Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МАЕ ДАЧЫНЕНЬНЕ ДА ФІНАНСАВАЙ ПІРАМІДЫ ТЭАТАР “ХРЫСТАФОР”?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пад пагрозай апынулася рэпутацыя беларускага тэатру “Хрыстафор” і асабіста яе мастацкага кіраўніка Яўгена Крыжаноўскага. Актор, вядомы таксама спробай стаць прэзыдэнтам Беларусі, апынуўся ў цэнтры фінансавага скандалу. Паводле сьледчых менскай міліцыі, фірма “Хрыстафор клірынг”, якую Яўген Крыжаноўскі заснаваў разам зь яшчэ двума акторамі тэатру, ёсьць звычайнай фінансавай пірамідай для падману даверлівых кліентаў. Розьніца паміж ёй і пірамідамі кшталту “МММ” толькі ў тым, што кліентамі “Хрыстафор клірынг” былі не асобныя грамадзяне, а дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі.

Фірма “Хрыстафор клірынг” дапамагала прадпрыемствам збываць вэксалі беларускага прадпрыемства “Белтрансгаз”, якіх за апошнія тры гады было выпушчана столькі, што кошт іх на рынку каштоўных папераў зьнізіўся на 30–40%. Але хрыстафораўская фірма купляла вэксалі фактычна за намінал, толькі грошы абяцала заплаціць пазьней. На гэта спакусіліся дзясяткі арганізацыяў. Вэксалі яны фірме перадалі, а грошай дагэтуль не атрымалі. Іх прэтэнзіі да “Хрыстафор клірынг” цяпер налічваюць сотні мільёнаў рублёў і дагэтуль цалкам ня вызначаныя. Маёмасьць фірмы арыштаваная, яе кіраўнік Сяргей Купецкі ўцёк за мяжу.

Паколькі ў справе як сузаснавальнік фірмы фігуруе і Яўген Крыжаноўскі, ён цяпер ходзіць на допыты да сьледчых у менскі сьледчы камітэт. Яўген Крыжаноўскі заяўляе, што ні ў чым не вінаваты і сам пацярпеў з прычыны сваёй даверлівасьці.

(Крыжаноўскі: ) “Хрыстафор” ні пры чым, “Хрыстафор” сам ахвяра. Мы страцілі 10 мільёнаў рублёў, гэта 5 тысяч даляраў. У нас апісалі нашую маёмасьць ня вельмі багатую — гэта кампутар, тэлефоны, сталы, крэслы, шафы. Але самае галоўнае, што імя “Хрыстафора”, імя Крыжаноўскага заплямленае”.

Чаму артысты даверыліся махляру? Паводле Яўгена Крыжаноўскага, Сяргей Купецкі паабяцаў дадаткова фінансаваць тэатар “Хрыстафор”, якому ўвесь час не хапала грошай. За гэта трэба было толькі паставіць подпісы пад дакумэнтамі аб заснаваньні фірмы. Што ён добры фінансавы спэцыяліст, Сяргей Купецкі пацьвердзіў дзяржаўнымі ліцэнзіямі на права займацца каштоўнымі паперамі й дыплёмам курсаў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі. А пра тое, што Купецкі раней быў пад судом, акторы ня ведалі, сьцьвярджае Яўген Крыжаноўскі. Цяпер ён вельмі непакоіцца, што Сяргей Купецкі, які ўцёк у Расею, можа і там ганьбіць тэатар. “Ён жа ўцёк зь пячаткай фірмы, на якой стаіць імя “Хрыстафор”, — паскардзіўся мне актор у перапынку паміж здымкамі чарговага гумарыстычнага сюжэту для БТ.

(Крыжаноўскі: ) “Праца працягваецца. У нас засталіся кантракты з “Аншлягам”, зь Беларускім тэлебачаньнем. Але ж справа пра Крыжаноўскага і фінансавую піраміду толькі-толькі пачалася. І што там будзе далей, ніхто ня ведае”.

Адмыслоўцы заўважаюць, што ў гэтай гісторыі ёсьць яшчэ адзін бок — фінансавы. Вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць ненармальным стан, калі рынак каштоўных папераў Беларусі запаланілі вэксалі дзяржаўнага прадпрыемства “Белтрансгаз”, якія не падмацаваныя грашыма.

(Раманчук: ) “Гэта сьведчыць пра тое, што на рынку каштоўных папераў “Белтрансгаз” як дзяржаўнае прадпрыемства фактычна падманвае тых, хто купляе яго вэксалі, хто крэдытуе гэтае прадпрыемства”.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, фінансавыя махінацыі дзялкоў зь фірмы “Хрыстафор клірынг” сталі магчымыя з прычыны недасканаласьці беларускага рынку каштоўных папераў і манапольнага стану “Белтрансгазу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG