Ініцыятыва правядзеньня мітынгу зыходзіла ад берасьцейскіх актывістаў партыі камуністаў Беларусі. Улады дазволілі правесьці акцыю, але з умовай, што яна адбудзецца на ўскрайку гораду – на стадыёне "Будаўнік".
Удзельнікі мітынгу ў сваіх выступах адзначалі, што рост цэнаў і падвышэньне коштаў на камунальныя паслугі суправаджаецца ліквідацыяй бясплатнай мэдыцыны і адукацыі, у выніку чаго значная частка насельніцтва апынулася ў галечы. Выступоўцы абвінавацілі Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі ў падмане жыхароў краіны. У прынятым на мітынгу звароце гаворыцца, што ягоныя ўдзельнікі будуць працягваць барацьбу за свае жыцьцёвыя інтарэсы, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі.
Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі, сябра ПКБ Уладзімер Міхайлаў:
(Міхайлаў: ) "Грамадзяне, даволі цярпець і маўчаць, хопіць стагнаць і прасіць. Цяперашняя ўлада ўжо засьведчыла, што народ ёй патрэбен толькі падчас выбараў. Прыйшоў час народу патрабаваць справаздачы ў тых, хто абяцаў і абяцае. Але зрабіць гэта магчыма толькі аб'яднаўшыся. Толькі разам мы здолеем заклікаць да адказу ўлады і тых, хто мае грошы".
Сярод удзельнікаў сёньняшняга мітынгу былі ня толькі прадстаўнікі ПКБ, але і іншых палітычных партыяў, што ўваходзяць у кааліцыю "Пяцёрка плюс". Дарэчы, у наступную суботу, 27 сакавіка, у Берасьці мусіць адбыцца яшчэ адзін мітынг, арганізатарамі якога ёсьць мясцовыя актывісты кааліцыі. Гэтая акцыя будзе прысьвечаная чарговым угодкам абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі і падрыхтоўкі апазыцыйных сілаў да маючых адбыцца выбараў у палату прадстаўнікоў.