Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПОЛЬНАЯ МІСІЯ ЭЎРАЗЬВЯЗУ І ЗША ЗАКЛІКАЕ ЎЛАДЫ БЕЛАРУСІ ДА ХУТКІХ ПАЛІТЫЧНЫХ ЗЬМЕНАЎ


Юры Сьвірко, Менск

У пятніцу адбылася, як падкрэсьлілі Барбара Джоўнз і Стывэн Пайфэр, “беспрэцэдэнтная супольная місія, што пацьвярджае тую важнасьць, якую Эўрапейскі Зьвяз і ЗША надаюць сваім стасункам зь Беларусьсю, ды іх жаданьне, каб Беларусь скончыла яе цяперашнюю самаізаляцыю ды запатрабавала належнага ёй месца ў свабоднай і дэмакратычнай Эўропе бязь лініяў падзелу”. У супольнай эўрапейска-амэрыканскай заяве са шкадаваньнем канстатуецца, што “Беларусь заўважна ня здолела зрабіць прагрэсу на шляху да выкананьня сваіх забавязаньняў у АБСЭ ды праз гэта да ажыцьцяўленьня паляпшэньня ў сваіх стасунках з Эўрапейскім Зьвязам і Злучанымі Штатамі”.

Сябры дэлегацыі згадалі пра непрымальнае парушэньне свабоды мэдыяў, забарону няўрадавых арганізацыяў, якія былі актыўнымі ў прасоўваньні правоў чалавека, абмежаваньні права на свабоду аб’яднаньняў ці дэманстрацыяў, непрымальны ціск на незалежныя акадэмічныя інстытуты й акадэмічныя свабоды.

Сваю заяву прадстаўнікі Эўразьвязу й Злучаных Штатаў чыталі разам, па чарзе, на прэсавай канфэрэнцыі ў амбасадзе Літвы ў Менску. Да сустрэчы з журналістамі эўрапейска-амэрыканская дэлегацыя мела гадзінную гутарку з міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым — спадарыня Джоўнз назвала гэта дэмаршам. Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў ад сустрэчы ў такім фармаце адмовіўся.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, што стварыла падмурак для такой беспрэцэдэнтнай супольнай місіі Эўразьвязу й ЗША, Барбара Джоўнз — прадстаўніца МЗС Ірляндыі, якая цяпер старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе, сказала, што Эўразьвяз некалькі гадоў пасьлядоўна аналізаваў свае стасункі зь Беларусьсю, але зьявіліся два новыя чыньнікі:

(Джоўнз: ) “Першы чыньнік — гэта тое, што праз 42 дні Эўрапейскі Зьвяз стане саюзам 25 дзяржаваў-сяброў і Беларусь стане наўпроставым суседам Эўрапейскага Зьвязу. Другі чыньнік нэгатыўны. Цягам апошніх некалькіх месяцаў Эўрапейскі Зьвяз зь вялікім шкадаваньнем зазначае пагаршэньне ў прасторы для дэмакратычнай свабоды ў Беларусі. І таму мы адчуваем, што настаў час прадпрыняць гэтую беспрэцэдэнтную ініцыятыву — прыехаць супольна з нашымі амэрыканскімі сябрамі й падзяліцца аднолькавым пасланьнем зь беларускімі ўладамі — пра неабходнасьць хуткіх зьменаў”.

Спадарыня Джоўнз дадала, што тое, як будуць разьвівацца стасункі, знаходзіцца ў руках уладаў Беларусі. “У выбарчы год канкрэтным захадам была бы дэманстрацыя наважанасьці да цалкам вольных і цалкам справядлівых парлямэнцкіх дэбатаў і парлямэнцкіх выбараў”, — падкрэсьліла Барбара Джоўнз, прадстаўніца старшынёўства Эўразьвязу.

Намесьнік памочнік дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы ды Эўразіі Стывэн Пайфэр, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра мажлівасьці рэалізацыі пакрокавага паляпшэньня беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў, якое сам спадар Пайфэр прапанаваў афіцыйнаму Менску два гады таму — у лютым 2002 году, заявіў:

(Пайфэр: ) “Патрабуецца, каб беларускія ўлады былі гатовыя зрабіць пэўныя рэальныя крокі ў сфэры палітычнай лібэралізацыі. Такой была сутнасьць пакрокавага падыходу, які мы прапанавалі два гады таму. Злучаныя Штаты былі б гатовыя адказаць у выглядзе пашырэньня амэрыканска-беларускіх стасункаў. Адбыліся некаторыя абмеркаваньні паміж амэрыканскім і эўрапейскімі амбасадарамі тут ды беларускім урадам. І мэтай гэтай новай супольнай місіі Эўразьвязу й ЗША было прыехаць і ўзмацніць пасланьне, якое палягае ў наступным: калі Беларусь хоча выйсьці са свайго становішча самаізаляцыі, яна можа зрабіць гэта, але мусіць прадпрыняць згаданыя крокі ў выглядзе палітычных зьменаў”.

Адказваючы на пытаньне, ці мажлівыя нейкія санкцыі супраць Беларусі ў выпадку, калі такіх зьменаў не адбудзецца, прадстаўніца старшынёўства Эўразьвязу Барбара Джоўнз заявіла: “Нельга выключаць, што эўрапейскія міністры абмяркуюць такія крокі”. А Стывэн Пайфэр ад імя ЗША дадаў, што мажлівыя санкцыі будуць скіраваныя супраць беларускіх уладаў, а ня супраць народу Беларусі.

На пытаньне, ці будуць ЗША ды Эўразьвяз каардынаваць свае дзеяньні з Расеяй — галоўнай саюзьніцай Беларусі, — Стывэн Пайфэр адказаў паведамленьнем, што ў суботу ён накіруецца зь Менску ў Маскву, і разам зь ім у гэтай паездцы будзе амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG