Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТОЎСКІЯ МЫТНІКІ ЗАТРЫМАЛІ ДВУХ НАРКАКУР’ЕРАЎ ЗЬ БЕЛАРУСІ


Тацяна Поклад, Вільня

Беларусы, якія ехалі на аўтамабілі Volkswagen Passat, заявілі мытнікам, што не вязуць ніякіх тавараў. Аднак у праверцы браў удзел і кіноляг – ягоны сабака Лорас і выявіў наркотыкі. Адзін з затрыманых меў у кішэні курткі у паліэтэленавым пакеце загорнуты у паперу парашок амфэтаміну – 200 грамаў. Яшчэ 1 грам наркотыку знайшлі у кіроўцы.

Паводле дадзеных літоўскай паліцыі, кошт знойдзенай колькасьці амфэтаміну складае болей за 7 тысяч даляраў (20 тысяч літаў ), – са 100 грамаў парашку робяць 1000 дозаў, кошт адной дозы на вуліцы у Літве – крыху болей за 3 даляры (10 літаў).

Сабака, які знайшоў наркотык, – лабрадорскі рэтрывэр Лорас – працуе шосты год і у Літве ўжо даволі знакаміты тым, што выявіў найбольшую колькасьць наркатычных рэчываў. Адна зь ягоных “знаходак” – 300-тысячны пакунак рахіпнола – на чорным рынку каштуе 4 мільёны эўра.

Затрыманыя беларускія грамадзяне цьвердзяць, што ня ведалі пра наркотыкі – яны меркавалі, што вязуць стымулятар дзеля ўзмацненьня росту мышцаў. Яны патлумачылі, што прывезьлі яго у Літву зь Беларусі, спадзеючыся прадаць, але не знайшлі у Літве пакупніка і вязуць парашок назад, у Беларусь.

Мытная крымінальная служба паведаміла толькі ініцыялы затрыманых беларускіх грамадзянаў (А.М і А.С.), якіх затрымалі у Літве пакуль на два дні.

Прэсавы прадстаўнік амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве, Сяргей Балашчанка, распавёў, што амбасада ня мае пакуль ніякіх дадзеных адносна затрыманых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG