшла чарга і да палітыкаў. Прычым, улады будуць уважліва сачыць за рэакцыяў беларускай і замежнай грамадзкасьці. Калі рэакцыя будзе моцнай, то справу спусьцяць на тармазах (як гэта адбылося з папярэдняй справай у дачыненьні да Лябедзькі), а калі рэакцыя будзе слабая, то магчымы і прысуд.
Але з гледзішча ўладаў гэтая справа можна дрэнна адбіцца на яе іміджы. Калі судзілі банкіра Чыгіра альбо прадпрымальніка Клімава, то шмат людзей паверылі, што гэта справа не палітычная, а крымінальная. Цяпер супраць Лябедзькі абвінавачаньне чыста палітычнае. Нават далёкім ад палітыкі людзям зразумела, што Лукашэнка чыніць расправу з сваімі палітычнымі праціўнікамі. А гэта можа ўзмацніць адчуваньне несправядлівасьці. Як вы лічыце, выйграюць ці прайграюць улады ў палітычным сэнсе ад гэтай справы?”
(Лябедзька: ) “Пакуль ніякіх складанасьцяў для сябе я асабіста не адчуваю. Я з сваімі калегамі выходзіў на прахадную МТЗ для размовы з рабочымі, выяжджаў у рэгіен. За гэты час пасьля завядзеньня крымінальнай справы ў офіс нашай партыі прыйшло некалькі чалавек і напісалі заяву аб уступленьні ў АГП. На нашую электронную пошту прыйшлі дзясяткі зваротаў з маральнай і палітычнай падтрымкай.
Я не зьбіраюся рабіць крокі назад ці зьяжджаць з краіны. Я адчуваю сябе абсалютна ўпэўненым. Калі справа дойдзе да суду, то гэта будзе цікавы судовы працэс. Хоць мы разумеем, што па гэтай справе рашэньне будзе не юрыдычнае. Але сам працэс можа стаць працэсам абвінавачаньня Лукашэнкі й ягонага атачэньня. Таму што будзе агучаная інфармацыя па ценявым бюджэце, па сродках, якія не кантралююцца ні парлямэнтам, ні грамадзкасьцю. Я не зрабіў нічога такога, за што можна было бы падводзіць ня толькі пад Крымінальны, але і пад Адміністрацыйны кодэкс. Я за народныя грошы не выяжджаў у Славенію, каб пажыць у замку, катацца на лыжах. Гэта чыстая палітыка. А ў палітычнай сфэры я адчуваю сябе даволі ўпэўнена.
Таму мы маем намер змагацца. І чым гучнейшая будзе гэтая справа, чым большая ўвага будзе прыцягнутая да яе, тым лепш для мяне асабіста і для народнай кааліцыі “5+”. У любым выпадку, гэта экзамэн ня толькі для мяне, але і для нашай кааліцыі. Калі мы адстаім свае правы на гэтым этапе, то будзем мець умовы для посьпеху падчас новых выбарчых кампаніяў”.
(Івашкевіч: ) “Я бы адзначыў два такія моманты. Па-першае, любыя рэпрэсіі супраць палітычнай апазыцыі застрашваюць абываталя, які цяпер дзесяць разоў падумае, ці ісьці яму на адкрытае супрацоўніцтва з палітычнай апазыцыяй. Па-другое, я маю кантакты зь людзьмі і магу сьцьвярджаць, што рэпрэсіі павялічваюць пасіўную падтрымку апазыцыі. Атрымліваецца такая вілка. З аднаго боку, расьце пасіўная падтрымка апазыцыі, нэгатыўнае стаўленьне да уладаў. Зь іншага боку, расьце адчуваньне прыгнечанасьці, запрыгоненасьці. Такая вілка настрояў — гэта шлях да выбуху. Відавочна, што ў доўгатэрміновым пляне гэтая крымінальная справа не павялічвае рэйтынгу ўладаў, а наадварот, павялічвае рэйтынг апазыцыі. Але, калі браць кароткі тэрмін, то гэта павялічвае страх людзей”.
(Лябедзька: ) “Сапраўды, сытуацыя нагадвае сьнег, якія зьбіраецца на вяршыні гары й стварае перадлавінную сытуацыю. Пакуль невядома, што стане штуршком, апошнім комам, які пакоціць гэтую лавіну. Але ўсё роўна для нас сытуацыя пэрспэктыўная. Калі ў краіне будзе сорак такіх крымінальных справаў, то ўладам нічога ўжо зрабіць нельга будзе. А калі іх будзе некалькі штук, то тады ўлада мае магчымасьць кантраляваць сытуацыю і запалохваць людзей”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, крымінальная справа, якую завяла пракуратура Беларусі супраць Лябедзькі, сьведчыць аб тым, што ўлады ўзмацняюць наступ на палітычных апанэнтаў. Радыё Свабода будзе таксама адсочваць гэтую справу і інфармаваць сваіх слухачоў пра яе ход і наступствы”.