Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫТУАЦЫЯ ВАКОЛ АДЖАРСКАЙ АЎТАНОМІІ Ў ГРУЗІІ БАЛЯНСУЕ НА МЯЖЫ ВАЙНЫ


Юры Дракахруст, Прага

Сытуацыя вакол аджарскай аўтаноміі Грузіі балянсуе на мяжы вайны.

Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі патрабуе выкананьня ўльтыматуму, які ён выставіў учора ўладам Аджарыі. Сёньня аджарскі лідэр Аслан Абашыдзэ заявіў, што ня мае намеру выконваць ўмовы ўльтыматуму.

Учора раніцай прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі зь міністрам унутраных справаў і аховай накіраваўся ў Аджарыю, каб сустрэцца з тамтэйшымі выбаршчыкамі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, якія адбудуцца 28 сккавіка. Аднак каля ракі Чалокі картэж кіраўніка Грузіі ня быў дапушчаны ў Аджарыю, падчас спробаў дамовіцца прагучаў аўтаматны стрэл. Пасьля гэтага Саакашвілі павярнуў картэж у гарад Поці, каля мяжы з Аджарыю.

У Поці кіраўнік Грузіі, выступіўшы па тэлебачаньні, выставіў аджарскім уладам публічны ўльтыматум. Ён запатрабаваў, каб да вечара панядзелка прэзыдэнт Грузіі атрымаў магчымасьць свабоднага руху па Аджарыі і ў самой аўтаноміі распачалося раззбройваньне незаконных вайсковых фармаваньняў. Саакашвілі таксама заявіў.

(Саакашвілі: ) “Або мы зараз устанем разам і пакладзем раз і назаўсёды канец бандытызму, фэадалізму і здрадзе ў Грузіі – я не магу ўжыць іншага слова, чым здрада, або мы спынім сваё існаваньне як дзяржава. І Грузія зьнікне. Але я павінен папярэдзіць, што ніхто ня здолее зрабіць гэта, пакуль я прэзыдэнт”.

Саакашвілі патлумачыў, што ў выпадку невыкананьня ўльтыматуму супраць Аджарыі будзе ўведзеная частковая эканамічная блякада – зачыненая мяжа з Турцыяй, закрытыя батумскі порт і аэрапорт, замарожаныя замежныя рахункі аджарскіх афіцыйных асобаў.

Падчас інцыдэнту каля Чалокаў аджарскі лідэр знаходзіўся ў Маскве. Ён заявіў, што прэзыдэнта Саакашвілі наагул не было ў картэжы, ягоны сын – мэр Батумі заявіў, што прэзыдэнт Грузіі можа быць дапушчаны ў рэспубліку, але толькі без аховы.

Яшчэ знаходзячыся ў Маскве, Аслан Абашыдзе зьвярнуўся па дапамогу да Расеі і ЗША.

Учора ўначы Абашыдзэ вярнуўся ў Батумі. Паводле яго, Саакашвілі пагражаў, што самалёт кіраўніка Аджарыі можа быць зьбіты.

Паведамляецца, што з двух бакоў адміністрацыйнай мяжы Аджарыі канцэнтруюцца войскі і бронетэхніка. Паводле грузінскіх мэдыяў у Батумі прыхільнікам Абашыдзэ раздаюць зброю. Сёньня ўдзень аджарскія ўлады ўвялі на тэрыторыі рэспублікі надзвычайнае становішча.

Сам кіраўнік аўтаноміі заявіў, што дзеяньні Саакашвілі могуць прывесьці да выхаду Аджарыі са складу Грузіі.

(Абашыдзэ: ) “З прычыны памылак, зробленых першым прэзыдэнтам Зьвіядам Гамсахурдзія, мы старцілі Паўдзённую Асецію. Другі прэзыдэнт Эдуард Шэварнадзэ працягнуў працэс і мы канчаткова страцілі яе. Ён таксама страціў Абхазію. Трэці прэзыдэнт ідзе ў тым жа кірунку і зараз у цэнтры ўвагі Аджарыя”.

Міхаіл Саакашвілі неаднаразова падкрэсьліваў сваё імкненьне вырашыць праблемы з Аджарыяй мірным шляхам. Прадстаўнік МЗС Расеі заявіў ўчора, што ёсьць падставы, якія дазваляюць казаць пра намер Тбілісі ўжыць сілу супраць Аджарыі. “У выпадку крызысу ўся адказнасьць ляжа на грузінскае кіраўніцтва”, – заявіў прадстаўнік МЗС Расеі. Разам з тым кіраўніцтва расейскімі войскамі ў Закаўказьзі паведаміла, што расейскія войскі, дысьлякаваныя ў Аджарыі, ня будуць умешвацца ў канфлікт і не пакінуць тэрыторыі базаў.

АБСЭ выказала занепакоенасьць абвастрэньнем сытуацыі ў Грузіі. У Тбілісі знаходзіцца дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Баўгарыі Саламон Пасі, які вядзе перамовы з кіраўніцтвам краіны. Міністар замежных справаў Турэччыны Абдула Гюль заявіў сёньня, што Анкара падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі і лічыць Аджарыю часткай Грузіі. Аджарыя мае зьнешнюю мяжу менавіта з Турэччынай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG