Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСКУЮ СВАБОДУ МЫ, САВЕЦКІЯ САЛДАТЫ, СЛУХАЛІ Ў “ЛЕНІНСКІМ ПАКОІ”


Валянцін Жданко, Менск

Час ад часу сустракаюцца ў нашай пошце лісты, аўтары якіх дзеляцца ўспамінамі пра тое, як слухалі Беларускую Свабоду за камуністамі — тады, калі гэта было небясьпечна і рызыкоўна. Адзін з апошніх такіх лістоў даслаў нам Віталь Каралёў зь Мёраў Віцебскай вобласьці. Сярод іншага ён распавёў цікавую гісторыю таго, як слухалі Свабоду ў савецкім войску:

“Свабоду я пачаў слухаць недзе на мяжы 1970–80-х гадоў. Але былі і даволі вялікія перапынкі. Добра запомніўся такі выпадак. Падчас службы ў войску ў 1984 годзе набылі мы транзыстарны радыёпрыёмнік і вечарамі, цішком засеўшы ў так званай “ленкомнаце”, слухалі Беларускую Свабоду, Голас Амэрыкі, Бі-Бі-Сі. Неўзабаве зьявіўся і другі прыёмнік, а кола слухачоў пашырылася. Але нядоўга тое працягвалася, таму што “зампаліт” роты выявіў нас і забраў прыёмнік. Ну і нацярпеліся мы тады страху.

За некалькі месяцаў да таго адзін латыш з нашай вайсковай часткі быў пакараны на пяць гадоў ці то за антысавецкую прапаганду, ці то за распальваньне нацыянальнай варожасьці — толькі за тое, што ў коле сваіх землякоў казаў, што Латвія павінна быць незалежнай і некамуністычнай. Але “зампаліт” нас ня выдаў — у “асобы аддзел” не даклаў. Для нас скончылася ўсё тым, што камандзір роты, калі быў у гуморы і побач не было вялікай колькасьці сьведак, жартам называў мяне “ворагам народу”. Быў ён патомным вайскоўцам, украінцам па нацыянальнасьці. А ў нас было ўкраінска-беларуска-літоўскае зямляцтва, а не “дзедаўшчына”, як звычайна ў тыя часы. Узвод быў найлепшым у батальёне, а мне, як намесьніку камандзіра ўзводу, было лёгка дабіцца гэтага, абапіраючыся на сур’ёзных і блізкіх па меэталітэту салдатаў. А камандзір узводу, фармальна выконваючы свае абавязкі бездакорна, у наша ўнутранае жыцьцё асабліва ня ўмешваўся”.

Тыя салдацкія вечары са Свабодай мелі для нашага слухача Віталя Каралёва зь Мёраў вялікія наступствы ў далейшым жыцьці. Са Свабодай ён застаўся і пасьля войска:

“На пачатку 1990-х гадоў купіў прыёмнік “Сэлена”, які і сёньня даносіць ад вас сьвежыя праўдзівыя навіны, грунтоўную аналітыку, весткі пра падзеі ў краіне, якіх не паведамляе ні БТ, ні іншыя афіцыйныя мэдыі. У мінулым годзе я асьмеліўся ўпершыню падаць свае меркаваньні ў рубрыку “Званок на Свабоду”. І аказалася, што ў мястэчку я слухаю Свабоду далёка не адзін. Паводле маіх апошніх назіраньняў, прыкладна ад 20 да 50 чалавек слухаюць больш-менш рэгулярна, прыкладна столькі ж — час ад часу”.

Дзякуй за цікавыя ўспаміны, спадар Каралёў. Сапраўды, у 1970–80-я гады слуханьне Свабоды ўжо не было зьвязанае з такой вялікай рызыкай, як, скажам, у 1950-я. Напрыклад, у маёй роднай вёсцы Краснае Шчучынскага раёну сусед дзядзька Ясь слухаў заходнія галасы адкрыта і ледзь не дэманстратыўна. Пра ўвод савецкіх войскаў у Афганістан і пра тое, што там з гэтымі войскамі адбываецца, вяскоўцы даведваліся зь пераказаў дзядзькі Яся. Ня ведаю, ці былі на яго даносы, але дзядзьку, наколькі я памятаю, ніхто за распаўсюд небясьпечных зьвестак не чапаў.

Менскі пэнсіянэр Васіль Грынявіцкі піша:

“Сёньняшняя ўлада за дзесяць год паказала, што пазытыўная арганізацыя грамадзтва ёй не па сілах. Мне здаецца, што гэтыя людзі нават не здагадваюцца, навошта яны занялі высокія крэслы (калі, вядома, не казаць пра асабістыя інтарэсы). У той жа час, на маю думку, нельга апісваць усё толькі чорнай фарбай. Расейскі гісторык Масальскі, аналізуючы пэрыяд стралецкіх бунтаў, сказаў: “Любая ўлада, нават самая нікчэмная, лепш, чым бязуладзьдзе...”

Ацэньваючы мінулыя дзесяць год з гэтых пазыцыяў, мы павінны падзякаваць Лукашэнку за тое, што ўтрымаў краіну ад хаосу пры перадзеле ўласнасьці. Гэта нямала. Хоць, вядома, трэба памятаць і пра тое, якімі мэтадамі гэта дасягалася. Але што зробіш, тут як у той прымаўцы: “Не страляйце ў піяніста, ён грае як умее”. Думаю, нашае грамадзтва дагэтуль ня вызначылася, чаго яно хоча — ці то свабоды, незалежнасьці, адказнасьці за сябе, ці то таннага газу і каўбасы па 2.20. Але ўрэшце лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, а беларускі народ застаецца...”

Ня ведаю, спадар Грынявіцкі, ці пагражаў Беларусі хаос пры перадзеле ўласнасьці. Усе суседнія краіны ў асноўным ужо правялі эканамічныя рэформы, і Беларусь мела магчымасьць улічыць іхны досьвед, у тым ліку адмоўны, каб пазьбегнуць многіх памылак. Але беларуская ўлада абрала іншы шлях — увогуле адмовілася ад сур’ёзных пераўтварэньняў у эканоміцы, пакінуўшы ўласнасьць у руках чыноўнікаў. Што да праблемы дэзарыентацыі грамадзтва, то ў любой краіне стаўленьне да палітыкаў і палітыкі супярэчлівае. Чаго ў дадзены момант хоча большасьць грамадзтва — здольныя выявіць толькі справядлівыя выбары. А якраз гэта і ёсьць адной з самых істотных палітычных праблемаў Беларусі.

Ліст ад Івана Сідарэнкі зь Менскага раёну. Слухач піша:

“Чалавек я ўжо даволі сталага ўзросту. Вельмі часта ў мінулым і ўсё часьцей цяпер я задаваў і задаю сабе пытаньні: хто мы, беларусы? Чаму мы такія? Улады закрылі нацыянальны гуманітарны ліцэй. Ці прыходзілі мы гуртам, каб абараніць? Ды дзе там. Ніхто не абараніў ад разбурэньня і дом, у якім жыла сям’я самога Янкі Купалы. А колькі пішуць і тэлефануюць вам на Свабоду аб цяжкім жыцьці, аб недахопах, аб нізкіх пэнсіях і заробках! А чаму яны ня пішуць у дзяржаўныя СМІ? На адкрыцьцё помніка Адаму Міцкевічу ў Менску прыйшлі чалавек трыццаць — уключна з амбасадарамі Францыі, Польшчы, Літвы... Я сам быў сьведкам. Тадэвуша Касьцюшку, які нарадзіўся і вырас на Беларусі, шануюць палякі, амэрыканцы, французы — толькі не беларусы. Нам не патрэбныя Агінскі, Багдановіч, Каліноўскі. Не патрэбныя Верхні Горад і Няміга, якія разбаралі і разбураюць. Не патрэбныя музэйныя каштоўнасьці й архівы, якія вывезьлі ў Расею і дагэтуль не вярнулі. Няўжо беларусы не заслугоўваюць таго, каб жыць у эўрапейскім доме, а не ў гарэме рэспублік?

Можа, мы занадта баязьлівыя: нам як ёсьць, так і добра? Страх, абыякавасьць, непавага да саміх сябе, да сваёй гісторыі, мовы, культуры — гэта ўсё пра нас. Можа, з тае прычыны мы такія, што нідзе ў Эўропе народ ня быў так зьняважаны, як беларусы? Нас заўсёды скарыстоўвалі ў якасьці безгалосага матэрыялу для ўзьвядзеньня асабістых п’едэсталаў. Расейскія палітыкі толькі й думаюць, каб праглынуць Беларусь і ўсадзіць Лукашэнку ў Савеце Фэдэрацыі дзе-небудзь паміж кіраўнікамі мардвы і чукчаў. Нас топчуць нагамі, а мы маўчым...”

На многія свае пытаньні вы сам, спадар Сідарэнка, і адказалі ў лісьце. Заўважу толькі, што не ў адных беларусаў такая драматычная гісторыя. Многія эўрапейскія народы ўвогуле ня маюць сваёй дзяржаўнасьці: згадайма каталёнцаў і баскаў у Гішпаніі, карсыканцаў у Францыі, шатляндцаў у Вялікабрытаніі... Дзяржаўная незалежнасьць дае беларусам вялікі шанец на сваё нацыянальнае адраджэньне. Шанец гэты пакуль ніяк не выкарыстоўваецца, ігнаруецца ўладай. Але ён застаецца. І будзе заставацца, бо ніводзін прэзыдэнт незалежнай Беларусі (нават Аляксандар Лукашэнка) не пагодзіцца памяняць сваю пасаду на месца губэрнатара ў расейскім Савеце Фэдэрацыі.

Ліст з Гомеля, ад слухача, які падпісаўся як Аляксей Памяркоўны:

“Сапраўднага прозьвішча не называю. А за ліст узяўся, бо абрыдла хлусьня, якой нас частуюць улады. Навошта лічыць усіх беларусаў за прастакоў, якія нічога не разумеюць? Мы памяркоўныя, але трываласьці ды цярплівасьці настае канец”.

Да такіх высноваў гомельскі слухач прыйшоў пасьля таго, як сам паспрабаваў падлічыць, колькі ж ён і ягоныя суседзі плацяць за газ у сваіх кватэрах. Падлікі Аляксея надзвычай уразілі. Ён піша:

“Раней я амаль нічога ня ведаў, але газавая вайна прымусіла пацікавіцца гэтым пытаньнем. І выявілася, што ўлада, якая на словах так дбае пра свой народ, якая палымяна абвінавачвае Расею, што тая нібыта адбірае апошнія грошы за газ ад пэнсіянэраў ды чарнобыльцаў, насамрэч сама даўно гэта робіць. У разьліковых квітках за газ яго кошт для ўсіх беларусаў роўны пяці далярам узімку і сямі ўлетку за сто мэтраў кубічных. Няцяжка падлічыць, што гэта 50 і 70 даляраў за тысячу кубамэтраў адпаведна. І кожны беларус даўно плаціць гэты кошт. Ніхто ніколі не цікавіўся ў рэжыму: як гэта можна — купляць у Расеі газ за 36 даляраў, а прадаваць уласнаму народу амаль удвая даражэй? А гэты ж кошт, відавочна, даўно і трывала закладзены ў кошт беларускіх тавараў. Цікава, цяпер, калі Расея падвысіла кошт газу да 50 даляраў, ці варта чакаць ад, так бы мовіць, “чэснай” улады адпаведнага падвышэньня кошту для людзей? І хто тут атруціў адносіны з Расеяй газам? Для сумленных людзей адказ на гэтае пытаньне відавочны”.

Гэтыя асаблівасьці газавых коштаў у Беларусі выявілі ня толькі вы, Аляксей. Самі расейцы, даведаўшыся, па якой цане прадаюць газ беларускія ўлады свайму насельніцтву, паставілі гэтае пытаньне перад Аляксандрам Лукашэнкам. Лукашэнка адказаў, што, маўляў, усяму прычынай высокі кошт дастаўкі газу да спажыўцоў — таму і розьніца ў цане. Але расейскіх эканамістаў гэты адказ не пераканаў. І ня толькі іх.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Раман Зіноўеў з расейскага гораду Іванцееўка, Маргарыта Пушкевіч і Віктар Скараход зь Менску. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG