Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬМІЦЕР ЕЎТУХОВІЧ: МУЗЫКА БЛІЗКАЯ І ДАЛЁКАЯ


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Вельмі спадзяюся, што многія слухачы Беларускай Свабоды ведаюць песьню кампазытара Зьмітра Еўтуховіча “Калыханка” ў выкананьні Валерыя Дайнэкі. Зьміцер Еўтуховіч скончыў у свой час Беларускую кансэрваторыю, працаваў у складзе ансамбля “Песьняры”, у Дзяржаўным канцэртным аркестры і, зразумела, пісаў музыку. Многія ягоныя песьні набылі сапраўды шырокую папулярнасьць, аднак увосень 1993 году Зьміцер нечакана для многіх зьехаў у Злучаныя Штаты. Толькі нядаўна мы аднавілі ліставаньне, і я, канечне ж, ня мог ня выкарыстаць нагоды, каб больш падрабязна распытаць яго пра цяперашняе жыцьцё, творчасьць, музыку. Такім чынам, тэлефонны госьць студыі Радыё Свабода — кампазытар Зьміцер Еўтуховіч. Зьміцер! Усё ж, калі гэта не таямніца, якія былі прычыны твайго ад’езду зь Беларусі?”

(Зьміцер Еўтуховіч: ) “Я ўжо тады, у 1992 годзе, быў у Амэрыцы з паэтам Лявонам Пранчаком, Мікалаем Скорыкавым, Інай Афанасьевай. І ў мяне ўзьнікла ідэя прывезьці ў Амэрыку ансамбль “Сябры”. І я зрабіў гэтую паездку. Мы нават выступалі зь “Сябрамі” два разы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Гэта была першая прычына — творчая. Другая — прапанавалі працу мне, а ў пэрспэктыве была праца для маёй жонкі, рэгентам у праваслаўнай беларускай царкве Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэр, Нью-Джэрсі. Трэцяя прычына: нашая дачка нарадзілася ў лютым 1987 году, яна жыла ў Гомлі, першыя год-паўтара. І яна к пяці гадкам ужо ня мела зубоў, дочка Валерыя”.

(Падбярэскі: ) “Сёньня, наколькі я ведаю, ты маеш ажно тры аўтарскія праграмы на адной зь нью-ёрскіх радыёстанцыяў. Ці часта ты ўключаеш у свае праграмы менавіта беларускую музыку?”

(Еўтуховіч: ) “Па-расейску называецца “Народная волна”. Гэта — першая ў Амэрыцы 24-гадзінная радыёстанцыя, якая вяшчае па-расейску. Яе арганізаваў вельмі вядомы эмігрант з Масквы Сева Каплан. Ён нават працаваў на Радыё Свабода, здаецца, зь Янкам Запруднікам. Сутнасьць маіх праграмаў у тым, што людзі тэлефануюць і сьпяваюць, а я ім акампаную на клявішах. І ў нас было нават некалькі выступаў на беларускай мове. Напрыклад, быў вечар беларускай песьні. Гэта было ў лістападзе, сьпявалі песьні Ханка, Лучанка, старыя песьні, Любана, напрыклад, “Бывайце здаровы, жывіце багата”. Нават адна жанчына засьпявала пару рамансаў — “Зорка Вэнэра”, “Толькі з табою мне хочацца быць, толькі з табою…” Відаць, яна была зь Беларусі.

(Падбярэскі: ) “А што ты ведаеш пра стан цяперашняй папулярнай музыкі ў Беларусі, ці маеш магчымасьць сачыць за тым, што тут адбываецца?”

(Еўтуховіч: ) “Магчымасьці, на жаль, асаблівай няма. У сувязі з тым, што я працую таксама вядучым музычных вечароў і музыкам-сьпеваком у расейскай рэстарацыі, я знаёмлюся зь беларускай музыкай, якая выйшла збольшага па-расейску. “Ляпис Трубецкой”, гэта ж зь Беларусі, так? “Леприконсы”, “Нейро Дюбель” трошкі. Для маёй перадачы, паколькі ў мяне на радыё “Народная хваля” псэўданім Дзіма Мінскі, мне падышла песьня “Минск — это я, это имя меня, и моя фамилия Минский”. А што выходзіць у беларускай галіне? Камоцкі мне прыслаў свой кампакт-дыск. А так багата не знаходжу”.

(Падбярэскі: ) “Традыцыйнае для гэтай праграмы пытаньне па-за тактам. Летась ты зрабіўся аўтарам першага на амэрыканскім кантынэньце альбому беларускага джазу. Мне так падалося, што ягоную аснову склалі тэмы з недапісаных табой песень. Можа, вершы патрэбныя не адшукаліся ці што іншае? Што такое для цябе інструмэнтальная музыка, нашто ты яе пішаш, калі празь песьні шлях да шырокай аўдыторыі куды бліжэйшы?”

(Еўтуховіч: ) “Сапраўды, там, у гэтым альбоме, які называецца “Таямніца цёмнага акіяну”, ёсьць некаторыя, я б сказаў, песеньныя мэлёдыі. Безумоўна, інструмэнтальная музыка была для мяне заўсёды вельмі важнай. Джаз у стылі cool, smooth-jazz. Такі мяккі, мэлядычны джаз”.

(Падбярэскі: ) “З кім з нашых музыкантаў ты кантактуеш у Амэрыцы? Што новага ты напісаў апошнім часам?”

(Еўтуховіч: ) “З музыкантамі я кантактую. Тут даволі многа музыкаў працуе ў той самай галіне, што і я. Маю на ўвазе ня радыё, а рэстарацыйных музыкаў. Усе прафэсіяналы тут сядзяць у рэстаранах. Гэта Сяргей Сялькевіч з Гомеля, ён доўга працаваў у групе “Граніт” і таксама ў “Сябрах”, Сяргей Гярута, клявішнік такі, Сяргей Брыкса жыве на Заходнім узьбярэжжы, сьпявае для пратэстанцкіх вернікаў, гітарыст Аляксандар Герасімовіч”.

(Падбярэскі: ) “Дык ці добра пішацца ў той Амэрыцы?”

(Еўтуховіч: ) “На жаль, першыя восем-дзевяць гадоў я ня так багата стварыў. Можа, тры кампазыцыі новых для гэтага майго інструмэнтальнага альбому. Апошнім часам я пішу больш, бо мой спонсар, магазін фартэпіяна, мне прадаў вельмі танна электронны раяль, які так каштуе больш за пяць тысяч даляраў. І я дома займаюся на ім і апошнім часам напісаў цэлы альбом сольнай фартэпіяннай музыкі. Гэта сур’ёзная музыка, але з элемэнтамі джазу”.

(Падбярэскі: ) “Дык як, Зьміцер, дарэчы (гэта таксама па-за тактам!), цябе трэба цяпер называць: амэрыканскім кампазытарам ці ўсё ж беларускім?”

(Еўтуховіч: ) “І так, і так, бо я дагэтуль зьяўляюся членам беларускага Саюзу… суполкі кампазытараў. І — амэрыканскай, ASCAP. Гэта Асацыяцыя кампазытараў, аўтараў і выдаўцоў. Я ў яе ўступіў гадоў зь пяць таму, нават спрабаваў выканаць свой канцэрт для скрыпкі з аркестрам. Я хацеў, каб салістам быў Максім Вянгераў, вельмі вядомы, славуты музыка. Але ўсё гэта патрабуе спонсараў, грошай, і тут бюракратыя нашмат большая, чым у нас у Беларусі”.

(Падбярэскі: ) “Што ты кажаш?!”

(Еўтуховіч: ) “Так-так! Я добра памятаю: бярэш у Менску бутэльку каньяку, ідзеш да дырыжора, і аркестар твой!.. Я лічу сябе беларускім кампазытарам, а з амэрыканцамі ніякіх зносінаў ня маю. Мой бацька Андрэй Мікалаевіч, які жыве ў Петрыкаве Гомельскай вобласьці (я ўпэўнены, што ён слухае Радыё Свабода) гады два-тры таму заплаціў складкі, якія назьбіраліся з 1993 году. Гэта было ці тры, ці чатыры даляры. Ня так багата, ня дорага!”

(Падбярэскі: ) “Зьміцер! Ты паведаміў мне, што ўвосень зьбіраесься наведаць радзіму. З чым ты прыедзеш, цікава?”

(Еўтуховіч: ) “Хацеў бы прыехаць у верасьні гэтага году. І хацеў бы прыехаць у Беларусь ня толькі палавіць рыбы і пазьбіраць грыбоў, сустрэцца зь сябрамі і папіць гарэлкі. Я хацеў бы выступіць у некалькіх залях, пераважна ў раённых цэнтрах, і ў Менску. Канечне, калі б была магчымасьць, у Доме літаратараў, бо там былі мае аўтарскія вечарыны, імпрэзы. І я хацеў бы зрабіць сольны мой аўтарскі вечар. З выступам дзіцячых калектываў, бо я ж і дзіцячы кампазытар таксама. І сам буду сьпяваць, бо я сьпяваю цяпер у сто разоў лепш, чым сьпяваў у 1993 годзе”.

(Падбярэскі: ) “Ну што ж. Даставай, як кажуць, Зьмітрок, гармонік! Будзьма чакаць твайго прыезду ў Беларусь, каб яшчэ раз сустрэцца й пагутарыць. Вялікі табе дзякуй і ўсялякіх посьпехаў!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG