Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫКІ ПРАПАНУЮЦЬ УВЕСЬЦІ ПАЛІТЫКУ “ПАЗЫТЫЎНАЙ ДЫСКРЫМІНАЦЫІ” ЖАНЧЫН


Натальля Судлянкова, Прага

Галоўная праява дыскрымінацыі, зь якой найчасьцей сустракаюцца жанчыны – гэта дыскрымінацыя на працоўным месцы. Так, у Чэхіі жанчыны ў сярэднім атрымліваюць на пяць тысячаў кронаў у месяц меней, чым мужчыны на тым самым працоўным месцы. Звычайна кіраўнікі прадпрыемстваў тлумачаць гэтую розьніцу тым, што жанчыны не маюць адпаведнага працоўнага стажу.

Вельмі цяжка знайсьці сталую працу маладой дзяўчыне, бо ўладальнікі й кіраўнікі кампаніяў перакананыя, што яна будзе імкнуцца адразу зацяжараць, а потым тры гады будзе даглядаць дзіця. Нават больш доўгае жыцьцё жанчын у параўнаньні з мужчынамі стала недахопам, бо пэнсія, якую атрымліваюць жанчыны звычайна меней, чым пэнсія мужчынскай паловы насельніцтва. Дарэчы, і на пэнсію жанчынам трэба сыходзіць раней, чым мужчынам, хаця вялікая частка жанчын застаецца ў гэтым узросьце сацыяльна актыўнымі.

Тры гады таму кіруючая ў Чэхіі сацыял-дэмакратычная партыя вырашыла пачаць кампанію гэтак званай пазытыўнай дыскрымінацыі. Прапановы сацыял-дэмакратаў палягалі ў тым, каб заканадаўча ўвесьці мінімальную колькасьць жанчын у дзяржаўных і заканадаўчых органах. Меркавалася, што прынамсі траціну гэтых месцаў меліся б заняць жанчыны. Аднак, гэтыя пляны так і не былі рэалізаваныя. Супраць, як ні дзіўна, паставіліся самі жанчыны.

Вось, напрыклад, меркаваньне адной з самых яскравых жанчын-палітыкаў Чэхіі акторкі Тацяны Фішаравай, якая цяпер займае пасаду намесьніка старшыні парлямэнцкай камісіі ў пытаньнях навукі, адукацыі й культуры:

(Фішарава: ) “Мушу прызнаць, што мяне гэтая сытуацыя не натхняе. Магчыма, было б карысна ўвесьці пазытыўную дыскрымінацыю, калі б гаворка йшла пра колькасьць дзяцей цыганскага паходжаньня ў школах. Але калі гаворым пра жанчын у палітыцы, дык гэта ўвогуле не рашэньне. Праблема палягае ў тым, што жанчыны ня могуць апроч вырашэньня сямейных праблем яшчэ праходзіць праз адбор у сваіх палітычных партыях. Таму можа атрымацца сытуацыя, калі дзеля напаўненьня квотаў на партыйныя або дзяржаўныя пасады будуць запрошаныя жанчыны, якія не адпавядаюць гэтай пасадзе. Справа ў тым, што кіраваць павінны здатныя асобы, але такіх мы ня атрымаем праз увядзеньне сыстэмы квотаў”.

Правал чэскіх намаганьняў увесьці пазытыўную дыскрымінацыю не адбіўся на плянах іх славацкіх калег. Некалькі дзён таму кіруючая партыя краіны прапанавала завесьці квоту пра выбарчыя сьпісы дэпутатаў: траціна – жанчынам. Некаторыя найболей адважныя дэпутаты й дэпутаткі нават прапанавалі гэтую квоту павялічыць. Абмеркаваньне законапраекту абяцае быць вельмі бурным. Тым ня менш, кожная палітычная партыя імкнецца вылучыць так бы мовіць жаночы твар партыі. Але славацкія жанчыны-палітыкі кажуць, што менавіта гэта і ёсьць самай яскравай праявай дыскрымінацыі – жанчына, як упрыгожаньне перадвыбарчага плякату.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG