Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

У габрэйскім сьвеце сёньня адзначаецца Пурым. Гэтае сьвята паходзіць ад падзеі, што апісваецца ў Кнізе Эсфіры: знакамітае вызваленьне пэрсыдзкіх габрэяў ад свайго прыгнятальніка Амана. У гэты дзень Талмуд дазваляе габрэю піць датуль, пакуль ён ня зможа адрозьніваць фразу «Няхай жыве Мардэхай!» ад фразы «Хай будзе пракляты Аман!» У сучасным Ізраілі Пурым ператвараецца ў сапраўдны карнавал.

Гістарычныя даты.

9 сакавіка 1918 году Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Зьезду прымае Другую Ўстаўную Грамату. Беларусь абвяшчаецца Беларускай Народнай Рэспублікай, дэмакратычнай, парлямэнцкай і прававой дзяржавай. Заканадаўчая ўлада ў БНР перадаецца Радзе Ўсебеларускага Зьезду, а выканаўчая – Народнаму Сакратарыяту Беларусі. Абвяшчаецца нацыяналізацыя зямлі, яе нетраў, лясоў і азёр. Другая Ўстаўная Грамата яшчэ не вызначала дакладнай тэрыторыі дзяржавы і характару дачыненьняў БНР зь іншымі дзяржавамі. Неўзабаве, 25 сакавіка 1918 году будзе прынятая Трэцяя Ўстаўная Грамата, якая канчаткова абвесьціць Беларусь незалежнай краінай.

9 сакавіка 1953 году ў Маскве хаваюць Сталіна. Тысячы людзей прыйшлі паглядзець на правадыра. Многія зь іх загінуць у цісканіне на Краснай плошчы. Цела дыктатара разьмяшчаюць у Маўзалеі, над уваходам якога побач са словам “Ленін“ зьяўляецца другое імя – “Сталін“…

Сёньня спаўняецца 550 гадоў слыннаму флярэнтыйскаму мараходцу Амэрыга Вэспучы, у гонар якога названая Амэрыка, і 190 гадоў украінскаму песьняру Тарасу Шаўчэнку.

9 сакавіка 1883 году нарадзіўся Францішак Аляхновіч, беларускі драматург, адзін з стваральнікаў новага нацыянальнага тэатру.

9 сакавіка 1890 году нарадзіўся Вячаслаў Молатаў, савецкі кіраўнік, апошні з кагорты Сталіна. Гэта Молатаў, будучы міністрам замежных справаў СССР, падпісаў разам зь міністрам замежных справаў Нямеччыны Рыбэнтропам сумнавядомы пакт і сакрэтныя пратаколы да яго. Цікава, што пры Хрушчове Молатава выключылі з партыі за ягоную прасталінскую дзейнасьць і далей увесь час савецкі пэнсіянэр Молатаў падаваў просьбы, каб яго ў партыі аднавілі. Але ні Брэжнеў, ні Андропаў на гэта не пагадзіліся. І толькі Канстанцін Чарненка прыняў ва ўлоньне партыі заблукалага сына.

Таксама сёньня спаўняецца 70 гадоў Юрыю Гагарыну – першаму ў сьвеце касманаўту. Цікава, што ўраджэнец Смаленшчыны Гагарын лічыў сябе беларусам і напамяць расказваў запомнены зь дзяцінства вершык Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык“. У космасе ён адзін раз абляцеў Зямлю і прабыў у цэлым 108 хвілінаў – ад узьлёту да пасадкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG