Самай актуальнай праблемай для настаўнікаў усіх школаў Віцебшчыны стаў апошнімі днямі прымусовы перавод на кантрактную сыстэму працаўладкаваньня. Дзеля азнаямленьня ўсім раздалі тыповыя формы кантрактаў, і цяпер настаўнікі абмяркоўваюць новыя ўмовы працы. Многія знаходзяць у іх пераважна ня вартасьці, а хібы.
Гаворыць Людміла Мікалаеўна, настаўніца расейскай мовы адной з віцебскіх школаў:
(Людміла: ) “Асабліва абураюцца настаўнікі, якія маюць вышэйшую катэгорыю, заслужаныя, аўтарытэтныя, якія адпрацавалі ў школе 20 і болей гадоў. Яны пытаюцца: “Чаму з намі падпісваюць кантракт толькі на паўтара году?” Ім адказваюць: “У нас з усімі так падпісваюць”. Бо ніякіх адмысловых крытэраў няма. Я размаўляла з настаўнікамі зь іншых школаў, і яны таксама абураюцца, хаця ў іх сытуацыя іншая. Там падпісваюць кантракты і на год, і на два, і на тры, але “за сьпіной” у калектыва: дырэктар сама вырашае, з кім і на які час заключыць кантракт”.
На думку спадарыні Людмілы, кантрактная сыстэма не прынясе настаўнікам нічога, акрамя новых праблемаў.
(Людміла: ) “Калі раней сачылі, каб у нас была стаўка, мусілі шукаць нам гадзіны або нейкія факультатывы, то цяпер са мной проста не працягнуць кантракту! Згубіць працу такім чынам вельмі проста!.. Я баюся, што гэта ўсё выкарыстаюць не для справы, а дзеля псыхалягічнага ціску, аж да кантролю, за каго ты галасуеш”.
Спасылаючыся на прэзыдэнцкі дэкрэт, чыноўнікі з раённых аддзелаў адукацыі змусілі тысячы настаўнікаў вобласьці падпісаць кантракты, не зважаючы на іхнае незадавальненьне. На адкрыты пратэст супраць прымусу наважыліся нямногія. Тамара Храпавіцкая, настаўніца гісторыі з Паставаў — адна зь іхнага ліку.
(Храпавіцкая: ) “Сорамна за калегаў! Многія паводзяць сябе так: мы ведаем, што гэта хвароба, але лячыць яе будзем пазьней. Праз тры гады, калі тэрмін кантракту скончыцца… Я напісала лісты ў дзяржаўную газэту “Звязда”, у Віцебскі аблвыканкам ды Міністэрства юстыцыі, каб яны адказалі, ці законна мяне пераводзяць на кантракт. Бо калі я бачу, што законнасьць парушаецца, што зь мяне робяць нейкую дурніцу, я буду пратэставаць. Я ж выкладаю курс “Правы чалавека”, і які маім вучням будзе прыклад, калі я ціхенька падпішу такі кантракт!”
На думку намесьніцы кіраўніка Пастаўскага раённага аддзелу адукацыі Людмілы Грачанік, перавод настаўнікаў на кантракты не прынясе ім ніякіх ускладненьняў.
(Грачанік: ) “Ніякіх складанасьцяў я тут ня бачу. Калі працаўнік добрасумленны, адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, то ў кантрактах нічога страшнага няма. Я лічу, што кантракт мусіць быць заключаны з кожным, каб людзі адчувалі, што ім увесь час трэба быць “у тонусе”. Нельга расслабляцца, і трэба працаваць. Ніякага ўціску чыіхсьці правоў у нас не было”.
Спадарыня Грачанік сьцьвярджае, што ніводзін настаўнік з сарака пяці школаў Пастаўшчыны ня выказаў незадавальненьня з нагоды пераводу на кантрактную сыстэму. Тым ня менш, такія выпадкі вядомыя, і ня толькі ў Пастаўскім, але і ў іншых раёных Віцебшчыны.