Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ ПРАБЛЕМЫ ЧАКАЮЦЬ НОВАГА БЕЛАРУСКАГА ЭМІГРАНТА Ў ФРАНЦЫІ?


Ганна Сурмач, Прага

УДЗЕЛЬНІКІ: Аляксандр Голуб, Сяргей Пезкін (Францыя)

Францыя належыць да шэрагу эўрапейскіх краінаў, якія традыцыйна прымалі эмігрантаў з розных рэгіёнаў сьвету. Сёньня 8% яе насельніцтва складаюць імігранты.

Як і паўсюдна ў Эўропе пераважную частку іншаземцаў, якія атрымліваюць права на жыхарства ў Францыі, складаюць імігранты-ўцекачы. Аднак апошнім часам з-за вялікага наплыву прыежджых, умовы іхнага побыту і разгляду справаў становяцца ўсё менш спрыяльнымі. Якія праблемы чакаюць ў Францыі новага эмігранта зь Беларусі?

Нашыя госьці – палітычныя ўцекачы зь Беларусі – Сяргей Пезкін і Алесь Голуб. Абодва яны з Барысава, прымалі ўдзел у беларускім дэмакратычным руху і вымушаныя былі эміграваць.

Сяргей Пезкін са сваім 15-гадовым сынам прыехаў у Парыж 19 сьнежня 2002 году.

(Пезкін: ) “Калі мы прыехалі, я ня ведаю чаму, але цэнтры, якія прымаюць уцекачоў былі зачыненыя. Мы прыехалі ў Парыж таму, што мы ня ведалі, ў якіх яшчэ іншых гарадох ёсьць гэтыя цэнтры, ня ведалі нічога.

Было ўсё зачынена, і мы вырашылі ехаць у Брусэль. Прыехалі ў Брусэль, зайшлі ў камісарыят. Нам далі мейсца жыхарства недалёка ад Брусэлю. Там мы жылі цягам трох месяцаў, а потым ў адпаведнасьці з Дублінскім пагадненьнем нас адправілі ў Францыю. Нам выдалі дакумэнт, што мы павінны цягам пяці дзён пакінуць Бэльгію і зарэгістравацца ў прэфэктуры францускага гораду Ліён”.

Нагадаем нашым слухачам, што Дублінская канвэнцыя – гэта пагадненьне, якое ад 1990 году падпісалі краіны Эўразьвязу. У адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам уцякач павінен прасіць прытулак у першай “бясьпечнай краіне”, куды ён трапіў. Да “бясьпечных краінаў” належаць усе краіны Эўразьвязу і іншыя краіны Ўсходняй Эўропы. Калі ўцякач, напрыклад, прыехаў у Нямеччыну з Францыі, то ён будзе адпраўлены для разгляду ягонай заявы на прытулак, менавіта, у Францыю.

(Сурмач: ) “Вернемся да размовы зь Сяргеем Пезкіным. Вас накіравалі ізноў ў Францыю, як там да вас паставіліся?

(Пезкін: ) “Узялі нашыя заявы, але сказалі, што для нас няма мейсца ў гэтым горадзе. Мы цягам 8 дзён жылі ў звычайнай начлежцы, уначы там можна знаходзіцца, а потым увесь дзень трэба бадзяцца па вуліцах”.

(Сурмач: ) “Ці вам не запрапанавалі ў іншы горад паехаць, дзе ёсьць мейсца?”

(Пезкін: ) “Не прапанавалі таму, што ў Францыі нідзе няма мейсца ўжо”.

(Сурмач: ) “Жытло ўвогуле нікому з уцекачоў не даюць?”

(Пезкін: ) “Калі гэта сям'я з малымі дзецьмі, то ім даюць, але не ва ўсіх рэгіёнах”.

Жыльлё – гэта галоўная і найцяжэйшая праблема ўцекачоў у Францыі. Па ўсёй краіне існуюць прыкладна 60 прыёмных цэнтраў для ўцекачоў агульнай колькасьцю недзе на 4 тысячы месцаў. Гэтага не хапае для ўсіх жадаючых, і таму пражываньне ў цэнтрах не зьяўляецца абавязковым і не даецца аўтаматычна. Пытаньне вырашаецца ў кожным канкрэтным выпадку, і большасьць уцекачоў, асабліва адзінокіх ці сямейныя безь дзяцей, не атрымліваюць магчымасьці жыць у гэтых цэнтрах.

(Сурмач: ) “Як у такім разе ўцекачы вырашаюць свае жыльлёвыя праблемы, ці дапамагаюць у гэтым прадстаўнікі адпаведных дзяржаўных структураў, калі вы просіце дапамогі?”

(Пезкін: ) “Рабіце, што хочаце, гэта ня нашая справа, нашая справа – выдаць вам дакумэнт, што вы знаходзіцеся ў Францыі легальна, а жывеце ўжо, дзе хочаце”.

(Сурмач: ) “Як усё ж вырашылася вашая ўласная праблема з жытлом?”

(Пезкін: ) “З абласнога гораду прыехала сацыяльная агентка, якая займаецца справамі ўцекачоў. Калі яна даведалася, што майму сыну толькі 15 гадоў, ён яшчэ няпоўнагадовы, тады яна пачала званіць у розныя арганізацыі, каб знайсьці для нас жыльлё. Дзякуючы ёй, мы трапілі ў горад, дзе цяпер і жывём – Сант-Квентын, у гатэль”.

(Сурмач: ) “А за гатэль хто плаціць?”

(Пезкін: ) “Існуе спэцыяльная арганізацыя, якая аплачвае гатэлі для ўцекачоў, мы ня мусім плаціць”.

(Сурмач: ) “А на харчаваньне даюць нейкія грошы?”

(Пезкін: ) “Мы зарэгістраваліся ў арганізацыі, якая займаецца беспрацоўнымі ў Францыі. Ад яе атрымліваем каля 300 эўра на дарослага. Гэта атрымліваем ад дзяржавы, але толькі цягам аднаго году. Калі за адзін год мы не атрымаем станоўчага адказу, мы будзем вымушаныя жыць толькі на харчовую дапамогу ад дабрачынных арганізацыяў – Чырвоны Крыж, Каталіцкая дапамога –Харытас”.

(Сурмач: ) “Гэтую сацыяльную дапамогу ўцякач можа атрымаць адразу, калі падасьць заяву на палітычны прытулак, ці трэба чакаць? Які існуе парадак атрыманьня?”

(Пезкін: ) “Тут такая працэдура. Спачатку складаюць дасье, ёсьць шмат пытаньняў, на якія трэба адказаць, апісаць сваю гісторыю, адправіць яе ў Парыж у францускі офіс па абароне ўцекачоў і асобаў без грамадзянства. Потым, калі адтуль атрымаеш адказ, што яны атрымалі твае дакумэнты, трэба ехаць ізноў у прэфэктуру, браць яшчэ адзін дакумэнт і потым ехаць у арганізацыю, якая выплачвае грашовую дапамогу. Гэта ўсё цягнецца два-тры месяцы, у нас ёсьць сем'і, якія ўвогуле не атрымліваюць гэтыя грошы, бо іх дакумэнты, магчыма, недзе згубіліся”.

(Сурмач: ) “Такім чынам, два-тры месяцы трэба жыць за свой кошт?”

(Пезкін: ) “Трэба жыць, але з голаду тут не памрэш, бо тут ёсьць шмат дабрачынных арганізацыяў, якія дапамагаюць, даюць харчы, адзеньне, але, жытло – не”.

Цяпер сям’я Сяргея Пезкіна складаецца ўжо з чатырох чалавек, бо да яго з сынам далучыліся яшчэ жонка з малодшай дачкой. Ім пашанцавала, бо яны маюць непаўналетніх дзяцей і ў іхным горадзе для іх знайшлося жыльлё.

(Сурмач: ) “Спадар Сяргей, а як забясьпечаныя дзеці, і ці могуць яны вучыцца?”

(Пезкін: ) “Ходзяць у школу францускую, яны харчуюцца ў школьнай сталоўцы амаль што бясплатна. Выдаюць ім дапамогу на пачатку навучальнага году, падручнікі і грошы даюць. А ўлетку яны хадзілі ў лягер адпачынку, бясплатна”.

Значна цяжэй даводзіцца адзіночкам, якім звычайна жыльлё не прадстаўляецца. З гэтай праблемаю сутыкнуўся малады ўцякач зь Беларусі Алесь Голуб, яму 23 гады. Ён пакінуў Радзіму восеньню 2002 году.

(Голуб: ) “Я прыехаў адразу зь Беларусі ў Бэльгію, але калі я паказаў свой пашпарт, дзе была француская віза, паводле Дублінскай канвэнцыі мяне адправілі ў Францыю. Мне купілі квіток і дапамаглі дабрацца да гораду ў Францыі, куды я павінен быў прыехаць. Я прыехаў сюды, гэта рэгіён Пікардзі на Поўначы Францыі.

Беларускія ўцекачы больш бягуць у Бэльгію, ў Францыі я тут ня ведаю шмат палітычных уцекачоў. Тут вельмі шмат афрыканцаў, арабаў, а беларусаў я тут не сустракаў, на жаль.

Тут, у Францыі, сыстэма працы з эмігрантамі вельмі складаная, скажам так. У Бэльгіі ўсё гэта робіцца больш арганізавана. А яшчэ законы зьмяніліся, да ўлады прыйшлі людзі правых поглядаў. Ва ўсёй Эўропе зьмяніліся законы на больш жорсткія”.

(Сурмач: ) “Якое стаўленьне, менавіта, да беларусаў? Ці дастаткова ведаюць там пра сытуацыю у Беларусі?”

(Голуб: ) “Для французаў мы, як новая нацыя. Калі ты прыехаў з былога СССР, то для эўрапейцаў ты – расеец. Калі ты пачынаеш ім распавядаць пра сваю краіну, пра свае праблемы, яны прыслухоўваюцца і сапраўды ўжо глядзяць на цябе, як на прадстаўніка цалкам іншай нацыі”.

