(Мужчына: ) “Улада вярхоўная! Улада павінна наводзіць парадак”.
(Мужчына: ) “Улады мясцовыя”.
(Мужчына: ) “Нашая сыстэма, якую спарадзіў Савецкі Саюз”.
(Мужчына: ) “Ва ўсім вінаваты мы самі, людзі. І я вінаваты. Дысцыпліны цяпер на вытворчасьці няма. Няма!”
(Дзяўчына: ) “Сам народ. Абыякавасьць яго да становішча ў рэспубліцы”.
(Мужчына: ) “Напэўна ж, улады, хто ж яшчэ вінаваты? Улады, ад іх шмат што залежыць, я думаю”.
(Мужчына: ) “А я думаю так: пакуль сьвядомасьць да чалавека ня прыйдзе, ніякая ўлада ня прымусіць”.
(Мужчына: ) “Парадак будзе тады, калі будзе агульная культура. Калі ня будзе культуры, ніколі парадку ня будзе. Ні-ко-лі!”
(Мужчына: ) “Усё ўпіраецца ў эканоміку. Калі эканомікі ня будзе – гамон. Тут і ў правасудзьдзі хабар будуць браць, і ўсе чыноўнікі будуць браць. На сто адсоткаў! Нават і казаць няма пра што. Вымушае эканоміка. А ў нас яна, прабачце, у мяккім месцы”.
(Студэнт: ) “Я мяркую, што ў нас у галіне эканомікі няма парадку, а ў дзяржаўным апараце – у нас поўны парадак”.
(Студэнт: ) “Усё ж парадку няма з прычыны таго, што ў краіне дрэнная сыстэма дэмакратыі”.
(Карэспандэнт: ) “ Хто вінаваты ў тым, што ў Беларусі няма дысцыпліны і парадку?”
(Мужчына: ) “Рыба пачынае гніць з галавы”.
(Ветэран: ) “Мы разумеем так, што сам прэзыдэнт вінаваты. Думка такая, што ўсе мы як быццам стаім за Беларусь. Як чагосьці ня стала, пайшлі супраць Беларусі. Гэта раз. Па-другое, ён быў сёньня царом райкаму ці райвыканкаму – і яго заўтра зноў сюды ж выпіхваюць. У нас у аблвыканкаме цяпер Якабсон. Хто яго абіраў? Ніхто! А я думаю, што трэба абіраць і ніжэйшае, і вышэйшае начальства, тады і парадак будзе. Устаю раніцаю, хачу памыцца. Адкручваю кран, а вады няма. Хто вінаваты? Кажуць, заліваюць басэйны Якабсона, таксама і Лукашэнкі. Ён зараз наставіў гэтых палацаў, а парадку не навёў”.
(Жанчына: ) “Ён і вінаваты – Рыгоравіч”.
(Жанчына: ) “У нас няма іншых начальнікаў – адзін начальнік на ўсю Беларусь”.
(Жанчына: ) “Я лічу, калі чалавек ня мог навесьці парадак у асобна ўзятым саўгасе, ён ня здолее навесьці парадак у краіне”.
Гэта былі адказы гамельчукоў на пытаньне: “Хто вінаваты ў тым, што ў Беларусі няма дысцыпліны і парадку?”