На тле рэзкага пагаршэньня стасункаў з Масквой перад афіцыйным Менскам паўстае задача пошуку стратэгічнага партнэра. На якіх умовах такім партнэрам можа стаць Захад – аб’яднаная Эўропа ці Злучаныя Штаты? Ці могуць зьнешнепалітычным апірышчам Беларусі стаць яе стасункі з суседзямі – сябрамі Эўразьвязу, найперш Польшчай?
Гэтыя тэмы ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць: з Варшавы – старшыня “Ўсходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтру” Павал Казанэцкі, з Вашынгтону – супрацоўнік дасьледнага цэнтру Heritage Foundation Арыэль Коэн, зь Менску – супрацоўнік Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў і з Масквы – ваенны аналітык Павал Фэльгэнгаўэр.
(Дракахруст: ) “Беларуска-расейскі газавы канфлікт, які дасягнуў свайго апагею 18 лютага, напрыканцы месяца крыху залагодзіўся. Праўда, менавіта цяпер адбыўся абмен рэзкімі рэплікамі паміж прэсавымі сакратарамі Лукашэнкі і Пуціна, дый самая пэрспэктыва паставак газу ў Беларусь застаецца даволі цьмянай. Але ў любым выпадку нават калі сытуацыя так ці інакш вырашыцца, стасункі паміж Беларусяй і Расеяй паводле выразу Лукашэнкі будуць “надоўга атручаныя газам”. З абодвух бакоў было столькі сказана і зроблена, што вяртаньне нават не да інтэграцыі, а да добрасуседзкіх, саюзьніцкіх адносінаў выглядае ня надта верагодным.
Раней замежная палітыка Беларусі палягала ў спадзеве на палітычны і эканамічны расейскі парасон, зараз ці не галоўная праблема афіцыйнага Менску – як абараніцца ад бліжэйшага саюзьніка. А сапраўды як? Якія зьнешнепалітычныя альтэрнатывы ёсьць у Беларусі?
Гаворыць супрацоўнік Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў.
(Фёдараў: ) “Рэальна можа быць толькі два варыянты. Першы – гэта Захад, і другі – гэта выбар свайго шляху паводле прыкладу Паўночнай Карэі, на базе ідэі "чучхэ", апоры выключна на ўласныя сілы.”
(Дракахруст: ) “Магчыма, яшчэ наагул рана казаць, што ў беларуска-расейскіх адносінах, так бы мовіць, “усе гаршкі ўжо пабітыя”. На сёе-тое кіраўніцтва Беларусі можа яшчэ на ўсходнім накірунку разьлічваць, нездарма ва ўсіх заявах прадстаўнікоў афіцыйнага Менску падчас газавага канфлікту гучалі спадзевы на расейскі народ, які, маўляў, дасьць належную ацэнку паводзінам Крамля. Гаворыць расейскі аналітык Павал Фельгэнгаўэр”.
(Фэльгэнгаўэр: ) “У Пуціна і Лукашэнкі ня склаліся адносіны. Яны адзін аднаго не пераносяць. Натуральна, што пуцінскае стаўленьне да Лукашэнкі – не сакрэт для расейскай палітычнай эліты. І тыя, хто надта цягнецца за Пуціным, яны цяпер супраць Лукашэнкі. Больш рафінаваным ён не падабаецца і сам па сабе, але зараз стаўленьне да яго вызначаецца ня гэтым. У той жа час у яго тут ёсьць і прыхільнікі, у тым ліку і сярод ваенных, якія лічаць, што ён – нармальны, "наш чалавек" і ня трэба на яго гэтак упарта "наяжджаць". Для іх Лукашэнка ня горшы за Пуціна, а можа нават і лепшы. Ня выключана, што вельмі далёкасяжныя амбіцыі ў Расеі ў Лукашэнкі захаваліся дагэтуль. І прыхільнікі тут ёсьць. Такім чынам сытуацыя неадназначная”.
(Дракахруст: ) “Аднак выглядае, што неадназначнасьць, пра якую гаворыць Павал Фельгэнгаўэр, можа адыграць сваю ролю пазьней, у выпадку, калі захістаецца становішча Пуціна, якое цяпер выглядае надзвычай моцна. Але да гэтага чаканага Лукашэнкам часу яму трэба яшчэ дажыць у цяперашняй якасьці. А як? І вось тут у парадак дня паўстае тая самая магчымасьць павароту на Захад, пра які казаў Андрэй Фёдараў.
У беларускіх афіцыйных камэнтарах падчас газавай блякады падкрэсьлівалася, што гэты крок закрануў інтарэсы заходніх краінаў, прынамсі Польшчы і Нямеччыны, з задавальненьнем цытаваліся рэзкія заявы Варшавы і Брусэлю.
На гэтым тле дарэчы вельмі красамоўна прагучала маўчаньне Вашынгтону. Амэрыканскую пазыцыю тлумачыць адмысловец з дасьледнага цэнтру Heritage Foundation Арыэль Коэн.
(Коэн: ) “Перш за ўсё, калі размова ідзе пра цэны на сыравіну, якія ніжэй за рынкавыя, Вашынгтон, як правіла, дае Маскве дастаткова шырокае поле для манэўру. Гэта мы бачылі і ў Грузіі, і ва Ўкраіне, дзе Вашынгтон імкнуўся ўмешвацца як мага менш. Бо з аднаго боку прапагандуецца свабодны рынак, а зь іншага боку калі Масква гаворыць: “Калі ласка, мы будзем вам пастаўляць энэрганосьбіты, сыравіну па рынкавых цэнах”, лідэры краінаў пачынаюць скардзіцца і крычаць пра імпэрыялізм. У гэтым пытаньні, як і ў пытаньні пакупкі індустрыяльных магутнасьцяў, пазыцыя Вашынгтону клясычна лібэральная: калі вы за грошы купілі, то гэта вашае. Калі вы пастаўляеце газ па цэнах вышэй за рынкавыя, то гэта, зразумела, ціск, калі вы манапаліст. Але калі вы пастаўляеце яго прыкладна на тых жа ўмовах, як і іншым дзяржавам, то гэта вашыя камэрцыйныя справы. І наагул не пасуе звышдзяржаве ўмешвацца ў рэгуляваньне цэнаў на ваду, каналізацыю, муніцыпальныя паслугі”.
(Дракахруст: ) “Спадар Коэн, Вы сказалі пра спакойнае стаўленьне Злучаных Штатаў да пакупкі індустрыяльных магутнасьцяў на тэрыторыі краінаў СНД. Але ці не цягне гэта парушэньня рэгіянальнага status quo, які Вашынгтон імкнецца захаваць? Набываючы гэтыя магутнасьці, Масква ж атрымлівае рычагі кіраваньня суседнімі краінамі”.
(Коэн: ) “У Вашынгтону тут няма іншых палітычных рашэньняў. Амэрыканскія кампаніі "Белтрансгаз" ня купяць, ды і бацька не прадасьць. А калі прадасьць расейскім кампаніям, гэтак жа, як прадавалі некаторыя кампаніі ва Ўкраіне, у Закаўказьзі і ў Цэнтральнай Азіі – ну што ж зробіш. Адмыслоўцы геапалітыкі і “геаэканомікі” разумеюць, што, як казаў незабыўны Міхаіл Сяргеевіч, “працэс пайшоў”. Калі б гэтыя кампаніі былі эканамічна прывабныя, то іх хутчэй за ўсё куплялі б эўрапейскія і амэрыканскія кампаніі. Але ўзровень вымагальніцтва і карупцыі ў гэтых краінах такі, што калі заходнія кампаніі там нешта купляюць, то потым вымушаныя адтуль сыходзіць, прычым зь вялікімі фінансавымі стратамі. Варта прывесьці прыклад бэльгійскай кампаніі “ТРАКТАБЭЛЬ” у Казахстане, ці прыклад амэрыканскай кампаніі, якая прадала ТЭЦ каля Тбілісі расейскай кампаніі РАО ЕС. Спрабавалі рабіць бізнэс па-расейску ці па-грузінску ці па-казаску, атрымалася пакуль кепска. Так што расейцам тут неяк зручней, яны гэтую кухню ведаюць знутры”.
(Дракахруст: ) “Калі Вашынгтон глядзеў на беларуска-расейскую газавую бойку з алімпійскім спакоем, то рэакцыя Польшчы была самай гучнай, пры гэтым усю адказнасьць польскі ўрад ўскладаў выключна на Маскву. З Варшавы гаворыць старшыня Ўсходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтру Павал Казанэцкі”.
(Казанэцкі :) “У польска-расейскай дамове наконт газу наагул няма Беларусі. Гэта двухбаковая дамова, у якой расейскі бок гарантуе пастаўку газа да мяжы Польшчы. Іншая справа, што для Польшчы праблема дастаўкі газу ў тым выпадку была вельмі сур’ёзнай, бо 30% газа, якім карыстаецца Польшча, ідзе як раз празь беларускую трубу. У выпадку закрыцьця гэтай трубы Расея была ў стане кампэнсаваць вельмі невялікую частку. Праз Украіну Расея магла прапампаваць толькі шостую частку таго, што звычайна ідзе праз Беларусь. Беларуска-расейскі крызыс азначаў для Польшчы вельмі сур’ёзныя эканамічныя праблемы, прычым толькі для Польшчы. Нямеччына і іншыя заходнія краіны атрымліваюць газ, які ў асноўным ідзе праз Украіну і Польшча больш за ўсіх была закладнікам гэтай сытуацыі”.
(Дракахруст: ) “Паводле Паўла Казанэцкага прычыны польскай рэакцыі на газавую блякаду палягалі ня толькі ў эканамічнай сфэры. Паводзіны Варшавы былі цалкам у рэчышчы беларускай палітыкі польскага ўраду, вызначанай 2 гады таму. Тут варта прыгадаць, што празь некалькі дзён пасьля газавай блякады ў Беластоку адбылася неафіцыйная сустрэча кіраўнікоў беларускага і польскага МЗС Сяргея Мартынава і Ўладзімежа Цімашэвіча, на якой былі зробленыя асьцярожныя намёкі на магчымасьць супольных дзеяньняў па прадухіленьні падобных газавых войнаў. Гаворыць Павал Казанэцкі”.
(Казанэцкі: ) “Апошнія два гады ўрад Лешэка Мілера імкнецца навязаць лепшыя адносіны з адміністрацыяй прэзыдэнта Лукашэнкі і лічыць, што трэба весьці збалянсаваную палітыку – з аднаго боку падтрымліваць кантакты з апазыцыяй, з другога боку нашыя ўлады – адзіныя на сёньняшні дзень улады ў Эўропе навязалі на даволі высокім узроўні кантакты з адміністрацыяй прэзыдэнта Лукашэнкі. Дастаткова прыгадаць візыт міністра замежных справаў Мартынава ў Польшчу. Візыт быў неафіцыйны, але сустрэча Мартынава з Цімашэвічам адбылася. Адначасна зараз гаворыцца пра прыезд спадара Латыпава ў Кракаў, які павінен адбыцца праз два тыдні.
Гэтая адмысловая палітыка Польшчы, якая вельмі моцна адрозьніваецца ад палітыкі іншых эўрапейскіх краінаў, таксама паўплывала на тое, што падчас газавага крызысу Польшча не крытыкавала беларускі ўрад.
Праўда, пра ролю беларускага боку ў канфлікце вельмі адкрыта выказваліся некаторыя журналісты, польская газавая фірма PGNiG таксама заявіла, што прычынаю зьяўляецца адсутнасьць плацяжоў, запазычанасьць і нават крадзёж газу беларускімі ўладамі, у афіцыйнай пазыцыі Польшчы гэтыя меркаваньне не знайшлі аніякага адлюстраваньня”.
(Дракахруст: ) “Беларуска-расейская газавая вайна адбывалася на тле істотнага пагаршэньня адносінаў паміж Расеяй і Захадам, перш за ўсё аб'яднанай Эўропай. У ЗША ўзмацнілася крытыка недэмакратычных тэндэнцыяў у расейскай палітыцы, паводзінаў Расеі ў Чачні. Эўракамісія надзвычай рэзка адрэагавала на нежаданьне Масквы аўтаматычна распаўсюдзіць дамову аб адносінах з Эўразьвязам на новыя краіны-сябры – на Латвію і Эстонію. Магчыма, гэтыя канфлікты ствараюць спрыяльныя ўмовы для таго, каб Эўропа, жадаючы націснуць на Расею, зрабіла крокі насустрач Менску?”
(Фёдараў: ) “Тое, што адносіны паміж Расеяй і Захадам пагоршыліся – гэта ў прынцыпе можа спрыяць нейкім крокам Эўропы і ЗША насустрач Беларусі. Але справа ў тым, што ня можа гэты рух быць аднабаковым. Колькі ўжо прапановаў з боку Захаду было зроблена, ужо некалькі гадоў Захад чакае крокаў у адказ з боку афіцыйнага Менску. Калі такія крокі насустрач будуць зробленыя, хай сабе і мінімальныя, то гэта можа істотна паўплываць паляпшэньню адносінаў. Мы ведаем, што нават такой адыёзнай асобе, як Муамар Кадафі, які зрабіў некалькі рэальных крокаў насустрач Захаду, былі дараваныя ўсе ці амаль усе ягоныя грахі і адносіны Лібіі з Захадам паляпшаюцца кожны дзень. Калі Менск зробіць адпаведныя крокі, няма сумневу, што Захад успрыме іх, як добры знак. Але дагэтуль беларускі бок, акрамя заяваў, ніводнага кроку ў гэтым кірунку не зрабіў. Тут, відаць, нейкія перашкоды на мэнтальным узроўні – не ўспрымае беларускае кіраўніцтва Захад і яго каштоўнасьці”.
(Дракахруст: ) “Летась Зьбігнеў Бжэзінскі, выступаючы ў Варшаве, выказаў меркаваньне, што магчыма Захаду варта было б паставіцца да Лукашэнкі гэтак жа спрыяльна, як у часы “халоднай вайны” ён ставіўся да Чаўшэску. Чаўшэску быў бадай самым жорсткім камуністычным дыктатарам свайго часу, але самым незалежным ад Масквы, за што і атрымліваў пэўнае спрыяньне з боку Захаду.
Гаворыць Арыэль Коэн”.
(Коэн: ) “Час зьмяніўся. Сёньня халоднай вайны ўжо няма. Заклікаць да старых рашэньняў можа патрыярх паліталёгіі, якому ўжо пад 80. Пры ўсёй маёй павазе да прафэсара Бжэзінскага я мяркую, што знак роўнасьці тут ставіць нельга. Я думаю, што ў 21 стагодзьдзі да тых крокаў, якія дазваляе сабе Лукашэнка, ніякая цывілізаваная краіна ці група краінаў, у дадзеным выпадку Эўразьвяз, ня могуць ставіцца цярпіма. Курс, на мой погляд, павінен быць на падтрымку апазыцыі й на захаваньне ўсіх канстытуцыйных нормаў, якія ўрэшце з Боскай дапамогай прывядуць да адстаўкі Лукашэнкі і адпраўкі яго на заслужаны адпачынак у калгас”.
(Дракахруст: ) “Пра тое, што Злучаныя Штаты не зьбіраюцца ўзнагароджваць Лукашэнку проста за паварот ад Расеі, сьведчыць і сёлетняя справаздача дзярждэпартамэнту ЗША аб правох чалавека ў сьвеце. Ацэнкі палітыкі беларускіх уладаў, якія ўтрымліваюцца ў дакумэнце, зусім адназначныя і цалкам нэгатыўныя. Але, скажам, ня менш нэгатыўна Злучаныя Штаты ацэньваюць і палітыку ў галіне правоў чалавека ва Ўзбэкістане. Але Ўзбэкістан – адзін з ключавых партнэраў, калі не саюзьнікаў ЗША ў Цэнтральнай Азіі. Ці закрыты гэты шлях для Беларусі?”
(Фёдараў : ) “Мне цяжка ўявіць сабе, што Беларусь можа пайсьці па шляху Ўзбэкістану і даць сваю тэрыторыю для нейкіх базаў для барацьбы з тэрарызмам. Па-першае, для тых жа Злучаных Штатаў гэта ня мае аніякага стратэгічнага сэнсу, а па-другое ў Беларусі ўжо знаходзяцца расейскія базы і таму такі крок яшчэ больш неверагодны, чым нейкія зрухі ў галіне правоў чалавека. Што тычыцца зацікаўленасьці Эўропы ў бясьпечным транзыце, то гэта даволі істотна, але доля транзыту, які ідзе праз Беларусь, не настолькі ўжо вялікая. Эўропа можа спадзявацца, што Расея нейкім чынам, у тым ліку і сілавым ціскам на Беларусь, забясьпечыць гэты самы транзыт. А як адбудуцца гэтыя зьмены – ці шляхам дэмакратызацыі (што менш верагодна) ці шляхам інкарпарацыі Беларусі ў Расею – гэта Эўропу ўрэшце ня вельмі хвалюе. Беларусам, калі яны жадаюць жыць у незалежнай краіне, варта разьлічваць на свае сілы, не адмаўляючы, зразумела, краінам Захаду ў падтрымцы гэтага”.
(Дракахруст: ) “На думку Андрэя Фёдарава Менск дарма спадзяецца, што Эўропа пойдзе насустрач Беларусі, заплюшчыўшы вочы на парушэньні правоў чалавека і адсутнасьць дэмакратыі. Пацьверджаньне гэтага меркаваньня зьявілася, дарэчы, на гэтым тыдні – менавіта зараз Эўракамісія пачала дасьледаваньне парушэньняў правоў працоўных у Беларусі. Калі гэтыя абвінавачваньні пацьвердзяцца, да Беларусі могуць быць ужытыя сур’ёзныя эканамічныя санкцыі з боку аб'яднанай Эўропы. Але Эўропа хаця і робіцца адзінай, застаецца рознай. Раней мы ўжо казалі пра адмысловую пазыцыю Польшчы ў адносінах да Беларусі. Ці ня можа Польшча стаць адвакатам Беларусі перад Эўропаю, а можа і тым самым новым стратэгічным партнэрам, сродкам ураўнаважваньня Расеі? Дарэчы, як перасьцярогу, пагрозу пра такі сцэнар гаворыць у газэце “Завтра” кансэрватыўны расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі: “На парэштках саюзнай дзяржавы, якую і аплакаць няма каму, Лукашэнка знойдзе сабе навага патрона, крэўна зацікаўленага ў далейшым аслабленьні Расеі, у выцясьненьні яе на ўзбочыну эўрапейскай палітыкі. Гэтым патронам можа стаць Польшча,” – піша Бялкоўскі.”
Пра матывы польскай палітыкі адносна Беларусі гаворыць Павал Казанэцкі.
(Казанэцкі : ) “Паводле афіцыйных тлумачэньняў польскіх уладаў ранейшая палітыка эўрапейскіх краінаў і ЗША – палітыка "абмежаваных кантактаў" зь беларускімі ўладамі і адназначнай падтрымкі апазыцыі, чатыры ўмовы АБСЭ, якія Беларусь мусіць выканаць, каб быць прызнанай у Эўропе, гэтая палітыка паводле польскіх уладаў атрымала поўную паразу і трэба шукаць іншых новых падыходаў. Такой прапановай быў адмысловы дакумэнт наконт польскай усходняй палітыкі, які быў сфармуляваны два гады таму. На падставе гэтага дакумэнту было прынятае рашэньне аднавіць кантакты зь беларускі ўладамі, перадусім на лякальным і рэгіянальным узроўні. Але гэты падыход дапускаў кантакты і зь беларускімі міністэрствамі, хаця і не прадугледжваў кантакты на ўзроўні адміністрацыі прэзыдэнта. Польшча верыць, што такім чынам можна было б спрыяць дыялёгу паміж дэмакратычнай апазыцыяй і прэзыдэнцкай адміністрацыяй.
Іншы аргумэнт – гэта тое, што Беларусь – гэта сусед Польшчы, і хочам мы ці ня хочам, трэба мець хаця б адміністрацыйныя кантакты, якія тычацца, скажам, мяжы і супольнага гандлю. Поўная ізаляцыя магла б давесьці да вялікіх праблемаў, а іх і бяз гэтага вельмі шмат, дастаткова прыгадаць, што кожны дзень канфіскоўваецца адна-дзьве фуры на мяжы, прычым канфіскуецца ня толькі тавар, але і самыя фуры”.
(Дракахруст: ) “На думку Андрэя Фёдарава Польшча ў адмысловых адносінах зь Беларусьсю ня зможа і не захоча зайсьці надта далёка”.
(Фёдараў : ) “Варта прыгадаць, што калі Эўракамісія распачала дасьледаваньне пра парушэньне правоў беларускіх прафсаюзаў, Польшча заявіла, што будзе супраць ужываньня гэтых санкцыяў. Але я думаю, што Польшча можа і будзе гэта рабіць, будзе навязваць кантакты, бо гэта яе просты сусед, але наўрад ці Варшава здолее кардынальна зьмяніць стаўленьне Эўразьвязу да Беларусі. Яна можа гэтае стаўленьне зьмякчыць, але не зьмяніць.
У прынцыпе тое, што Польшча займае такую пазыцыю – гэта ня так і кепска. Гэта паказвае Беларусі, што яе шлях на Захад не зачынены і што такім крыху акружным шляхам яна захоўвае магчымасьці кантактаў”.
(Дракахруст: ) “З тым, што Польшча можа зьмякчыць, але не зьмяніць палітыку Эўропы адносна Беларусі, згодны і Павал Казанэцкі. Пры гэтым ён падкрэсьлівае, што прычыны гэтага ўрэшце ўнутраныя – цяперашняя Польшча ня можа зьмірыцца з падаўленьнем у суседняй краіне прынцыпаў, якія для самой Польшчы сталі грамадзянскім сымбалем веры”.
(Казанэцкі: ) “Польшча хацела б мець адкрытую фортку на кантакты зь Беларусьсю. Але Польшча ня пойдзе надта далёка ў гэтых кантактах. Па-першае палітыка, пра якую мы гаворым – гэта палітыка гэтага ўраду. Гэты ўрад вельмі скампрамэнтаваны ў Польшчы, ягоны рэйтынг папулярнасьці складае 7%. Палітычныя зьмены ў Польшчы – на парадку дня. Я мяркую, што сытуацыя будзе трымацца толькі да выбараў у Эўрапарлямэнт, якія адбудуцца ў сёлетнім траўні. Зьмена ўраду можа азначаць і зьмену палітыкі адносна Беларусі.
Па-другое, цяперашні ўрад зацікаўлены ў кантактах зь беларускай адміністрацыяй, але не ж не любым коштам. Хаця Польшча гатовая весьці Беларусь на міжнародную арэну, але ізноў не без пэўных умоваў.
Я хацеў бы нагадаць выказваньне спадара Чосэка – аднаго з найбліжэйшых дарадцаў прэзыдэнта Квасьнеўскага. На нядаўняй канфэрэнцыі, у якой браў удзел амбасадар Беларусі Павал Латушка, спадар Чосэк заявіў, што справы зьніклых беларускіх палітыкаў мусяць быць высьветленыя, а беларуская апазыцыя мусіць быць дапушчаная да адкрытай палітычнай гульні.
Прэзыдэнцкі дарадца зьвярнуў увагу на тое, што ён – былы сябра ЦК ПОРП, сядзіць на канфэрэнцыі, якую ладзяць прадстаўнікі былой антыкамуністычнай апазыцыі. Спадар Чосэк сказаў, што лічыць за вялікі гонар тое, што ўсе палітычныя сілы Польшчы знаходзяцца ў адным парлямэнце, а дэмакратычныя каштоўнасьці, паводле спадара Чосэка, сталі самым вялікім здабыткам пераменаў.
Адміністрацыя прэзыдэнта Лукашэнкі мусіць задумацца, ці варта Беларусі ісьці на поўную ізаляцыю, на кубінскі варыянт, на аддаленьне і ад Захаду, і ад Расеі. Польшча ўсё ж уваходзіць у Эўропу і адносіны зь Беларусьсю за любую цану Польшча сабе ня можа дазволіць”.
(Дракахруст: ) “На думку Арыэля Коэна пры ўсіх супярэчнасьцях паміж Захадам і Расеяй вырашэньне менавіта беларускай праблемы Захад будзе шукаць ня супраць Расеі, а з Расеяй”.
(Коэн: ) “І беларускі народ заслужыў, каб у яго былі новыя правадыры, і Лукашэнку, відаць, трэба адпачыць. Мне здаецца, што і Захад, і Расея павінны знайсьці агульнае рашэньне, пры якім захоўваюцца расейскія эканамічныя інтарэсы – транзыт газу, нафтавыя інтарэсы, але пры гэтым Беларусь упісваецца ў палітычнае поле Ўсходняй Эўропы, а менавіта – там ствараецца сапраўдная дэмакратычная ўлада і Беларусь перастае быць апошняй дыктатурай у Эўропе”.