Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ АБМЯРКОЎВАЮЦЬ ЯК ЗША З РАСЕЯЙ, ГЭТАК І ЭЎРАЗЬВЯЗ З РАДАЙ ЭЎРОПЫ


Юры Сьвірко, Менск

У Маскве прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Стывэн Пайфэр даў інтэрвію газэце “Время новостей”, дзе заявіў, што Беларусь апынулася ў самаізаляцыі ў выніку палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, і дадаў: “Нас гэта непакоіць. Мы гатовыя працаваць над гэтым разам. Але Лукашэнку трэба зрабіць крокі да лібэралізацыі”. Спадар Пайфэр удакладніў, што трэба спыніць ціск на грамадзянскую супольнасьць і сродкі масавай інфармацыі. “Калі ж сытуацыя будзе пагаршацца, дык мы разгледзім мажлівасьць ужываньня іншых захадаў”. На пытаньне, якія гэта могуць быць захады, намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША адказаў, што некаторыя зь іх ужо абмяркоўваюцца — напрыклад, забарона выдаваць візы, што ўжывалася і раней. Аднак спадар Пайфэр заявіў, што спадзяецца на пазытыўны адказ Беларусі на прапанову амэрыканскага боку.

Нагадаю, што разам са Стывэнам Пайфэрам у Маскву паехаў амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол. Яны разам будуць закранаць беларускае пытаньне на перамовах з прадстаўнікамі Расеі. Спадар Пайфэр сказаў газэце “Время новостей”, што “апошні год Расея праводзіць больш упэўненую ды актыўную палітыку на прасторы былога СССР”, і нагадаў, што дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл падчас свайго візыту ў Маскву ў студзені “заклікаў Расею да ўзаемадзеяньня, а не супрацьдзеяньня на постсавецкай прасторы”.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Менску Стывэн Пайфэр адзначыў:

(Пайфэр: ) “Мы хацелі бы спадзявацца, што Расея як сусед Беларусі таксама будзе заклапочаная няздольнасьцю адпавядаць асноўным дэмакратычным стандартам у межах гэтай краіны”.

У амбасадзе ЗША ў Менску паведамілі, што пра вынікі паездкі амбасадараў Пайфэра і Крола ў Маскву стане вядома ў сярэдзіне тыдня, калі Джордж Крол вернецца ў Менск.

Варта нагадаць, што ў Беларусі Стывэн Пайфэр знаходзіўся разам з прадстаўнікамі МЗС Ірляндыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе. Пакуль спадар Пайфэр пашырае кола зацікаўленых у беларускай сытуацыі на ўсходзе, на захадзе міністар замежных справаў Ірляндыі Браян Коўэн разам зь сябрам Эўракамісіі Крысам Патэнам абмяркоўвае беларускае пытаньне зь дзейным старшынём камітэту міністраў Рады Эўропы — кіраўніком МЗС Нідэрляндаў Бэрнардам Ботам — і генэральным сакратаром Рады Эўропы Вальтэрам Швімэрам. У панядзелак увечары пачалася іх супольная чатырохбаковая сустрэча ў Брусэлі, на парадку дня якой, паводле прэсавай службы Рады Эўропы, — “пытаньні агульных інтарэсаў, супольных праграмаў ды ініцыятываў, у прыватнасьці, у Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG