На мінулым тыдні ніжняя палата Кангрэсу ЗША прагаласавала за тое, каб выплаціць 50 мільёнаў даляраў таму, хто дасьць зьвесткі, якія дапамогуць зьнішчыць Усаму бін Лядэна. Тым часам, амэрыканскія аналітыкі цьвердзяць, што фізычнае зьнішчэньне бін Лядэна і ягоных асноўных паплечнікаў праблему тэрарызму ня вырашыць.
Цягам Другой усясьветнай вайны было шмат спробаў забіць Адольфа Гітлера. Лічыцца, што калі б хоць адна спроба была пасьпяховай, то Нацысцкая партыя і Трэці Рэйх рухнулі б значна хутчэй.
Сучасныя ж аналітыкі перакананыя, што гэтая лёгіка не прыймальная ў выпадку з “Аль-Кайдай”. Нават калі будуць забітыя яе лідэры, тэрарыстычныя напады будуць працягвацца. Перадусім таму, што “Аль-Кайда” – гэта тэрарыстычная сетка, якая мае свае ячэйкі ў болей чым 50 краінах.
Дый сам бін Лядэн са сваімі паплечнікамі ніколі доўга не застаецца на адным месцы. ЗША спрабавалі забіць тэрарыста № 1 ракетным ударам у 1998 годзе ў адказ на напады на амэрыканскія амбасады ў Кеніі і Танзаніі. Але ён і ягоныя памагатыя перад тым пакінулі свой лягер. Пасьля нападаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон 11 верасьня ЗША распачалі вайну ў Аўганістане і разам з саюзьнікамі даволі хутка разьбілі Талібан і расьсеялі “Аль-Кайду”. Аднак, гэта не перашкодзіла яе філіям у іншых месцах плянэты наладзіць тэракты.
Такую гнуткасьць “Аль-Кайды” амэрыканскі аналітык Дэніэла Плетка тлумачыць нетрадыцыйнай будовай структуры арганізацыі.
(Плетка: ) “Гэтая арганізацыя інтэграваная хутчэй па гарызанталі, чым па вэртыкалі. Гэта азначае, што па ўсім сьвеце ёсьць яе ячэйкі, якія зьвязаныя агульнай ідэалягічнай ніткай ці праз навучаньне. Яны могуць быць зьвязаныя агульным лідэрам і агульнай мэтай, але ў выніку здольныя да дзеяньня паасобку. І калі зьнікае кіраўнік, гарызантальная інтэграцыя ўсё яшчэ працуе”.
Аналітыкі ў гэтым зьвязку падкрэсьліваюць, што акрамя “Аль-Кайды” менавіта ісламісцкія ваяўнічыя групоўкі адказныя за цэлы шэраг тэрарыстычных нападаў цягам апошніх двух з паловаю гадоў – ад выбухаў на высьпе Балі ў кастрычніку 2002 году да выбухаў у гэтым месяцы ў Мадрыдзе.
Сетка мае свабодную структуру і не абавязкова, што замовы ідуць з цэнтру. Яшчэ адзін аналітык Марк Бюргэс дадае, што пра самыя апошнія тэракты “Аль-Кайда” не магла ведаць да таго, як яны адбыліся. Хутчэй, яны былі натхнёныя “Аль-Кайдай, але выкананыя групоўкамі, якія фармальна ня ёсьць яе структурамі.
(Бюргэс: ) “Аль-Кайда – найперш натхненьне. Яна не абавязкова павінна непасрэдна выконваць ці даваць дазвол на нейкія дзеяньні. Яна забясьпечвае ім пэўную ступень натхненьня. І калі іншыя ісламісцкія тэрарысты адказныя за напад, мы ўсё роўна абвінавачваем “Аль-Кайду”. Тым болей, што дзеяньне звычайна паводле выкананьня вельмі падобнае на тыя, што робіць “Аль-Кайда”.
Таму аналітыкі перакананыя, што сьмерць Бін Лядэна ці Аль-Завахры ня будзе сьведчыць пра канец вайны мусульманскіх экстрэмістаў супраць Захаду. Гэта будзе толькі маральным стымулам дзеля наступных крокаў тым, хто змагаецца з тэрарызмам у Эўропе і ЗША.