Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ НЕ ДАЕ ДАЗВОЛУ НА ПАКАЗ КІНАФІЛЬМУ ПРА ВАСІЛЯ БЫКАВА


Галіна Абакунчык, Менск

Пра “Доўгую дарогу дадому” аўтары кажуць, што гэта фільм-плач аб страце найвялікшага чалавека сучаснасьці. Цягам 26 хвілінаў ягоныя сябры і паплечнікі — Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Валянцін Тарас, Анатоль Вярцінскі — згадваюць няпросты жыцьцёвы і творчы шлях Васіля Быкава, чытаюць вершы ў ягоную памяць. У фільме — кадры зь ягонай роднай Віцебшчыны, працоўнага кабінэту ў менскай кватэры, засьнежанай магілы з партрэтам і бел-чырвона-белымі стужкамі вянкоў. Чаму Дзяржаўны рэгістар, які абавязаны не дапушчаць на экраны прапаганду гвалту і парнаграфіі, не дае дазволу на паказ кінастужкі пра Васіля Быкава, чыноўнікі аўтарам не тлумачаць. Вось што паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода Ірына Пісьменная:

(Пісьменная: ) “Я сказала, што хацела бы мець пісьмовае рашэньне рэгістру — чаму яны не дазваляюць фільм. Але сакратарка сказала, што яны адправілі ў экспэртую камісію, але што гэта за камісія яна ня ведае, увогуле гэта першы такі выпадак здарыўся за час дзейнасьці рэгістру. Я лічу, што гэта вялікая непавага і да студыі “Тацяна”, але самая галоўная непавага да Быкава, што й пасьля сьмерці, як і пры жыцьці яго забараняюць”.

Цяпер аўтары шукаюць магчымасьці паказаць кінафільм на адным з расейскіх тэлеканалаў, а таксама ў Нямеччыне. Бо вусную адмову на паказ кінафільму спадарыня Пісьменная атрымала гэтаксама і на беларускім тэлебачаньні. Вось як гэтую сытуацыю пракамэнтаваў прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Спадар Лукашэнка ненавідзіць Быкава — вось адсюль усё й ідзе. А ў гэтай дзяржаве ўсё залежыць ад яго. І, натуральна, што не чыноўнікі Міністэрства культуры забаранілі гэты фільм. Гэта загад вышэйшы быў. Але тая ўлада, якая ваюе з Быкавым, яна сябе на вечную ганьбу асуджае. І гэта зразумела, што нават нябожчык Быкаў не дае ёй спакою”.

“Доўгая дарога дадому” заканчваецца фразай “Мы прайгралі. Але праўда застаецца за намі”. Ірына Пісьменная ж дадае, што як бы ні склаўся далейшы лёс кінастужкі “Доўгая дарога дадому”, яна ёсьць толькі ўступам да вялікага кінафільму ў памяць Васіля Быкава. Ягоныя здымкі распачнуцца неўзабаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG