Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА КАТАЕЦЦА НА ЛЫЖАХ У СЛАВЕНІІ

Юры Сьвірко, Менск

Славенскія сродкі масавай інфармацыі зазначаюць, што з прычыны прыватнага характару візыту спадар Лукашэнка ня будзе сустракацца з афіцыйнымі асобамі Славеніі. Прадстаўнік МЗС гэтай краіны Рок Саркр пацьвердзіў, што Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ў Славеніі, але заявіў:

(Саркр: ) “Наконт візыту Лукашэнкі ад імя міністэрства я магу толькі пацьвердзіць, што гэта — прыватны візыт. Што да астатняга — ня ведаю, мо лепш зьвязацца зь беларускім бокам”.

Я патэлефанаваў Натальлі Пяткевіч, прэсавай сакратарцы Аляксандра Лукашэнкі, і спытаўся, што робіць ён у Славеніі:

(Пяткевіч: ) “Не, прэзыдэнт на месцы. Я ўсё сказала”.

Аднак Аляксандар Лукашэнка меў размову з былым славенскім прэзыдэнтам Міланам Кучанам — як паведаміла мне дарадца апошняга Шпэла Фурлан, беларускі кіраўнік пажадаў абмеркаваць будучыню Эўразьвязу пасьля пашырэньня. Нагадаю, што Славенія ёсьць адной зь дзесяці краінаў, якія стануць сябрамі Эўрапейскага Зьвязу 1 траўня. Паводле спадарыні Фурлан, сустрэча двух палітыкаў адбылася раніцай 15 сакавіка:

(Фурлан: ) “Учора раніцай”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе прайшла гэтая сустрэча?”
(Фурлан: ) “У ваколіцах гораду Кран — месца называецца Брдо. Ведаеце, гэта як камэрцыйная, гэтак і ўрадавая ўстанова. Але ўрадавая тады, калі ўраду патрэбная гэтая ўстанова”.

Спадарыня Фурлан пацьвердзіла, што гэта яе шэф — экс-прэзыдэнт Кучан прыехаў у замак Брдо да спадара Лукашэнкі, а не Лукашэнка да Кучана. На пытаньне, хто плаціў за гэтую рэзыдэнцыю, Шпэла Фурлан адказала:

(Фурлан: ) “Мяркую, што сам спадар Лукашэнка”.

На сайце brdo.com можна даведацца, што гэты гатэльны комплекс службы дзяржаўнага пратаколу Славеніі адкрыты для кожнага, хаця бальшыня гасьцей — бізнэсоўцы. Я пацікавіўся ў дзяжурнай, колькі каштуе прэзыдэнцкі нумар у замку Брдо і ці можна там пасяліцца зараз.

(Дзяжурная: ) “У замку гэта каштуе 858 эўра за ноч. Але ў замку зараз гэта немажліва”.

Маркетынгавая мэнэджарка комплексу Брдо сказала мне, што знаходжаньне Аляксандра Лукашэнкі ў замку ёсьць вялікім сакрэтам і яе могуць звольніць, калі яна нешта скажа. Але спадара Лукашэнку ў замку Брдо бачылі крыніцы люблянскіх журналістаў, сказала мне прадстаўніца тэлекампаніі POP TV:

(Журналістка: ) “Мы не змаглі зьняць яго на камэру ў тым замку, дзе ён цяпер знаходзіцца, бо тады ён катаўся на лыжах у Крваўцы”.

Крвавец — гэта гарналыжны курорт Славеніі на вышыні паўтары-дзве тысячы мэтраў над узроўнем мора, які працуе кожную зіму як мінімум да 15 красавіка. Славенскія мэдыі паведамілі, што Аляксандра Лукашэнку запрасіў Янэз Шкрабец — дырэктар фірмы Riko, якая знаходзіцца ў Любляне, выпускае зборныя дамы й вядзе актыўную дзейнасьць на рынку былога СССР.

Тэлекампанія POP TV зазначыла, што ў лістападзе 2002 году Чэхія ня выдала спадару Лукашэнку візы для паездкі на саміт НАТО ў Прагу, таму міністэрства замежных справаў Славеніі зьвярнулася ў Брусэль па кансультацыі. Але ў штаб-кватэры Эўразьвязу ня мелі пярэчаньняў, бо забароны для Аляксандра Лукашэнкі на ўезд у краіны-сябры гэтай арганізацыі няма. Варта нагадаць, што месяц таму спадару Лукашэнку далі аўстрыйскую візу, і МЗС Аўстрыі паведаміла, што ён паедзе катацца на лыжах у тырольскія горы.

Як паведаміла славенскае агенцтва STA, чакаецца, што Аляксандар Лукашэнка будзе знаходзіцца ў Славеніі да сярэдзіны тыдня, але на сераду заплянаваная ягоная сустрэча ў Менску са сьпікерам расейскай думы Барысам Грызловым.
XS
SM
MD
LG