Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

18 сакавіка 1595 году Наваградак атрымаў свой гарадзкі герб: у чырвоным полі постаць архангела Міхаіла ў чорным убраньні з крыламі за сьпінай, у правай руцэ меч, у левай – шалі.

18 сакавіка 1812 году менскі біскуп Якуб Дэдэрка з амбону гарадзкой катэдры абвяшчае пра стварэньне «Менскай канфэдэрацыі», якая мусіць згуртаваць гараджан на падтрымку францускага імпэратара Напалеона. У гэты самы дзень Дэдэрка арганізуе выезд менчукоў у Глыбокае, дзе яны ўрачыста вітаюць Напалеона. Пасьля гэтага біскуп Дэдэрка будзе езьдзіць па Беларусі і агітаваць людзей далучацца да францускага войска, якое ідзе на Расею.

18 сакавіка 1921 году ў Рызе падпісаная мірная дамова паміж РСФСР і Польшчай. Паводле дамовы частка Беларусі адыходзіла пад польскую акупацыю. Заходняя Беларусь пасьля гэтага праіснуе пад Польшчай каля дваццаці гадоў. Прадстаўнікоў самой Беларусі на Рыскія перамовы не дапусьцілі.

18 сакавіка 1944 году былі вызваленыя вязьні Азарыцкага лягеру сьмерці, аднаго з самых страшных нямецкіх канцлягераў у Беларусі.

Біяграфічныя даты.

18 сакавіка 1758 году памёр Тамаш Жаброўскі, беларускі архітэктар, які будаваў касьцёлы і езуіцкія кляштары па ўсёй тэрыторыі тагачаснай Беларусі.

16 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет археоляг Эдуард Вольтэр, які прысьвяціў жыцьцё вывучэньню старажытнае Беларусі; ягоны калега Канстанцін Палікарповіч, родам з Магілёўшчыны, які паміж іншым вывучаў касьцярэзнае мастацтва нашых далёкіх продкаў; беларускі мовазнаўца Аляксандар Булыка, які дасьледуе гісторыю мовы і яе запазычаньняў.

18 сакавіка 1584 году памёр маскоўскі цар Іван Грозны, якога па ўсім сьвеце называюць Іванам Жахлівым, а ў старажытных беларускіх дакумэнтах ён фігуруе як “цар-сабака”.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 18 сакавіка ў розныя гады, успомнім сёньня францускага паэта Стэфана Малярмэ, расейскага кампазытара Мікалая Рымскага-Корсакава і нямецкага вынаходніка Рудольфа Дызэля, які прыдумаў дызэльны рухавік. Адбылося гэта напрыканцы 19-га стагодзьдзя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG