Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІК ДЗЯРЖДЭПУ ЗША АБМЯРКУЕ Ў МЕНСКУ ПЭРСПЭКТЫВЫ БЕЛАРУСКА-АМЭРЫКАНСКІХ ДАЧЫНЕНЬНЯЎ


Юры Сьвірко, Менск

Спадар Пайфэр і дырэктар у справах Усходняй Эўропы, Рады Эўропы ды АБСЭ ірляндзкага МЗС Барбара Джоўнз з аэрапорту адразу накіраваліся на Ўсходнія могілкі Менску, дзе паклалі кветкі на магілу Васіля Быкава. Як у аэрапорце, гэтак і на могілках яны адмовіліся адказваць на пытаньні журналістаў пра мэту візыту, абяцаючы паведаміць пра гэта заўтра. На пятніцу заплянаваная іх супольная прэсавая канфэрэнцыя ў літоўскай амбасадзе ў Менску. Ад намеру правесьці сустрэчу з журналістамі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры Беларусі заходнія дыпляматы былі вымушаныя адмовіцца.

Паводле інфармацыі амэрыканскай амбасады ў Беларусі, намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Стывэн Пайфэр апрача кансультацыяў зь беларускім ўладамі зьбіраецца правесьці сустрэчы зь сябрамі няўрадавых арганізацыяў Беларусі.

Афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС Андрэй Шупляк на брыфінгу назваў візыт Стывэна Пайфэра рабочым і паведаміў:

(Шупляк: ) “Падчас візыту будзе праведзены шэраг двухбаковых сустрэчаў, у тым ліку і на афіцыйным узроўні, у тым ліку і ў Міністэрстве замежных справаў. Цягам сустрэчаў плянуецца абмеркаваць цяперашні стан двухбаковага ўзаемадзеяньня і пэрспэктывы разьвіцьця супрацоўніцтва”.

Спадар Пайфэр месяц таму сустракаўся ў Вашынгтоне зь лідэрамі Народнай кааліцыі “5+”. Раней ён двойчы — у жніўні 2002 году і летась у красавіку — ладзіў тэлеканфэрэнцыі зь менскімі журналістамі. Тады ён адзначаў, што цяперашнія дачыненьні Беларусі й ЗША складаныя, а Злучаныя Штаты па-ранейшаму незадаволеныя такім становішчам. Два гады таму, у лютым 2002 году ЗША прапанавалі Менску пакрокавую стратэгію для паляпшэньня двухбаковых стасункаў, але так і ня ўбачылі з боку ўраду Аляксандра Лукашэнкі нейкай гатовасьці адказаць на прапанову. “Мы мяркуем, што ў Беларусі адбываецца пагаршэньне дэмакратыі, пагаршэньне становішча зь вяршэнствам закону”, — заявіў пазьней Стывэн Пайфэр.

Адрозна ад мінулага візыту Стывэна Пайфэра ў Менск, які адбыўся ў лютым 2002 году, цяпер адначасова зь ім у Беларусь прыехала дэлегацыя старшынёўства Эўрапейскага Зьвязу, у якую ўваходзяць дырэктар у справах Усходняй Эўропы, Рады Эўропы ды АБСЭ ірляндзкага МЗС Барбара Джоўнз і яе намесьнік Пітэр Макайвар, генэральны дырэктар у пытаньнях замежнай палітыкі Эўрапейскае камісіі Гэрхард Логан, а таксама дарадца ў пытаньнях замежнай палітыкі сакратарыяту Рады Эўропы Карл Гарцэл.

Падчас мінулага знаходжаньня ў Менску спадар Пайфэр выказаў заклапочанасьць тым, што ў Беларусі маглі навучаць ірацкіх вайскоўцаў карыстаньню супрацьракетнымі комплексамі С-300.

Намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Стывэн Пайфэр заклікаў беларускае кіраўніцтва зьвярнуць увагу на “шматлікія паведамленьні з розных надзейных крыніцаў пра тое, што Беларусь мае дачыненьне да экспарту зброі ў краіны або групы краінаў, якія падтрымліваюць тэрарызм, і да ваеннай падрыхтоўкі” афіцэраў з гэтак званых дзяржаваў-ізгояў. Паводле адной са справаздачаў, Беларусь навучала ірацкіх афіцэраў карыстацца сыстэмай супрацьпаветранай абароны S-300.

Пайфэр адмовіўся падаць іншыя прыклады або канкрэтныя дэталі ў інтарэсах бясьпекі крыніцаў інфармацыі. Амэрыканскі дыплямат сказаў, што ён узьнімаў гэтае пытаньне падчас сваёй сустрэчы зь беларускім міністрам абароны Леанідам Мальцавым і запрапанаваў амэрыканскую дапамогу ва ўкараненьні сыстэмы, якая б дазволіла усталяваць дакладны кантроль над экспартам узбраеньня. Менск абвергнуў паведамленьні заходніх сродкаў масавай інфармацыі пра пастачаньне ўзбраеньня экстрэмісцкім групоўкам на Блізкім Усходзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG