Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ГАЛАСАВАЛІ РАСЕЙСКІЯ ВЫБАРЦЫ Ў БЕЛАРУСІ?


Юры Сьвірко, Менск

У Беларусі галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Расеі адбывалася ва ўсіх абласных цэнтрах і на расейскай радыёлякацыйнай станцыі ў Клецкім раёне Меншчыны. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Ўладзімер Паўленка, ён жа дарадца расейскай амбасады ў Менску, ацаніў выбары на тэрыторыі Беларусі як пасьпяховыя і падзякаваў беларускім уладным структурам:

(Паўленка: ) “З боку мясцовых уладаў, органаў унутраных справаў і КГБ былі зробленыя ўсе захады, якія дазволілі правесьці выбары на высокім узроўні — арганізацыйным”.

Паводле спадара Паўленкі, у Менску прагаласавала больш за 2 з паловай тысячы расейскіх выбарцаў, і на першым месцы апынуўся цяперашні прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін — за яго аддалі 1948 галасоў, або 76% ад агульнай колькасьці бюлетэняў. На другім месцы ў Менску была Ірына Хакамада — за яе прагаласавалі 193 чалавекі, або амаль 8% тых, хто атрымаў бюлетэні. На трэцім і чацьвертым месцы адпаведна — прадстаўнікі левых Мікалай Харытонаў (менш за 6%) і Сяргей Глазьеў (менш за 5%). Прадстаўніка лібэрал-дэмакратаў Алега Малышкіна падтрымалі ў беларускай сталіцы толькі 32 чалавекі, а сьпікера расейскай Рады Фэдэрацыі Сяргея Міронава — усяго 15 выбарцаў. Цікава, што 89 чалавек, ці больш за 3%, у Менску галасавалі супраць усіх.

Гэтую тэндэнцыю засьведчыла і апытаньне Радыё Свабода, зробленае на ўчастку для галасаваньня. Апытаныя ў Менску расейскія выбарцы найчасьцей казалі, што падтрымалі Ўладзімера Пуціна, але на другім месцы падчас адказаў была Ірына Хакамада.

На беларускай тэрыторыі ўзялі ўдзел у выбарах прэзыдэнта Расеі амаль 6 тысяч расейскіх грамадзян, хаця іх у Беларусі, паводле ацэнак Міністэрства ўнутраных справаў, знаходзіцца ў 10 разоў больш.

Да вечара панядзелка расейская амбасада ў Менску так і не паведаміла вынікаў галасаваньня на ўсіх беларускіх участках, спасылаючыся на адсутнасьць афіцыйных зьвестак з Горадні, якія перадалі ў Маскву праз генэральнае консульства Расеі ў Берасьці. Але яшчэ раніцай агенцтва БелТА цытавала дарадцу гэтага генконсульства Ўладзімера Буракова, які сказаў, што з 500 грамадзян Расеі, якія галасавалі ў Горадні, 385 падтрымалі спадара Пуціна, а 83 чалавекі — іншых кандыдатаў.

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Уладзімера Пуціна зь пераабраньнем на пасаду прэзыдэнта Расеі, дадаўшы, што зь яго пераабраньнем у Беларусі “зьвязваюць надзеі на дынамічнае разьвіцьцё інтэграцыйнага працэсу”.

Адметна, што Ўладзімер Пуцін, выступаючы ўначы з 14 на 15 сакавіка на першай пасьля выбараў прэсавай канфэрэнцыі і адказваючы на пытаньне пра замежнапалітычныя прыярытэты Расеі, пра стасункі зь Беларусьсю і пра так званую “саюзную дзяржаву” не згадаў.



Уладзімер Пуцін сабраў на тэрыторыі Беларусі больш адсоткаў галасоў расейскіх выбарцаў, чым на тэрыторыі Расеі. Паводле абнародаванай увечары інфармацыі расейскай амбасады ў Менску, за спадара Пуціна прагаласавала 80 адсоткаў ад 6 тысячаў 707 расейцаў, якія прыйшлі на беларускія выбарчыя ўчасткі. Другое месца на тэрыторыі Беларусі заняў Мікалай Харытонаў з 6 %, а трэцяе – Ірына Хакамада з 5%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG