Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ВЫСТУПАЕ ЗА ЎЗМАЦНЕНЬНЕ РОЛІ ДЗЯРЖАВЫ Ў НАВУЧАЛЬНЫМ ПРАЦЭСЕ


Ганна Соусь, Менск

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў сфэры адукацыі апошняе дзесяцігодзьдзе адбываецца жорсткае супрацьстаяньне, нават барацьба, на якую кінуты асноўныя сілы апазыцыі, як унутранай, так і зьнешняй. “Тут ідзе барацьба за розумы нашых людзей”, — сказаў кіраўнік краіны, і таму ён выступае за ўзмацненьне ўплыву дзяржавы на навучальны працэс.

(Лукашэнка: ) “Беларускія ВНУ ўступаюць у вельмі адказны пэрыяд свайго разьвіцьця, адметная рыса якога — істотныя зьмены ў сыстэме вышэйшай адукацыі, мадэрнізацыя навучальнага і выхаваўчага працэсу. У адукацыі, як і ў мэдыцыне, павінен быць галоўны прынцып — не нашкодзь!” — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

У рэспубліканскай радзе рэктараў ВНУ цяпер старшынюе Ўладзімер Шымаў, рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, былы міністар эканомікі. Яго папярэднікам быў экс-рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандар Казулін, звольнены летась са сваёй пасады. Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў дзейнасьць рады рэктараў у час старшыняваньня Казуліна. Паводле Лукашэнкі, тады ёй даваліся “шырокія, амаль міністэрскія паўнамоцтвы, але яна гэтак і ня стала сапраўдным генэратарам канструктыўых ідэяў і эфэктыўных мерапрыемстваў”.

Гаворачы для Радыё Свабода пра фактычныя паўнамоцтвы рады рэктараў ВНУ, экс-прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў адзначыў, што цяперашнія яе члены ў свой час ня выказалі салідарнасьці й не падтрымалі сваіх калегаў — экс-рэктара БДУ Аляксандра Казуліна і рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатоля Міхайлава.

(Паўлаў: ) “Маглі бы. А калі казаць шчыра, то й павінны былі, паколькі гэта рэктары. І ў тым ліку за свайго старшыню Казуліна. Прэтэнзіі, што яму выстаўлялі, калі здымалі з працы, разьвеяліся ў прах. Але ніводны зь іх ня ўстаў і не сказаў: а што вы робіце? За гэтыя гады склад рэктараў быў моцна адфільтраваны. Многія вэтэраны маглі сказаць і гаварылі ў свой час, такія як Ільін з Тэхнічнага ўнівэрсытэту, акадэмік Капуцкі з БДУ, былы рэктар Эканамічнага ўнівэрсытэту Карсека. Была плеяда значных фігураў рэктараў. А сёньня, прабачце, які гэта рэктар Шымаў?.. І ён адразу становіцца старшынём рады рэктараў. Ён жа мала дачыненьня мае да навучальнага працэсу. І такі рэктар, канечне, ніколі ня выкажацца ў падтрымку Міхайлава. Такая арганізацыя магла бы аказваць сур’ёзны ўплыў у вышэйшай школе, калі б яна існавала ў дэмакратычным грамадзтве, таму што да меркаваньняў рэктараў павінны прыслухоўвацца”.

Паводле экс-прарэктара БДУ Анатоля Паўлава, цяперашняя цікаўнасьць Лукашэнкі да вышэйшай школы зьвязаная з ягоным клопатам пра студэнцтва як пра сваіх патэнцыйных выбарцаў.

Выступаючы на радзе, кіраўнік краіны казаў, што яго непакоіць тэндэнцыя зьніжэньня колькасьці школьнікаў, што паступаюць у ВНУ зь сельскіх школаў. Закраналася таксама і тэма новых падручнікаў для вышэйшай школы. Лукашэнка лічыць недапушчальным, што будучым філёлягам у некаторых ВНУ прапаноўваюць як узор для вывучэньня творы тых літаратараў, якія нібыта супрацоўнічалі з фашыстамі: “І гэта ў Беларусі, якая страціла траціну насельніцтва ў час другой усясьветнай вайны”. Гэтую заяву Аляксандра Лукашэнкі на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваў доктар філялягічных навук выкладчык беларускай літаратуры на філялягічным факультэце БДУ Міхась Тычына:

(Тычына: ) “Заяўка аб тым, што асобныя літаратары супрацоўнічалі з акупантамі... Тут яшчэ трэба многа даказваць і даводзіць у судовым парадку. А загадзя аб’яўляць, што яны супрацоўнічалі ў палітычным пляне... Я думаю, што гэта абсурдная заяўка, і наогул гэта працяг зачысткі духоўнай, культурнай, нацыянальнай тэрыторыі, якая вядзе да катастрафічных вынікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG