Паводле апошніх зьвестак на 16 гадзінаў менскага часу, на беларускай тэрыторыі ўзялі ўдзел у выбарах прэзыдэнта Расеі амаль 6 тысячаў расейскіх грамадзян, хаця іх у Беларусі, паводле ацэнак адмыслоўцаў, можа знаходзіцца ў 10 разоў больш.
На консульскім уліку ў расейскіх дыпляматычных прадстаўніцтвах у Беларусі стаіць 20 тысячаў грамадзян. Ня ўсе зь іх паўнагадовыя ды маюць выбарчае права, але ўжо зразумела, што ў прэзыдэнцкіх выбарах бралі ўдзел менш за палову афіцыйна ўлічаных расейцаў. Нагадаю, што ў Беларусі маглі галасаваць і тыя, хто часова прыехаў сюды з Расеі. Тым ня менш расейскія дыпляматы кажуць, што актыўнасьць цяпер больш высокая ў параўнаньні з 2000 годам, калі прэзыдэнтам быў абраны Ўладзімер Пуцін.
Як паведаміў дарадца расейскай амбасады ў Беларусі Аляксандар Фралоў, у Менску на ўчастку ў Палацы дзяцей і моладзі прагаласавала больш як 2 тысячы выбарцаў. Сюды ж прывозілі на аўтобусах вайскоўцаў зь іхнымі сем’ямі, якія жывуць каля Вялейкі, побач са станцыяй сувязі з караблямі расейскага ваенна-марскога флёту. Гэтая сотня выбарцаў была далучаная да менскага ўчастку.
Дарэчы, галасаваньне ў былым рэспубліканскім палацы піянэраў праходзіла ўпершыню й невыпадкова: менавіта побач зь ім Расея будзе мець сваю амбасаду ў Менску. Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка разам закладвалі першы камень у падмурак гэтага будынку, але толькі летась быў абвешчаны конкурс на архітэктурны праект расейскага комплексу.
На другім месцы паводле актыўнасьці – адзіны ўчастак, які працуе не ў абласным цэнтры. Гэта радыёлякацыйная станцыя “Клецак-2”, дзе прагаласавала каля 800 расейскіх выбарцаў.
У Гомелі й Віцебску ў выбарах прэзыдэнта ўзялі ўдзел па 600 чалавек, у Магілёве – больш за 400. Расейскае генэральнае консульства ў Берасьці адказвала таксама за правядзеньне выбараў у Горадні й падлічыла вынікі разам – 1250 чалавек.
За мяжой сьпісаў выбарцаў не складаюць, таму адсоткі тых, хто галасаваў і хто не, не падлічваюць. Апошнія зьвесткі наконт актыўнасьці расейскіх выбарцаў у Беларусі стануць вядомыя адразу па заканчэньні галасаваньня а 20-й гадзіне менскага часу. А што да вынікаў галасаваньня на беларускіх участках, дык іх абяцаюць паведаміць уначы.
Апытаныя ў Менску расейскія выбарцы найчасьцей казалі, што галасавалі за Ўладзімера Пуціна, але на другім месцы падчас адказаў была Ірына Хакамада.