У нарадзе ўдзельнічалі 38 прэтэндэнтаў у кандыдаты з 23 гарадоў Беларусі. Адзін з арганізатараў нарады, намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч так патлумачыў мэту гэтага сходу:
(Івашкевіч: ) “Пасьля таго, як я далучыўся да працы ўправы, з новага году, аб’ехаў больш за 15 гарадоў і ўбачыў, што, за рэдкім выключэньнем, усе сядзяць і чакаюць нейкіх рэсурсаў, нейкіх узгадненьняў, афіцыйнага абвяшчэньня выбараў, невядома чаго. Карацей, чакаюць, абы нічога не рабіць. І задача была – сабраць кандыдатаў і даць ім імпульс. Каб яны пачалі працаваць ужо зараз”.
Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка казаў прэтэндэнтам пра агульнапалітычную сытуацыю ў Беларусі, ягоны намесьнік Юры Хадыка – пра кааліцыйнае супрацоўніцтва ў рамках “Пяцёркі плюс”, ды ўзаемаадносіны зь іншымі апазыцыйнымі аб’яднаньнямі. Прэтэндэнтам таксама тлумачылі, на якія тэмы лепей размаўляць з выбаршчыкамі, і як юрыдычна правільна рыхтаваць дакумэнты для рэгістрацыі.
У выніку была зацьверджаная праграма дзеяньняў на перадвыбарчы пэрыяд. Яна ўключае арганізацыю сэмінараў, выступы ў недзяржаўнай рэгіянальнай прэсе, арганізацыю сыстэмы распаўсюду незалежных газэтаў і абыход кватэраў выбаршчыкаў.
Паводле такой праграмы ужо даўно працуе старшыня Барысаўскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Сяргей Салаш:
(Салаш: ) “Я працую перадусім у сваёй мясцовай акрузе. Зьвяртаюся ў выканаўчыя і прадстаўнічыя структуры гораду ў справе паляпшэньня камунальнай гаспадаркі. У прынцыпе, вынік ёсьць. А таксама працую і на будучую парлямэнцкую акругу, якая займае амаль увесь горад Барысаў. Робім абыход кватэраў, ствараем праблемныя пашпарты дамоў, таксама зьвяртаемся ў адпаведныя структуры ў справе вырашэньня пэўных праблемаў, фармуем каманды. Праца ідзе”.
Такія нарады з прэтэндэнтамі кіраўніцтва Партыі БНФ зьбіраецца ладзіць пастаянна.