"Сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі зьяўляецца досыць сур'ёзнай праблемай для Эўропы і не садзейнічае ўмацаваньню стабільнасьці ў рэгіёне". Такую выснову зрабілі ўдзельнікі прадстаўнічай міжнароднай канфэрэнцыі "На шляху да пашыранай Эўропы: Новы парадак дня", што адбылася ў Браціславе 18-19 сакавіка.
Камісар Эўракамісіі ў пытаньні пашырэньня Эўразьвязу Гюнтэр Фэхойген заявіў на канфэрэнцыі пра неабходнасьць інтэграцыі Беларусі ў Эўропу.
Кіраўнікі ўрадаў Альбаніі, Баўгарыі, Латвіі, Літвы, Македоніі, Румыніі, Славаччыны, Харватыі і Эстоніі прынялі сумесную заяву, у якой заклікалі "распачаць новы дыялёг у Эўропе" для садзеяньня палітычным рэформам і дэмакратыі ў Беларусі.
У рамках канфэрэнцыі ўдзельнік зь Беларусі Андрэй Саньнікаў сустрэўся з генэральным сакратаром АБСЭ Янам Кубішам, зь якім абмеркаваў пляны АБСЭ па назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі ўвосень.
Ян Кубіш паведаміў, што Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ плянуе накіраваць сваіх назіральнікаў на парлямэнцкія выбары. Цяпер, паводле яго словаў, АБСЭ вызначае фармат і тэрміны назіраньня за будучай кампаніяй.
Зь беларускага боку ўдзел у канфэрэнцыі ўзялі таксама кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы "Мы памятаем" Ірына Красоўская, міжнародны каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97” Андрэй Саньнікаў, дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў. Яны правялі шэраг сустрэчаў на высокім узроўні – з прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі, генэральным сакратаром НАТО Яапам дэ Хаопам Схефером, прэм'ер-міністрамі Славаччыны, Літвы, Латвіі.