Першым, гэтае пытаньне я задаў афіцэрам беларускіх узброеных сілаў. І вось якія атрымаў адказы:
(Падпалкоўнік: ) “Відаць, забясьпечанасьць. Забясьпечанасьць становішчам, грашыма. Дабрабыт у сям’і, права на працу”.
(Лейтэнант: ) “Ды ўласна ўсе правы, якія гарантаваныя Канстытуцыяй, для мяне важныя. Гэта правы, якія гарантуюць мне нармальны лад жыцьця”.
(Палкоўнік: ) “Я лічу сябе свабодным ва ўсім. І ў выбары, і ў працы, і ў адпачынку, і ва ўсіх правах, якія нам даюцца”.
(Падпалкоўнік: ) “Я думаю, што галоўным для мяне ёсьць закон аб вайскоўцах. Там прапісаныя нашыя правы, абавязкі. У прынцыпе, ён нас абараняе”.
(Маёр: ) “Відаць, права вайсковага абавязку. З гэтым зьвязанае маё жыцьцё, служба і, думаю, усёй маёй сям’і. Я ўжо афіцэр у пятым пакаленьні”.
(Падпалкоўнік: ) “Усе правы важныя”.
(Палкоўнік: ) “Ведаеце, мне здаецца, што нейкага такога асаблівага права няма. Права на жыцьцё, на бясьпеку, на адукацыю. Я не выдзяляю нейкага асаблівага права”.
А вось афіцэры беларускай міліцыі і курсанты Акадэміі міліцыі Міністэрства ўнутраных справаў найчасьцей называлі найважнейшым кантытуцыйным правам права на свабоду асобы:
(Курсант: ) “Найбольш дарагое гарантаванае Канстытуцыяй — відаць, права чалавека на асабістую свабоду. Бо гэта права чалавека ад нараджэньня. Гэта натуральнае права чалавека, таму яно і ёсьць асноўным”.
(Старшы лейтэнант Дзяржаўтаінспэкцыі: ) “Усе правы, замацаваныя Канстытуцыяй, важныя. Бо Канстытуцыя грунтуецца на міжнародных дамовах, на Ўсясьветнай дэклярацыі правоў чалавека. Таму, нельга ня маючы аднаго права, карыстацца іншым. Яны павінны ўсе быць у сукупнасьці. Права на свабоду, на жытло і на яго недатыкальнасьць, яны самыя галоўныя”.
(Курсант: ) “Відаць, права свабоды. Кожны чалавек павінен быць свабодным, і гэта, відаць, самае галоўнае права ўсіх людзей. У Канстытуцыі замацавана шмат правоў, але права свабоды, я лічу, самае галоўнае”.
(Курсантка: ) “Права свабоды самае галоўнае. Права на вучобу, каб кожны мог атрымаць вышэйшую адукацыю. Ну і ўвогуле, каб больш было правоў у моладзі”.
(Прапаршчык: ) “Напэўна, найперш гэта права свабоды слова”.
(Карэспандэнт: ) “А вы як лічыце?”
(Малодшы лейтэнант унутраных войскаў: ) “Ды ніяк я не лічу. Права на працу, можа быць. Трэба пачытаць Канстытуцыю і паглядзець”.
(Курсант: ) “Менавіта тыя, якія стаяць на першым месцы ня толькі ў Канстытуцыі, але таксама і ў міжнародных актах. Гэта права на жыцьцё, на свабоду слова, права на веравызнаньне”.
(Курсантка: ) “Свабода чалавека. Гэта натуральнае права чалавека ад нараджэньня, і яно самае важнае. Я так лічу”.
(Курсант: ) “На маю думку, адным з найважнейшых правоў, гарантаваных Канстытуцыяй, ёсьць права на адукацыю, на вольнае выказваньне сваёй думкі, поглядаў. Таксама шмат сацыяльных правоў, якія гарантуюцца Канстытуцыяй. На мой погляд, яны ўсе важныя, вельмі цяжка вылучыць нейкае асобнае”.