Артыкул, прысьвечаны NRM, я б назваў даволі прыватным, бо ён не ўтрымлівае нейкай біяграфічнай інфармацыі ці лічбаў – скажам, колькасьці альбомаў, тыдняў у гіт-парадах і гэтак далей. Аўтар матэрыялу, вядомы польскі журналіст і кіраўнік аднаго з аддзелаў у часопісе “Newsweek Polska” Войтэк Мазярскі, прыкладам, піша:
“Я люблю NRM не за тое, што гэта у пэўнай ступені “экзатычны” гурт – зь Беларусі. І не таму, што яны маюць не абы-якія тэксты, але таму, што гэты гурт грае добры рок. Мы зь Лявонам Вольскім і ягонымі калегамі сядзім у кавярні ў старым горадзе ў Варшаве. Каля нас праходзіць натоўп мінакоў, як раптам чуваць чыйсьці вокліч па-польску “Вітаем зорак беларускага року!” Гэта фэномэн: музыкаў NRM пазнаюць на варшаўскай вуліцы у той час, як беларускія мэдыі ігнаруюць творчасьць гэтага гурту, бо ад 1994 году, калі адзінаўладзтва ў Беларусі атрымаў савецкі зомбі Аляксандар Лукашэнка, такія творцы выкінутыя з грамадзкага жыцьця”.
Далей Войтэк Мазярскі піша пра, што нягледзячы на гэта, гурт NRM мог утрымаць кантакт са слухачом – галоўным чынам студэнтамі і інтэлігенцыяй – дзякуючы напаўпадпольным кампактам і канцэртам:
“Афіцыйнай забароны здаваць гурту ў арэнду канцэртныя залі няма. Калі дырэктар дому культуры дазволіць – канцэрт адбудзецца, хіба што каля будынку, дзе выступіць NRM будзе поўна міліцыянтаў. Палякі, якія памятаюць ваенны стан у нашай краіне, лёгка пазнаюць рэчаіснасьць, пра якую сьпявае Вольскі хаця б у песьні “Маё пакаленьне”, з апошняга альбому “Дом культуры”, – напісаў у апошнім нумары польскага выданьня часопіса “Newsweek” вядомы журналіст Войтэк Мазярскі.