(Сурмач: ) “Ці ведаеце вы пра такія выпадкі, што людзі выдаюць сябе за беларусаў, нейкія ўцекачы з іншых краінаў, як гэта, напрыклад, сустракаецца ў Нямеччыне часам?”

(Голуб: ) “Ёсьць такія выпадкі і многа. За беларусаў могуць сябе выдаваць расейцы ці ўкраінцы”.

(Сурмач: ) “Сяргей, вы не мелі надзеі атрымаць жыльлё. Што вы зрабілі ў такой сытуацыі?”

(Голуб: ) “Калі вы адзін, то мусіце жыць на вуліцы. Ноч начуеце ў прыёмніку для п’яніцаў і наркаманаў, а пасьля ў восем гадзін раніцы мусіце ісьці на вуліцу і чакаць вечара”.

(Сурмач: ) “Вам выдаюць сацыяльную дапамогу, ці не можаце Вы за гэтыя грошы наняць сабе нейкае жытло?”

(Голуб: ) “Грошы нам выдаюць толькі адзін год, у месяц недзе 290 эўра. Кватэра тут каштуе мінімальна 250 эўра”.

(Сурмач: ) “Ці магчыма самому зарабляць на жыцьцё, ці маюць уцекачы права на працу?”

(Голуб: ) “Калі вашая справа ўсё яшчэ разглядаецца, то вы не маеце права на працу, можаце жыць толькі на сацыяльную дапамогу, у гэтым сэнсе вельмі цяжка па першым часе. Я быў ў Бэльгіі, там нашмат лягчэй, там была сацыяльная праца”.

(Сурмач: ) “Як Вам далей удалося вырашыць праблему з жытлом?”

(Голуб: ) “Тут ёсьць такія людзі, такая арганізацыя ёсьць дабрачынныя, і яны дапамаглі мне знайсьці жытло, не дзяржаўныя органы мне дапамаглі, а грамадзяне”.

Алесю Голубу дапамаглі тыя людзі, хто неабыякава паставіўся да ягонай незайздроснай сытуацыі.

А які досьвед кантактаў з францускім грамадзтвам мае сям’я Сяргея Пезкіна, як да іх ставяцца людзі, сярод якіх яны жывуць?

(Пезкін: ) “Вельмі добразычліва, Людзей, якія б да нас нядобра ставіліся, мы пакуль што не сустракалі.

У Францыі мы ўжо маем шмат знаёмых, дзяцей нашых у госьці запрашаюць і нас таксама. Добра ставяцца, людзі адкрытыя. Толькі вось, амаль ніхто не ведае, дзе знаходзіцца Беларусь, што у нас ёсьць праблемы, хто такі Лукашэнка, што гэта за дыктатура ў Беларусі, ніхто пра гэта не ведае, вельмі зьдзіўляюцца. І не цікавяцца. У іх ёсьць свае праблемы, і яны жывуць гэтымі праблемамі”.

(Сурмач: ) “Дарэчы, як успрымаюць французы блізкае далучэньне да Эўразьвязу шэрагу новых краінаў?”

(Пезкін: ) “Мяркуюць, што для іх гэта будзе ня вельмі добра, бо ў Эўразьвяз уваходзяць краіны зь ніжэйшым узроўнем жыцьця, і гэта дрэнна адаб’ецца на ўзроўні жыцьця французаў. Вось гэта яны абмяркоўваюць вельмі часта”.

(Сурмач: ) “Сяргей, вы чакаеце вынікаў разгляду вашай заявы на палітычны азыль. Звычайна як доўга вырашаюцца гэтыя пытаньні ў Францыі, ад чаго залежыць гэты працэс разгляду?”

(Пезкін: ) “Ніякай сыстэмы, ніякай лёгікі няма, але ў апошні час пачалося ўсё рабіцца вельмі хутка. Новы міністар унутраных справаў Саркозі даў загад, каб усе справы разглядаліся цягам году.

Таксама паліцыя тут пачала больш жорстка ставіцца да нелегалаў. Тут вялікая колькасьць бежанцаў у Францыі, і яны пакрыху закручваюць гайкі. 15 ліпеня ў Францыі прынялі новы закон. Пачынаючы ад 15 ліпеня нікому тут ўвогуле не даюць жытла, ні гатэляў, ні кватэраў”.

(Сурмач: ) “Такім чынам для ўцекачоў зь Беларусі пэрспэктывы ў Францыі даволі няпэўныя?”

(Пезкін: ) “Даволі туманныя, трэба сабраць вельмі шмат доказаў, але гэта вельмі цяжка, бо, безумоўна, ані міліцыя, ані ўлады нашыя не выдаюць ніякіх даведак”.

Абодва нашыя суразмоўцы ня трацяць надзеі атрымаць дазвол на сталае жыхарства ў Францыі і тым самым падтрымаць беларускую прысутнасьць у гэтай краіне.

(Голуб: ) “Спадзяемся на лепшае. Калі я тут атрымаю пазытыў, я буду вучыцца, а таксама буду трымаць сувязь зь беларусамі, каб тут не згубіцца ў гэтых масах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG