Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ВІЦЕБШЧЫНЕ ЗЬЯВІЛАСЯ ПЕРШАЯ БІБЛІЯТЭКА ІМЯ ВАСІЛЯ БЫКАВА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Насельніцтва вёскі Кублічы складае усяго некалькі соцень чалавек, і тамтэйшая бібліятэка месьціцца ў будынку сельсавету. Тэлефона ў кубліцкай бібліятэцы няма, таму па камэнтар да гэтае падзеі – зьяўленьня на Віцебшчыне першай бібліятэкі імя Васіля Быкава – давялося зьвярнуцца да дырэктаркі Вушацкай раённай бібліятэчнай сыстэмы Ірыны Ўрбан. Аднак спадарыня Ірына пра тое нават ня ведала.

(Урбан: ) “Ня ведаю! Было ў нас рашэньне райвыканкаму, пасьля дасылалі яго ў Віцебск і ў Міністэрства культуры, а як там далей – ня ведаю. Нічога сказаць не магу!”

(Карэспандэнтка: ) “А тут, у Вушачах, назваць бібліятэку імем Васіля Быкава ці не было прапановы?”

(Урбан: ) “Наша бібліятэка ўжо мае імя – Еўдакіі Лось. А Бычкі, вёска тая, дзе нарадзіўся Васіль Уладзімеравіч, месьціцца за 5 кілямэтраў ад Кублічаў, і таму вырашылі даць той бібліятэцы ягонае імя. Там 8 тысяч кніг у фондах. Ёсьць у раёне бібліятэкі, дзе усяго па дзьвесьце чытачоў, а там – каля чатырохсот. Усё ў нас наладжваецца да 80-годзьдзя Васіля Быкава.”

Паводле спадарыні Ўрбан, землякі пісьменьніка гавораць, што яшчэ няблага было б стварыць музэй у Кубліцкай сярэдняй школе, дзе вучыўся Васіль Быкаў, ды таксама даць гэтай школе ягонае імя.

З такімі ж прапановамі зьвярталіся да абласных уладаў і сябры віцебскай абласной Рады ТБМ. Гаворыць старшыня рады Іосіф Навумчык.

(Навумчык: ) “Мы прапаноўвалі і школу ў Кублічах назваць імем Быкава, і бібліятэку, толькі іншую… Але што ж зробіш! Прапаноўвалі і музэй – ня толькі ў Бычках, але і ў Віцебску, і вуліцу ў Віцебску прапаноўвалі назваць ягоным імем… Але ж нічога гэтага не зацьвердзілі!”

Усяго віцебскія сябры ТБМ выказалі каля двух дзясяткаў прапановаў па ўшанаваньні памяці Васіля Быкава ды падрыхтоўцы сьвяткаваньня ягоных 80-х угодкаў. Аднак, на думку спадара Навумчыка, улады падтрымалі хіба толькі чвэртую частку гэтых прапановаў: паабяцалі выдаткаваць грошы на стварэньне музэя ў вёсцы Бычкі, на дзьве мэмарыяльныя дошкі, а таксама пагадзіліся правесьці літаратурнае сьвята ў Вушачах ды навуковую канфэрэнцыю у Віцебску.

Каб не падпадаць пад залежнасьць ад дзяржаўнага фінансаваньня, віцебская рада ТБМ мяркуе сабраць сродкі на правядзеньне мастацкага пленэру на Вушаччыне ды правесьці яшчэ колькі імпрэзаў уласнымі сіламі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG