Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Анатоль Шумчанка згадвае:

(Шумчанка: ) “Катастрафічнае становішча — я бы гэтак яго назваў, катастрафічнае. Сёньня гаворку аб разьвіцьці бізнэсу весьці ўвогуле немагчыма. Неяк Аляксандар Лукашэнка сказаў вэтэранам: “Я загадваю вам выжыць”. Вось і мне даводзіцца прадпрымальнікам казаць, што іх задача — проста выжыць у гэтай сыстэме”.

Яшчэ год таму мала хто ў Беларусі ведаў прадпрымальніка Анатоля Шумчанку і створаную ім арганізацыю “Пэрспэктыва”. Вядомасьць прыходзіла да Анатоля Шумчанкі паступова разам з удалымі акцыямі, арганізаванымі лідэрам “Пэрспэктывы” ў абарону дробнага бізнэсу. Згадаю толькі некаторыя зь іх. Гэта мітынгі гандляроў рынку “Трактар”, працэсы ў абарону ўладальнікаў менскіх шапікаў, дапамога віцебскім галадоўнікам, калі сумеснымі намаганьнямі была разарваная інфармацыйная блякада вакол гэтай падзеі, і ўлады вымушаныя былі распачаць дыялёг з прадпрымальнікамі. Апошняя перамога Анатоля Шумчанкі дасягнутая ў судовай залі. Зь яго зьнялі абвінавачаньне ў правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу, што ў беларускіх умовах здараецца вельмі рэдка.

Чаму апраўдалі лідэра прадпрымальніцкай арганізацыі? Сам ён лічыць, што дапамаглі салідарнасьць прадпрымальнікаў, бездакорна пабудаваная адвакатам абарона і боязь уладаў, што несправядлівае пакараньне лідэра прадпрымальнікаў спрычыніцца да масавай акцыі пратэсту. У тым, што такія акцыі сапраўды непазьбежныя, Анатоль Шумчанка перакананы. Ён зыходзіць з таго, што становішча прадпрымальнікаў усё пагаршаецца: уладамі парушаюцца іх грамадзянскія правы, чыноўнікамі ігнаруюцца законы, які мусяць рэгуляваць працу дробных і сярэдніх бізнэсоўцаў. Анатоль Шумчанка пералічвае праблемы прадпрымальнікаў:

(Шумчанка: ) “Касавыя апараты, якія каштуюць 300 даляраў, гэта вельмі дорага для вулічнага гандляра. Увядзеньне мытаў на тавары з Расеі таксама зробіць ягоны бізнэс стратным. А вы дадайце яшчэ страты на сацыяльнае страхаваньне, на ліцэнзаваньне, якія ўвесь час павялічваюцца. Тым часам больш жорсткімі становяцца пакараньні. Цяпер за дробнае парушэньне правіла гандлю на вуліцы ўвогуле адбіраюць ліцэнзію. Вось усе гэтыя моманты зьбіраюцца ў адзін клубок, які можа стаць каталізатарам таго, што было ў Віцебску”.

Пра тое, што лідэр “Пэрспэктывы” не перабольшвае, сьведчаць зусім нядаўнія падзеі ў Магілёве і Гомлі. Нагадаю, у Магілёве 4 сакавіка прадпрымальнікам адмовілі ў прывядзеньні мітынгу ў абарону іх правоў. А ў Гомлі прайшлі стыхійныя пікеты прадпрымальнікаў з пратэстамі на адрас мясцовых уладаў. Распавядае наш гомельскі карэспандэнт Казімер Яноўскі:

(Яноўскі: ) “Напачатку гэтага тыдня гомельскія прадпрымальнікі з Прудкоўскага і Цэнтральнага рынкаў пікетавалі будынак аблвыканкаму. Яны патрабавалі, каб абласны выканаўчы камітэт адмяніў сьнежаньскае рашэньне гарвыканкаму, паводле якога з 1 сакавіка на рынку прадпрымальнікі павінны былі паставіць касавыя апараты. Распавядае прадпрымальніца Прудкоўскага рынку, якая назвалася Людмілай:

(Людміла: ) “Увядзеньне касавых апаратаў прывядзе да таго, што каля 70% прадпрымальнікаў вымушаныя будуць пакінуць свой занятак. Таму ўсе мы цяпер і сабраліся. Прадпрымальнікі плацяць падаткі, даюць працоўныя месцы, плацяць сацыяльныя страхоўкі, займаюцца сэртыфікацыяй тавараў. Наша кішэня не гумовая. Калі гарадзкія ўлады без супынку будуць залазіць у нашую кішэню, то заўтра яна застанецца зусім пустая”.

Ейны калега Сяргей Касьцючэнка ня супраць касавых, але пры пэўнай умове:

(Касьцючэнка: ) “Прадпрымальнікі ня супраць касавых апаратаў. Аднак ёсьць невялічкае “але”. Мы згодны заплаціць, паставіць яго. Але ж давайце і падатак плаціць ад сумы, якую мы выбіваем на касавых апаратах”.

Праўдападобна, гэтыя самыя касавыя апараты для чыноўніцкага апарату сталі нейкім сродкам стварэньня нэрвовасьці ў асяродку прадпрымальнікаў. Між тым, адпаведным дэкрэтам даўно вызначана, што не мясцовыя органы ўлады, а выключна Міністэрства гандлю вызначае, дзе могуць быць пастаўленыя апараты падсумаваньня.

Вось як гэта патлумачыў пікетоўнікам рэгіянальнага начальнік камітэту прадпрымальніцтва і інвэстыцыяў Юры Кісялёў:

(Кісялёў: ) “Мінгандлю павінен сказаць: тут ставіць, а тут ня ставіць. А ў нас гэта скінулі на абласны ўзровень, а потым на ўзровень гаррайвыканкамаў. Яшчэ каштуе велізарнай працы, каб пераканаць чыноўнікаў, што яны памыляюцца”.

Абсурднасьць сытуацыі відавочная. Разнастайнымі паборамі ўлады вымушаюць дробных гандляроў адмаўляцца ад свайго занятку. Страціўшы працу на рынку, прадпрымальнікі вымушаныя ісьці ў цэнтар занятасьці насельніцтва. Там ім сплачваюць грошы як беспрацоўным альбо прапануюць займацца прадпрымальніцтвам. Прычым, выдзяляюць на падтрымку сродкі зноў-такі зь бюджэту.

4 сакавіка дырэктар Прудкоўскага рынку Юры Мільто выдаў загад, паводле якога ў палове ралетных месцаў касавыя апараты ставіць ня трэба. Аднак рэалізацыя сямі групаў тавараў (мэблі, футра ды іншых) павінна весьціся з касавымі апаратамі”.

Лідэр прадпрымальніцкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, камэнтуючы падзеі ў Гомлі і Магілёве, заўважыў, што посьпех акцыі ў Віцебску меў яшчэ адзін складнік — гэта салідарнасьць зь віцебскімі гандлярамі. Акцыі ў іх падтрымку прайшлі 12 лютага на менскіх рынках і ў іншых месцах краіны. “Але самае галоўнае — гэта рашучасьць саміх прадпрымальнікаў весьці барацьбу за свае правы і не саступаць бяз пэўных вынікаў”, — адзначыў Анатоль Шумчанка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG