Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ БЕЛААЗЁРСКУ НЕ ДАЗВОЛІЛІ ПРАВЕСЬЦІ Ў ПАЛАЦЫ КУЛЬТУРЫ СЭМІНАР


Алег Супрунюк, Белаазёрск

Белаазёрскія дэпутаты, што ўваходзяць у дэмакратычную групу “Ініцыятыва”, створаную ў гарадзкім савеце, больш за месяц рыхтаваліся да сёньняшняга сэмінару. Падчас гэтага мерапрыемства плянавалася абмеркаваць варыянты, пры якіх грамадзкасьць гораду можа паўплываць на эфэктыўнае кіраваньне жылым фондам. Дзеля гэтага на сэмінар былі адмыслова запрошаныя экспэрты Беларускай асацыяцыі працоўных жанчын і прадстаўнікі мясцовых уладаў. Аднак кіраўніцтва Белаазёрскага гарвыканкаму ня толькі адмовілася ад удзелу ў мерапрыемстве, але і забараніла ладзіць яго ў гарадзкім палацы культуры. Гаворыць дэпутатка Белаазёрскага гарсавету Надзея Быкава:

(Быкава: ) “Праблема ў тым, што мясцовыя ўлады не дазваляюць арандаваць памяшканьня, каб мы маглі сустрэцца з выбарцамі. А выбарцы зьвяртаюцца да нас з пытаньнямі — чаму дахі цякуць, хто павінен прыбіраць у пад’ездах, куды ідуць грошы, якія зьбіраюць на капітальны рамонт жытла? Мы самі не адмыслоўцы ў гэтай справе, таму запрасілі людзей, якія ведаюць, як вырашаюцца гэтыя праблемы. Тым больш, што існуе дзяржаўная праграма рэфармаваньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Атрымліваецца так, што нашыя мясцовыя чыноўнікі альбо ня чулі пра гэтую праграму, альбо яшчэ зь якой прычыны нам шостку падкідаюць”.

Спадарыня Быкава і ейныя калегі зь Белаазёрскага гарсавету кажуць, што вэртыкаль перашкаджае ладзіць сэмінар менавіта таму, што ініцыятыва ягонага правядзеньня належыць дэпутатам, якія прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў. Нягледзячы на тое, што мясцовая апазыцыя пасьля паўторных выбараў у лістападзе мінулага году страціла большасьць у Белаазёрскім гарсавеце, улады па-ранейшаму занепакоеныя ўплывам гэтых дэпутатаў на грамадзкасьць гораду.

У выніку сёньняшні сэмінар у Белаазёрску адбыўся на прыватнай кватэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG