Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ЛЯКАТАР ПАД БАРАНАВІЧАМІ ПАГРАЖАЛІ АДКЛЮЧЫЦЬ АД ЭЛЕКТРЫЧНАСЬЦІ


Юры Сьвірко, Менск

Праз два тыдні пасьля таго, як Расея 18 лютага спыніла пастаўкі газу ў Беларусь, зьявілася інфармацыя, што расейскім вайсковым аб’ектам на тэрыторыі Беларусі ў той жа дзень пагражалі адключэньнем электраэнэргіі, таму радыёлякацыйная станцыя “Клецк” была вымушаная нават задзейнічаць свае аўтаномныя дызэльныя генэратары.

Камандзір Вялейскай станцыі сувязі з караблямі вайскова-марскога флёту Расеі капітан першага рангу Ўладзімер Кузьняцоў заявіў, што на ягоным аб’екце электраэнэргію ніхто не адключаў, хаця такое пытаньне расейскіх вайскоўцаў сапраўды хвалюе:

(Кузьняцоў: ) “Я нават са сваім энэргетыкам размаўляю — калі, крый божа, адключыце? Яны кажуць: не адключым, бо ёсьць указаньне прэзыдэнта — вайсковыя аб’екты не адключаць, у тым ліку расейскія. Мо там якія-небудзь даўгі ў Клецку?”

Спадар Кузьняцоў дадаў, што ягоная станцыя каля Вялейкі даволі малая — сёлета там ня сталі нават ствараць участку для галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Расеі. Каля сотні расейскіх грамадзян павязуць адтуль галасаваць у Менск. А вось у Клецку будзе працаваць асобны ўчастак па выбарах прэзыдэнта Расеі — побач з радыёлякацыйнай станцыяй, якая знаходзіцца на мяжы Клецкага й Ганцавіцкага раёну, жыве амаль 800 расейскіх выбарцаў.

Намесьнік камандзіра гэтай расейскай вайсковай часткі падпалкоўнік Сяргей Смаленскі на пытаньне, ці пазбавілі ягоны аб’ект электраэнэргіі 18 лютага, адказаў гэтак:

(Смаленскі: ) “Не, не адключалі. Была такая небясьпека, але, як кажуць, рэальна яна не ажыцьцявілася. Гэта была не пагроза, проста пэўная запазычанасьць сапраўды існуе, і нас “папярэдзілі”.

Кіраўніцтва станцыі, якая афіцыйна называецца “Вузел папярэджаньня аб ракетным нападзе Баранавічы”, адпаведным чынам адрэагавала на гэтае папярэджаньне ды падрыхтавала аўтаномныя дызэльныя генэратары энэргіі. Паводле падпалкоўніка Смаленскага, цяпер запазычанасьць ліквідаваная. Але тэарэтычная магчымасьць адключэньня па-ранейшаму ёсьць.

Дзяжурны Клецкіх электрасетак сказаў, што расейская станцыя сілкуецца ня з Клецку:

(Дзяжурны: ) “Мы яе не абслугоўваем. Там свая падстанцыя, і да нас яны дачыненьня ня маюць. Яны сілкуюцца празь лінію Слуцак–Машукі. Там лінія ідзе 110 кілавольт”.

Вось гэтую лінію і зьбіраліся адключыць адразу пасьля спыненьня паставак газу з Расеі. Гэта супала з паведамленьнямі пра тое, што Аляксандар Лукашэнка даручыў беларускаму Міністэрству абароны выставіць рахунак за клецкі радыёлякатар, які адсочвае пускі ўсіх ракетаў. Газэта “Русский курьер” спасылаецца на сваю крыніцу ў вайсковым ведамстве Беларусі й піша пра некалькі мажлівых варыянтаў платы за гэтую станцыю. Выданьне нагадвае, што яшчэ ў 1995 годзе Расея ды Беларусь падпісалі пагадненьне, паводле якога нерухомасьць і ўчастак зямлі, што належыць вузлу “Баранавічы”, перадалі расейскаму боку на 25 гадоў бясплатна й без падаткаў. Але Міністэрства абароны Беларусі вывучае расейска-азэрбайджанскую дамову пра функцыянаваньне падобнай радыёлякацыйнай станцыі “Габала”, за якую Масква плаціць штогод 7 мільёнаў даляраў. Паколькі станцыя ў Азэрбайджане старая ды разьлічаная толькі да 2012 году, Менск нібыта хоча ўзяць з Расеі за вузел “Баранавічы” больш.

Варта дадаць, што адначасова з пагадненьнем аб станцыі пад Баранавічамі быў падпісаны аналягічны дакумэнт наконт расейскай станцыі сувязі з вайсковымі караблямі пад Вялейкай. За гэтыя аб’екты паводле тарыфаў для беларускіх прадпрыемстваў плацяць адпаведна ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня і вайскова-марскі флёт Расеі.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG