Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КАГО ЛУКАШЭНКА ПРЫЗНАЧЫЦЬ СВАІМ ПЕРАЕМНІКАМ?


Валянцін Жданко, Менск

Галоўнай тэмай большасьці лістоў на Свабоду цягам мінулых тыдняў заставаўся расейска-беларускі газавы канфлікт і ягоныя наступствы. Наша слухачка Тамара Мамчыц зь Віцебску ў сваім вялікім лісьце разважае над пытаньнем, чым павінны адказаць беларускія ўлады на ціск з боку Расеі. Адна з прапановаў наступная:

“Беларусь павінна ўвесьці візы і мытны дагляд усіх, хто едзе з Расеі. Дбайны гаспадар павінен ведаць, хто ў яго хаце начуе і адкуль паўзуць наркотыкі, няякасны кантрафактны тавар ды крымінал. Бо лепей затрымаць усё гэта непасрэдна перад увозам з Расеі і ня даць распаўсюдзіцца па ўсёй Беларусі, чым потым шукаць парэшткі на межах з Польшчай, Прыбалтыкай ды Ўкраінай. Карацей, як пісаў адзін рэпрэсаваны беларускі паэт з высылкі: “Вартуй, мой дружа, родны ганак. Я ліст пішу табе з Расеі...”

А каб пазбавіцца ад самаізаляцыі, урад Беларусі павінен, адкінуўшы ўсе свае асабістыя і пракамуністычныя комплексы, урэгуляваць ды аднавіць канструктыўныя і паважлівыя адносіны з Эўропай ды ЗША. Дзеля гэтага зусім няма патрэбы станавіцца на калені, проста неабходна сумленна і своечасова рэагаваць на ўсе папярэджаньні й выконваць усе дамоўленасьці і ўмовы Рады Эўропы, АБСЭ, ААН ды іншых паважаных міжнародных арганізацыяў — як і належыць прадстаўнікам эўрапейскага народу. Каб не была Беларусь, як некалі прызнаўся Лукашэнка, “як птушка з адным крылом”. Пры гэтым ён, на жаль, не патлумачыў, хто гэтыя крылы ў птушкі ўвесь час адкручвае”.

Зусім слушныя прапановы, спадарыня Мамчыц. Але наўрад ці выпадае чакаць, што Аляксандар Лукашэнка на дзясятым годзе свайго прэзыдэнцтва раптам рэзка зьменіць замежную палітыку і ператворыцца з самаўладнага аўтарытарнага лідэра ў прыхільніка дэмакратыі й далучэньня Беларусі да аб’яднанай Эўропы. Дарэчы, пра магчымасьць зьмены замежнапалітычнага курсу вялася размова кожны раз, як толькі пачыналіся непаразуменьні паміж Менскам і Масквой. Такое неаднойчы здаралася яшчэ ў эпоху Ельцына, у 1990-я гады. Але да рэальных крокаў насустрач Захаду справа ніколі не даходзіла.

Што да ўсталяваньня кантролю на беларуска-расейскай мяжы пры адначасова закрытых межах на ўсіх іншых кірунках — гэта было бы завяршэньнем самаізаляцыі Беларусі. Ні беларускія грамадзяне, ні эканоміка ад гэтага ня выйгралі бы, хутчэй наадварот. У такім выпадку краіна, вельмі верагодна, шпаркімі крокамі пачала бы рух ад аўтарытарызму да жорсткай дыктатуры.

Наступны ліст ад Кірыла Яраша зь Менску, слухач піша:

“Раней у мяне быў вельмі пэсымістычны погляд на сытуацыю ў Беларусі. Я не сумняваўся: Лукашэнка працягне тэрмін сваіх паўнамоцтваў; у Палату прадстаўнікоў ніхто з дэмакратычных актывістаў ня трапіць і г.д. А вось пасьля нядаўняга газавага крызысу надзея на лепшае ўсё ж зьяўляецца. Вельмі можа здарыцца, што Лукашэнка ўсё ж не наважыцца працягваць свайго прэзыдэнцкага тэрміну. У такім разе ён, відавочна, скарыстае ельцынскі сцэнар — прызначыць сабе пераемніка. Гэта могуць быць Латыпаў, Замяталін або які-небудзь Сідорскі. На жаль, любы зь іх, верагодна, будзе працягваць палітыку Лукашэнкі — бо толькі пры такой умове можа разьлічваць на ласку прэзыдэнта”.

Так, верагоднасьць таго, што Аляксандар Лукашэнка не наважыцца чарговы раз перапісваць Канстытуцыю, захоўваецца. Асабліва з улікам тых абставінаў, што і Ўладзімер Пуцін, і Леанід Кучма ўжо заявілі пра непрымальнасьць свайго змаганьня за трэці прэзыдэнцкі тэрмін, а таксама маючы на ўвазе магчымасьці ціску на беларускага лідэра з боку Масквы. Праўда, верагоднасьць гэтая, на маю думку, ня надта вялікая, але ўсё ж...

Каго б ні абраў Лукашэнка сваім пераемнікам, і якія б гарантыі пераемнасьці сваёй палітыкі ад яго ні атрымаў — у сапраўднасьці “Лукашэнка-2” у Беларусі наўрад ці паўторыцца. У любога новага лідэра зьявіцца магчымасьць у сьціслыя тэрміны згарнуць палітыку самаізаляцыі і ўвайсьці ў гісторыю Беларусі першым дэмакратычным прэзыдэнтам. Дарэчы, што да згаданых вамі, спадар Яраш, Латыпава і Замяталіна, то яны на прэзыдэнцкую пасаду прэтэндаваць ня могуць — як асобы, што нарадзіліся па-за межамі Беларусі.

Наш даўні слухач, былы настаўнік, удзельнік вайны Віктар Скараход зь Менску адклікнуўся на ліст Віталя Новіка, які прагучаў у нашым эфіры 28 студзеня. Віталь Новік, сам чалавек сталага веку, спрабаваў патлумачыць, чаму пэнсіянэры галасуюць менавіта так, а не інакш, чаму сярод іх папулярныя камуністычныя ідэі.

“Справа ня толькі ў тым, што мы ідэалізуем нашу маладосьць, — пісаў Віталь Новік. — Мы аб’ектыўна жылі вельмі нават няблага ў 1970-я — на пачатку 1980-х гадоў. Цяпер афіцыйная прапаганда сьцьвярджае, што Беларусь нібыта дасягнула таго ўзроўню, але гэта хлусьня. Пры Брэжневе я атрымліваў на сваёй пасадзе начальніка цэху 250–270 рублёў. На камунальныя паслугі ішло, сьмешна сказаць — 7 рублёў за трохпакаёвую кватэру. На харчаваньне — рублёў 60–70. Штомесяц 150 рублёў са свайго заробку я мог адкладваць (і адкладваў). Кожнае лета сям’ёй мы выяжджалі ў Крым ці ў Сочы. І гэта была звычайная савецкая сям’я: так у СССР жылі мільёны”.

Віктар Скараход, паслухаўшы гэтыя ўспаміны, падзяліўся ўласнымі назіраньнямі. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

“Зь Віталем Новікам мы, відаць, людзі аднаго веку. Але мае ўспаміны іншыя. З 1950-га аж да 1975 году мы з жонкай удвох працавалі ў школе. Агульная зарплата складала рублёў пад 350. Выхоўвалі траіх дзяцей. Мелі сядзібу — 22 соткі зямлі, трымалі карову, кабана, птушку, пчол сем сем’яў. Сваімі рукамі я пабудаваў хату, пасадзіў сад, выкапаў студню. Капейку ашчаджалі. Папоек ня ладзілі, я не п’янтос. Але не былі і аскетамі. Спраўлялі і хрэсьбіны, і дні нараджэньня дзяцей адзначалі. Апраналіся як належала вясковаму інтэлігенту. Час летніх канікул траціўся на тое, каб назапасіць сена на зіму. А пуцёвак на поўдзень атрымаць было нельга: іх настаўнікам не даставалася.

За 25 гадоў працы мы, два пэдагогі, змаглі пакласьці на ашчадную кніжку толькі 7 тысяч рублёў. Як можна было на гэтыя грошы штогод пяшчоціцца на пляжах? Я ведаю, што ў нашай, так бы мовіць, “роднай савецкай улады” не было іншага найвялікшага клопату, як толькі дабрабыт народу. Напэўна, таму яна і пакідала свайму працаўніку толькі 11 капеек з заробленага рубля — каб ён штогод мог пагрэцца на гэтыя грошы ў Ніцы ці на Гаваях. Вось і цяпер нашы аднагодкі крычаць у мікрафоны журналістаў: “Лукашэнка даў шчасьлівае жыцьцё, на хлеб і малако хапае”. А пра тое, што за камунальныя паслугі плаціць няма чым — маўчаць”.

Заканчвае Віктар Скараход свой ліст наступным зваротам да мяне:

“Вашымі камэнтарамі, Валянцін Пятровіч, я вельмі задаволены, стаўлюся да іх з павагай. Дык будзьце арбітрам, пратрыце кожнаму з нас вочы”.

Зразумела, спадар Скараход, той савецкі дабрабыт 1960–70-х гадоў, пра які з замілаваньнем згадвае Віталь Новік, быў адносны. Людзі ўжо забылі пасьляваенны голад, мелі танны хлеб, многім пасьля туляньня па чужых кутках ды інтэрнатах пашчасьціла атрымаць хоць і цесныя, але свае асобныя “хрушчоўкі”. Пра тое, як жывуць за “жалезнай заслонай”, на Захадзе — савецкія грамадзяне толькі здагадваліся. Цяжка было паверыць, што ў пераможанай Нямеччыне любы рабочы за год можа назьбіраць грошай на асабісты аўтамабіль, і што ў краме ён не стаіць у чарзе па каўбасу ці па масла.

Відавочна, усё магло быць інакш, калі б савецкія рабочыя выраблялі тыя тавары, якія былі запатрабаваныя на рынку, а ня тыя, якія загадвалі выпускаць Дзяржплян, ВПК і ЦК КПСС. Але рынкавай эканомікі ў СССР, як вядома, не было, а таму гіганцкія заводы выпускалі не каўбасу і не легкавыя аўтамабілі, а танкі, ракеты ды аўтаматы Калашнікава.

Ці выпадае папракаць людзей, усё актыўнае жыцьцё якіх прыпала на тую эпоху, што яны жылі менавіта так і што і сёньня працягваюць трымацца за мінулае? Напэўна, гэта было бы неміласэрна і жорстка. У людзей не было выбару, і ў іх ужо няма магчымасьці зьмяніць сваё жыцьцё. Іншая рэч — дзейныя палітыкі, якія выбралі гэтыя грамадзкія настроі спосабам заваяваньня і ўтрыманьня асабістай улады. Вярнуць краіну ў тое савецкае мінулае — з моцнай цэнтралізаванай уладай, плянавай дзяржаўнай эканомікай і цалкам залежнымі ад дзяржавы грамадзянамі — і немагчыма, і беспэрспэктыўна, і бессэнсоўна. Але ўсё мінулае дзесяцігодзьдзе ўлады Беларусі спрабавалі зрабіць менавіта гэта.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Віктар Кулукоў з Гомеля, Ільля Копыл і Валеры Грыцук зь Менску, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Алесь Шустоўскі з Барысава і Сяржук Буравы з расейскага мястэчка Старадуб Бранскай вобласьці.

Наступны агляд пошты вы пачуеце, як заўсёды, у нядзелю. Многія слухачы пытаюцца, чаму перадача не выходзіла ў эфір на мінулым тыдні. На жаль, маёй сустрэчы з вамі, шаноўныя аўтары лістоў на Свабоду, перашкодзіла хвароба. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG