Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МАЛАДАЯ БЕЛАРУСЬ” ПРЭЗЭНТАВАЛА СВОЙ СЬПІС КАНДЫДАТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пра стварэньне кааліцыі “Маладая Беларусь” было абвешчана яшчэ ў студзені, але толькі цяпер грамадзкасьці была прэзэнтаваная выбарчая праграма гэтага аб’яднаньня і сьпіс з 36 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Лідэр кааліцыі Павал Севярынец так патлумачыў, чаму моладзь вырашыла аб’яднацца:

(Севярынец: ) “Ва ўсе часы гісторыі Беларусі менавіта моладзь брала на сябе адказнасьць за ўсю краіну. У самыя цяжкія, у самыя кепскія часы. І менавіта нам з вамі, нягледзячы на ўсю безнадзейнасьць, на ўсю апатыю, на ўсе цяжкасьці, якія ёсьць у нашым сёньняшнім жыцьці, выпадае несьці гэтую адказнасьць. Менавіта таму маладое пакаленьне, новая Беларусь мусіць браць на сябе ўвесь цяжар бездуховасьці, безнадзейнасьці, паразаў апошняга часу. Менавіта большасьць маладых людзей, якія сабраліся ў гэтай залі, ідуць на выбары”.

Тэзы-мінімум праграмы “Маладой Беларусі” акрэсьліваюцца як свабода, незалежнасьць і перамены. Калі ж кандыдатам ад кааліцыі ўдасца атрымаць дэпутацкі мандат, то яны будуць дамагацца эўрапейскага выбару, нацыянальнага і духовага адраджэньня Беларусі й стварэньня моцнай ды эфэктыўнай эканомікі. Сябры “Маладой Беларусі” заяўляюць, што яны супраць дыктатуры і за дэмакратыю. Кандыдаты ад “Маладой Беларусі” гавораць, што далучыліся да кааліцыі, бо вераць, што моладзі ўдасца перамагчы на выбарах. Гаворыць дэпутат Мастоўскага райсавету Алесь Зарамбюк:

(Зарамбюк: ) “Я веру ў моладзь. І адрозна ад іншых сілаў, я бачу запал і волю да перамогі менавіта ў маладых людзях. І сёньня мы павінны ісьці на выбары ня толькі “Маладой Беларусьсю”. Мы павінны аб’яднаць усе здаровыя сілы, якія хочуць, каб у гэтай краіне перамагла дэмакратыя, незалежнасьць і каб мы жылі ў сваёй беларускай дзяржаве”.

Прадстаўнікі старэйшага пакаленьня палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, што былі запрошаныя на прэзэнтацыю, выказвалі занепакоенасьць разьяднаньнем дэмакратычных сілаў напярэдадні выбараў. Гаворыць акадэмік Радзім Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) “Вельмі важнае сапраўднае аб’яднаньне. На жаль, калі паглядзіш нашу гісторыю, вельмі часта амбіцыі асобных лідэраў розных рухаў і партыяў робяць так, што распадаюцца нашыя блёкі, рухі. Я разумею, што палітык без амбіцыяў — таксама кепска. Але мне здаецца, трэба памятаць тыя словы, якія сказаў некалі ў вашым веку мой родны дзядзька Максім Гарэцкі: “Ахвярую сваім я ў імя сьвятога для ўсіх нас адраджэньня”.

Пра гэта таксама казаў і прадстаўнік эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” Анатоль Фёдараў.

Павал Севярынец сказаў, што “Маладая Беларусь” ужо ўключылася ў перамовы зь іншымі апазыцыйнымі сіламі ў справе выпрацоўкі агульнай стратэгіі ў часе выбараў.

Дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў параіў сябрам кааліцыі “Маладая Беларусь” уключыць у праграму тры пункты, каб перамагчы:

(Манаеў: ) “Я хацеў бы дадаць літаральна тры пункты, як падвысіць ролю моладзі ў барацьбе за вызваленьне Беларусі, дзеля пабудовы сапраўды свабоднай, незалежнай, квітнеючай краніы. Вось гэтыя тры прынцыпы — эўрапейская сыстэма каштоўнасьцяў, шырокі кругагляд, кансалідацыя ўнутры краіны і з адпаведнымі групамі на Ўсходзе ды на Захадзе. І высокі прафэсіяналізм”.

А.Манаеў таксама выказаў меркаваньне, што пасьля 2006 году Беларусь стане на дэмакратычны шлях разьвіцьця, і ў гэтым будзе немалая заслуга моладзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG