Старшыня Беларускага жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна гаворыць, што першапачатковы сэнс сьвята 8 сакавіка — прыцягненьне ўвагі да праблемаў жанчын. У Беларусі ж гэты дзень, як і ўсе апошнія дзесяцігодзьдзі, адзначаецца ў форме ўшанаваньня жанчынаў, а насамрэч — як дзень адкупленьня перад жанчынамі, мяркуе Людміла Пеціна:
(Пеціна: ) “На жаль, гэта ўсё адбываецца ў такіх патрыярхальных традыцыях. Жанчына — гэта самае прыгожае, яны мусяць быць ласкавымі і гэтак далей. Усё гэта мае на ўвазе, што жанчыны, як і раней, мусяць абслугоўваць мужчынаў. На самой справе ў гэты дзень трэба гаварыць аб сапраўдных фактах і праблемах жанчын. На сёньняшні дзень беларускія жанчыны — самая якасная сацыяльная група. Жанчыны больш адукаваныя й прафэсійныя. І мы маем права патрабаваць увагі да тых праблемаў, якія ёсьць у беларускіх жанчын — гэта дыскрымінацыя ў сфэры працы, непрадстаўленасьць жанчын у сфэры прыняцьця рашэньняў...”
Людміла Пеціна распавядае пра досьвед іншых краінаў у справе прыцягненьня ўвагі да праблемаў жанчын:.
(Пеціна: ) “Напрыклад, у Амэрыцы праводзіцца штогод на дзень сьвяткаваньня 8 сакавіка, а цягам усяго сакавіка, асабліва ва ўнівэрсытэцкім асяродку, дзе ладзяцца жаночыя дасьледаваньні, праводзяцца розныя мерапрыемствы, якія прыцягваюць увагу да становішча і праблемаў жанчын. Такіх патрыярхальных традыцыяў, як у нас у Беларусі, у Расеі, у некаторых краінах Сярэдняй Азіі, у цывілізаваным сьвеце няма”.
Гэта была лідэрка Беларускага жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна. А старшыня аб’яднаньня “Беларуская пэрспэктыва” Валянціна Трыгубовіч прынцыпова не сьвяткуе 8 сакавіка:
(Трыгубовіч: ) “Па-першае, ідзе вялікі пост, і ніякіх сьвяткаваньняў у гэты час ня робіцца. Па-другое, гэта сьвята жанчын-рэвалюцыянэрак, а я сябе не лічу рэвалюцыянэркай. А па-трэцяе, жаночыя праблемы не абмяжоўваюцца адным днём, і нават нейкім афіцыйным сьвятам. Яны прысутнічаюць на працягу ўсяго году, іх трэба вырашаць сыстэмна, плянава. І я не люблю аўральшчыны, калі ў адзін дзень імкнуцца выліць на галаву ўсе парфумы, уручыць усе кветкі. А жаночыя праблемы існуюць у грамадзтве й патрабуюць сур’ёзнага да сябе стаўленьня”.
Несьвяточны настрой сёньня і ў старшыні “Праваабарончага альянсу” Людмілы Гразновай:
(Гразнова: ) “Трэба казаць пра тое, як адчуваюць сябе нашыя беларускія жанчыны ў гэтым грамадзтве, таму што становішча вельмі балючае й нездавальняючае. Цяпер хаджу па кватэрах, зьбіраю подпісы, знаёмлюся і гляджу, як дрэнна жывецца і маладым, і старым, і працоўным, і беспрацоўным жанчынам. Патрыярхальныя стэрэатыпы становяцца больш моцныя, жанчыны ўсё больш падпадаюць пад уціск сваіх мужоў, родзічаў, начальнікаў на працы”.