Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ: “Я СУПРАЦЬ БАРЫКАДНАЙ ЛІТАРАТУРЫ”


Міхась Скобла, Менск

Вясна — пара абуджэньня. У тым ліку й творчых сілаў. Бясконцай чарадой ідуць выставы, прэзэнтацыі, ладзяцца пэрформансы і вечарыны. У Андрэя Хадановіча адна за адной выйшлі дзьве паэтычныя кнігі, і неўзабаве зьявяцца яшчэ дзьве: “Старыя вершы”, “Лісты з-пад коўдры”, “Беларускія лімэрыкі” й “Дурка беларуская”. “Прыйшоў час вылазіць з-пад коўдры”, — кажа 32-гадовы паэт і запрашае паспалітае людзтва на сваё творчае сьвята. А мы запрасілі яго ў “Вольную студыю”.

(Міхась Скобла: ) “Андрэй, на вокладцы адной з тваіх кніг ты — у лётніцкай скуранцы ды шлеме часоў авіятараў братоў Райт. Паэзія — гэта палёт?”

(Андрэй Хадановіч: ) “Паэзія — гэта палёт, гэта прызямленьне пасьля палёту. Галоўнае — шчасьліва сумясьціць высокі палёт і несьмяротнае прызямленьне ва ўсіх сэнсах гэтага слова”.

(Скобла: ) “Наколькі для паэта актуальнае ўвесьчаснае знаходжаньне ў стыхіі роднай мовы? Іосіфу Бродзкаму заміналі пісаць ангельскамоўныя шыльды на вуліцах Нью-Ёрку. Уявім сытуацыю: ідзе паэт Хадановіч па праспэкце Скарыны, а над праспэктам вісіць расьцяжка: “Остановим торговлю женщинами!” (А гэткі плякат сапраўды вісіць.) Табе гэта перашкаджае — на вэрбальным роўні?”

(Хадановіч: ) “Гэткі плякат — для мяне добрая тэма!.. Я добра разумею паэта-набэліста. Чужая моўная стыхія, вядома ж, замінае, але… Нават ангелец у сваёй ангельскамоўнай стыхіі таксама замкнёны, у яго свая прастора, свая творчая лябараторыя, ён перабірае свае гукі, сугуччы, адценьні. І дай Бог, каб ён пад грамадзкі транспарт пры гэтым ня трапіў. Моўная стыхія праходзіць паўз вушы на роўні шуму, зь якога калі-нікалі ўдаецца выцягнуць пэрлінку. Навакольны шум паэту глыбока “па барабане”. Ён можа быць для тэмпэрамэнтнага паэта добрым вонкавым раздражняльнікам”.

(Скобла: ) “Я так разумею, гэта такі сучасны сынонім натхненьня…”

(Хадановіч: ) “Так-так. І чалавек думае: ну добра, паскуды, вы так хочаце, а я па-свойму зраблю. Зрэшты, рэкамэндую ўсім беларусам халерычнага тэмпэрамэнту зранку глядзець па БТ навіны, сэлектарныя нарады з галоўным дзеячам, які іх праводзіць. Калі ў вас апускаюцца рукі, калі вы ня ведаеце, што рабіць далей, калі ўзьнікае адчуваньне стомы й марнасьці — паглядзіце на пэрсанажы, паглядзіце на навакольны абсурд. Глядзіш — і зьявіцца дадатковая матывацыя што-небудзь зрабіць, каб зубы паказаць. Ва ўсьмешцы”.

(Скобла: ) “Сёньня ў сьвеце зьявілася мода на мёртвыя мовы. Скажам, папулярныя літаратурныя творы перакладаюцца на старажытнагрэцкую. Другі прыклад — існуе рух нэалаціністаў (у яго, дарэчы, уваходзіць наш Уладзімер Шатон, перакладчык “Песьні пра зубра”), які мае за мэту ператварыць лаціну ў міжнародную мову. Як бы ты схарактарызаваў гэтую зьяву?”

(Хадановіч: ) “Мне ў гэтым бачыцца спроба стварыць сваю субкультуру і існаваць у ёй. Нешта падобнае мы назіралі ў 1960, 1970, 1980-я гады, калі людзі зьбіраліся ў клюбы бардаўскай песьні, сядзелі каля вогнішча і гралі на гітарах. У сьвеце, дзе кожныя некалькі дзён памірае адна мова, ня можа ня радаваць адваротны працэс, калі да моваў вяртаюцца”.

(Скобла: ) “Ці ня робіцца больш аптымістычнай у сувязі з гэтым будучыня мовы беларускай?”

(Хадановіч: ) “Беларуская мова яшчэ досыць жыцьцяздольная, і ўсе чуткі пра яе сьмерць, як той казаў, занадта перабольшаныя”.

(Скобла: ) “Твае вершы нашпігаваныя відавочнымі й прыхаванымі цытатамі. У сувязі з гэтым раскажу гісторыю. Адзін крытык знайшоў у аднаго беларускага паэта верш, які пачынаўся радком: “Маўчаць труніцы, муміі і косьці…” Ён і напісаў у рэцэнзіі, што гэта радок Івана Буніна. Паэт расьперажываўся, ды так, што неўзабаве сышоў у манастыр. У цябе няма адчуваньня, што за пазычанае трэба ну… хоць бы дзякаваць, а ўнізе пісаць такімі мале-е-нечкімі літаркамі: гэта радок, прыкладам, Максіма Багдановіча?”

(Хадановіч: ) “Няма такога адчуваньня. Наадварот, ёсьць адчуваньне, што карыстаньне чужым словам мяне пад манастыр не падвядзе. Чаму я не бяру пазычанае ў другіх у дзьвюхкосьсе? Ды таму, што я ня страціў вялікай павагі да свайго чытача, ня страціў адчуваньня, што мы можам зь ім размаўляць на роўных. Я магу загадваць яму загадкі, і ён здольны іх пасьпяхова разгадваць. Я прапаноўваю гульню, якая цікавая абодвум бакам. Я мог бы зрабіць, як гарадзенец Юрась Пацюпа, якога я, зрэшты, страшэнна шаную. Ён зрабіў санэтны цэнтон: 14 радкоў, і кожны радок сьцягнуты ў нейкага паэта. І Юрась, відаць, вырашыў не трапляць “пад манастыр”, кожны радок узяў у дзьвюхкосьсе і дадаў сьпісачак аўтараў: гэта радок Гаруна, гэта Багдановіча, гэта Арсеньневай. Аднак, гэты прыём не для мяне.

Постмадэрністы Умбэрта Эка, Міларад Павіч ды іншыя шмат пісалі пра этычнасьць і неэтычнасьць цытаваньня, маральнасьць і немаральнасьць карыстаньня чужымі тэкстамі. І да чаго прыйшлі? Калі мы чытаем у “Імені ружы” моцную эратычную сцэну паміж манахам і сярэднявечнай куртызанкай, то выяўляецца, што ўсё гэтая сцэна сатканая зь мікрацытатаў зь сярэднявечнанга пісьменства — ад тэалёгіі да самай нізкай літаратуры. І ніводнага слова самога Ўмбэрта Эка ў ёй няма! Пісьменьнік абсалютна шчыры са сваімі чытачамі, ён усімі сродкамі, так бы мовіць, расстаўляе “смайлікі”, па-кампутарнаму кажучы, — зьвярніце ўвагу: гэта літаратурны прыём. Я ня стаўлю дзьвюхкосьсяў, але раблю ўсё магчымае, каб чужое ў маіх вершах чытачамі адразу пазнавалася”.

(Скобла: ) “Прадэманструй, як можна чужымі словамі выказваць свае думкі”.

(Хадановіч: ) “Прачытаю некалькі двухрадкоўяў і чатырохрадкоўяў з будучай кнігі “Дурка беларуская”:

Вёска ў хваляваньні —
Піянэр Гарохаў
Дзікім паляваньнем
Напалохаў лохаў.

Сьцены — мат на маце,
Падпаліў салому…
Не сядзіцца ў хаце
Хлопчыку малому.



* * *
Зайшоў і — рукі дагары,
Усе навокал уцякаюць.
Сьмяецца Тэрмінатар-3:
“Што я мужык, усе тут знаюць!”



* * *
Ня маючы больш сябровак,
У веку пэнсіянэра
Завёў сабе дзьвюх каровак
І кліча: “Зорка, Вэнэра!”



* * *
Ах, нумар ейнае мабілы!..
Забыць цябе ня маю сілы.


(Скобла: ) “Ты часам парадыруеш творы, зь якіх ніхто да цябе не іранізаваў. Багушэвіч, Каліноўскі, Купала ў нашым літаратуразнаўстве — як сьвятыя каровы ў Індыі. Да якой пары, прызнайся, будзеш “апаганьваць сьвятыні?”

(Хадановіч: ) “Як паказвае практыка, наяўнасьць сьвятых кароваў шкодзіць жывёлагадоўлі... Я вельмі люблю беларускую літаратуру й лічу, што ўсе добрыя радкі, добрыя слоганы ў ёй ужо ёсьць. Застаецца малое: памяняць іх месцамі, расставіць у патрэбным парадку. І я гэтым займаюся, як гэта адчуваю сам і стараючыся паглядзець на ўсё вачыма сучаснага чалавека. Барані Божа, я не кажу, што гэта памірае, а я займаюся рэанімацыяй! Проста можна сказаць, што я пашыраю адрасную аўдыторыю гэтай паэзіі. Вось верш, які называецца “Хлопчык і копчык”:

Мой мілы таварыш, мой хлопчык,
Што прагнуў калісьці ў палёт,
Я, ведаеш, хворы ўжо копчык,
Разьбіты табою аб лёд.

Брыдзеш па жыцьці нецьвярозы,
Глядзіш у палонку й пятлю.
А помніш, як ты з бамбавозу
Калісьці глядзеў на зямлю,

Як месяц на небе начуе,
Як блукае ў лесе мядзьведзь.
А сёньня і вуха ня чуе,
І вочы працуюць ледзь-ледзь.

Твой месячык мае нябёсы,
І мае мядзьведзь свой бярлог,
А ты, ад гарэліцы косы,
Ня маеш нічога, бо лох.

Тры дні цябе трэсла й ламала
І копчыкам біла аб лёд,
Табе гэта, можа, і мала,
А мне — ляцець толькі ў пралёт.

Мы, зрэшты, і так у пралёце,
Нашто нам маскоўскі гатэль.
З вышыняў на аўтапілёце
Ляцім, як цяжкая гантэль.

Маленькаму копчыку, хлопчык,
Прыходзіць вялікі капец.
І больш не заві мяне “копчык”,
Па-наскаму трэба “хвасьцец”.


(Скобла: ) “Пад твае цытаты захацелася й мне цытаваньнем заняцца. “Андрэй Хадановіч відавочна ня стане зашываць сабе рота, бо іначай ён ня зможа есьці”, — пісала газэта беларускіх анархістаў “Навінкі”. Якія ж магчымасьці застаюцца паэту для грамадзянскага пратэсту?”

(Хадановіч: ) “Дай Бог здароўя беларускім анархістам з “Навінак”: мне здаецца, што яны слушна праніклі ў маю эстэтыку. Безумоўна, актуальныя рэаліі проста правакуюць паэта на пратэст, і не пратэставаць абсалютна немагчыма. Разам з тым, гэты пратэст, як на мяне, не павінен мець нічога супольнага з нашай папярэдняй “змагарнай”, “барыкаднай” літаратурай! Я супраць яе. Найлепшае, што можа зрабіць сучасны паэт, — гэта ўцягнуць у арбіту беларушчыны новых і новых, раней выключна расейскамоўных інтэлектуалаў, даўшы ім зразумець, што беларускамоўны культурны прадукт — гэта зусім ня тое, чым яны раней грэбавалі дзякуючы школе і няўдаламу выкладаньню праграмнай літаратуры. А такога ўцягваньня не адбудзецца без канкрэтных мастацкіх падзеяў, без канкрэтных эфэктных паэтычных акцыяў, без канкрэтнага пасьпяховага “хаджэньня ў народ”!”

(Скобла: ) “Тваё чарговае “хаджэньне ў народ” адбудзецца на гэтым тыдні й названае яно “Бабілёнскім праектам”. А Бабілён тут пры чым?”

(Хадановіч: ) “Адразу расчарую нядобразычліўцаў: ніводнай бабілёнскай блудніцы на вечарыну запрошана не было. (Хаця магчымыя ўсякія сюрпрызы.) А калі сур’ёзна, то адразу згадваецца Борхесаўская “Бабілёнская бібліятэка”, дзе, як вядома, было ўсё. Апроч таго, да галавы прыходзіць біблійная гісторыя з будаўніцтвам вежы й наступным зьмяшэньнем моваў. Як на мяне, беларускай мове тады не пашчасьціла асабліва: надта ж пэрыфэрыйнае месца заняла яна ва ўсясьветнай культуры… “Бабілёнскі праект” — гэта сьціплая спроба перааадолець згубныя наступствы таго зьмяшэньня моваў. Гэта спроба, у прыватнасьці, наблізіць беларускую мову да носьбітаў іншых культураў, зрабіць нашую культуру болей празрыстай для прадстаўнікоў іншых.

А што да вынікаў гэтае спробы, то меркаваць, безумоўна, ня мне, хоць новыя й новыя польскія, украінскія й г.д. пераклады нашай актуальнай літаратуры ўнушаюць непадробны аптымізм! Запрашаю слухачоў Свабоды 18 сакавіка ў 18.30 у Дом літаратара на свой “Бабілёнскі праект”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG