“Беларускі штогоднік 2003” — першая ў Беларусі такога кшталту кніга, у якой аналізуюцца важныя падзеі году ў розных галінах палітычнага, эканамічнага й грамадзкага жыцьця. Гэта супольны праект шэрагу беларускіх аналітычных цэнтраў і грамадзкіх арганізацыяў — “Сацыяльных тэхналёгіяў”, сацыялягічнай лябараторыі “Новак”, Беларускай асацыяцыі журналістаў ды іншых. Гаворыць каардынатар праекту і складальнік штогодніка Аляксандар Фядута:
(Фядута: ) “Мы паспрабавалі зрабіць кнігу, якая была бы адлюстраваньнем нашага агульнага, незалежнага ад палітычных партыяў, ад дзяржавы погляду на тое, што адбываецца і ў дзяржаве, і ў беларускай супольнасьці. Асноўныя тэндэнцыі, якія на наш погляд ёсьць у Беларусі 2003 году, гэта расколатасьць нашага грамадзтва. Грамадзтва і дзяржава існуюць як бы ў стане канфрантацыі. Гэта асноўная тэндэнцыя, і ўсё, што адбывалася ў мінулым годзе, яно ня толькі не мікшавала, але пашырала вось гэты раскол”.
Аўтары зборніку толькі адзначылі найбольш важныя факты ў грамадзкім і палітычным жыцьці Беларусі, але не давалі сваіх парадаў выхаду з крызысу. Аляксандар Фядута не выключае, што ў наступных зборніках будзе зьмешчаны ня толькі аналіз, але й канкрэтныя парады аналітыкаў.
У штогоднік не ўвайшлі матэрыялы на тэму беларускай адукацыі, навукі й культуры, бо, як гавораць укладальнікі, шэраг аўтараў, якія працуюць у дзяржаўных установах, адмовіліся ад супрацоўніцтва.
Адзін зь сяброў рэдкалегіі зборніка, кіраўнік лябараторыі “Новак” Андрэй Вардамацкі распавёў пра вынік дасьледаваньняў аўтараў штогодніка:
(Вардамацкі: ) “Наконт рэйтынгавай сытуацыі, я магу сказаць, што ў нас самая вялікая колькасьць насельніцтва, якая ня мае ніякай ідэнтыфікацыі ні з партыямі, ні зь якой уплывовай палітычнай фігурай. У мэдыйнай сфэры мы бачым узмацненьне беларускай часткі ў інфармацыйнай прасторы ў параўнаньні з расейскай. Таксама можна казаць, што цяпер ідзе інтэнсіўны рост мясцовых СМІ. Гэта такое кароткае адлюстраваньне тых зьвестак, якія ёсьць у гэтай кнізе”.
Некаторыя палітыкі й грамадзкія дзеячы, што прысутнічалі на прэзэнтацыі кнігі, выказвалі незадаволенасьць тым, што аўтары часам дапускалі факталягічныя памылкі ці не зусім карэктна ацэньвалі дзейнасьць партыяў і арганізацыяў, але ў цэлым пагадзіліся, што кніга патрэбная.
Кнгіа выйшла пры дапамозе літоўскага Інстытуту Беларусі, а таксама ўкраінскага фонду “Відродження”.