Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛАТВІІ АД БЕЛАРУСКІХ ЛЕКАЎ “АСКАФЭН П” ПАЦЯРПЕЛІ ЛЮДЗІ – ТРОЕ Ў КОМЕ


Юры Сьвірко, Менск

Цягам апошніх тыдняў у Латвіі прынамсі 24 чалавекі пасьля прыёму “Аскафэну П” зьведалі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Хаця яны не хварэлі на цукровы дыябэт, у гэтых людзей здарыліся загадкавыя, як кажуць латвійскія дактары, прыступы гіпаглікеміі (паніжанага утрыманьня цукру ў крыві).

У Лудзэнскім раёне Латгаліі – гэта рэгіён Латвіі, які мяжуе зь Беларусьсю – тры чалавекі трапілі ў кому менавіта пасьля таго, як ужылі беларускі “Аскафэн П”. Гэтых трох чалавек – 60-гадовага мужчыну і дзьвюх жанчын 70 і 80 гадоў шпіталізавалі, а чацьвёртая ахвяра – 80-гадовая жанчына ў суседнім Рэзэкнэнскім раёне – адмовілася ад шпіталізацыі ды працягвае лячыцца дома.

Кіраўнік цэнтру мэдыцыны катастроф Мартыньш Шыцс кажа, што колькасьць пацярпелых значна большая за афіцыйную, бо ня ўсе зьвяртаюцца ў шпіталь па дапамогу.

На гэтым тыдні МЗС Латвіі зьбіраецца ўручыць Беларусі ноту. Мажліва, ноту перададуць ужо сёньня беларускай амбасадзе ў Рызе, каб афіцыйна паінфармаваць беларускае Міністэрства аховы здароўя ды прадпрыемства “Белмэдпрэпараты”.

Прадстаўніка гэтага прадпрыемства запрасілі ў Рыгу, каб на месцы абмеркаваць сытуацыю. “Мы вельмі спадзяемся на чульлівасьць і адказ беларускага боку”, – заявіў прэсавы сакратар МЗС Латвіі Рэтс Плэсумс. А Міністэрства аховы здароўя Латвіі вывучае мажлівасьці спагнаць зь “Белмэдпрэпаратаў” грошы на кампэнсацыю выдаткаў на лячэньне пацярпелых ад “Аскафэну”.

Гэтае ведамства таксама заклікала жыхароў Латвіі не прымаць таблеткі “Аскафэну” з сэрыйным нумарам 010104, у якіх знайшлі небясьпечная для здароўя прымесь рэчыва, якое выкарыстоўваецца для зьніжэньня ўзроўню цукру ў крыві хворых на цукровы дыябэт другога тыпу

Сёлета ў Латвіі распаўсюдзілі каля 7 тысячаў упаковак “Аскафэну П” беларускай вытворчасьці. Латвійскае дзяржаўнае агенцтва лекаў прыпыніла іх імпарт, а міністэрства аховы здароўя рэкамэндавала здаць гэтыя таблеткі ў найбліжэйшыя аптэкі.

Сёньня ўначы я прайшоўся па аптэках Менску, якія былі адчыненыя. У цэнтральнай дзяжурнай аптэцы Менску на праспэкце Скарыны насупраць КГБ “Аскафэну” не было – замест яго мне прапанавалі цытрамон. А вось у суседняй кругласутачнай аптэцы на Карла Маркса “Аскафэн” быў, але – “Аскафэн-Дарніця” (украінскай вытворчасьці). Мне прапанавалі купіць упакоўку з 6 таблетак за 135 рублёў. А ці ёсьць беларускі “Аскафэн – спытаўся я ў дзяжурнай.

(Дзяжурная аптэк: ) “Няма і не бывае беларускага “Аскафэну”. Ідзе Расея ды Ўкраіна. Гэта прэпарат, якія абязбольвае галаўны боль, мышачныя болі”.

Яшчэ ў чатырох менскіх начных аптэках, у якія я патэлефанаваў, мне паведамілі, што беларускага “Аскафэну” ў іх не было – быў толькі ўкраінскі або расейскі. На маё пытаньне, ці бывае ў продажы беларускі “Аскафэн”, правізар аптэкі на вуліцы Куйбышава адказала гэтак:

(Аптэкар: ) “Так, бывае, па-мойму, але неяк рэдка. Вы маеце на ўвазе – ад беларускага ўпалі ў кому? Ня ведаю, я апошнім часам увогуле яго не сустракала. І ня толькі ў нашай аптэцы”.

Беларускае Міністэрства аховы здароўя і прадпрыемства “Белмэдпрэпараты” пакуль маўчаць. Яны скандал яшчэ ніяк не камэнтавалі. Але сёньня а 14-й гадзіне ў Доме прэсы адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя на тэму “Беларуская фармацэўтыка сёньня. Праблемы вытворчасьці ды ўдасканальваньня якасьці прадукцыі”. Там будуць прадстаўнікі канцэрну “Белбіяфарм”, у які ўваходзяць “Белмэдпрэпараты”, і тэму пытаньняў датычна аскафэнавага скандалу наўрад ці здолеюць абмінуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG