Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ АГП ПРЫЙШЛІ ДА ПРАХАДНОЙ МЕНСКАГА АЎТАЗАВОДУ


Уладзімер Глод, Менск

Прадстаўнікі кааліцыі зьявіліся ля аўтазаводу 15.30. У гэты час якраз праходзіла перазьменка: адны рабочыя пакідалі тэрыторыю прадпрыемства, другія ішлі туды. Акцыя для іх стала поўнай нечаканасьцю, паколькі, як казалі рабочыя, яны ўжо забыліся, калі апошнім разам тут паказваліся актывісты дэмакратычнай апазыцыі. І толькі старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку некаторыя пазнавалі:

(Рабочы: ) “Я ведаю, што вы Лебядзько альбо Лябедзька. Як правільна?”

(Лябедзька: ) “На беларускай мове — Лябедзька”.

(Рабочы: ) “Лябедзька. Чытаў у “Народнай волі” вельмі многа вашых артыкулаў. Мой бацька — прыхільнік “Народнай волі”.

(Лябедзька: ) “Добра. Але праблема ў тым, што не хапае “Народнай волі”, каб усе чыталі”.

Ля прахадной узьнікалі цікавыя размовы:

(Актывістка: ) “Жыцьцё ў краіне добрае ці не? Трэба яго зьмяняць?”

(Рабочая: ) “Трэба. Яшчэ як трэба”.

(Актывістка: ) “Вы на МАЗе тут працуеце?”

(Рабочая: ) “Так. Есьці трэба, а грошай няма. Лепшае жыцьцё трэба ставіць, лепшае. Лукашэнка сам вінаваты таксама”.

(Актывістка: ) “Разумееце гэта?”

(Рабочая: ) “Канечне”.

(Актывістка: ) “А вось некаторыя лічаць, што, наадварот, рабочыя падтрымліваюць Лукашэнку”.

(Рабочая: ) “Падтрымліваюць? Як бы ня так! Мяняць трэба ўладу”.

(Актывістка: ) “Ну, тады чытайце ўлётку, падтрымлівайце нас”.

Хвілінаў празь пятнаццаць пасьля пачатку акцыі да праходнай пад’ехала некалькі аўтамабіляў. З двух выйшлі міліцыянты, яшчэ з двух — людзі ў цывільным. Некалькіх актывістаў затрымалі, аднак пасьля іх вызвалілі. А вось на Сьвятлану Каралёву склалі пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі. Пасьля размовы зь ёй, яе як маці малога дзіцяці адпусьцілі. Анатоль Лябедзька наступным чынам пракамэнтаваў выхад у народ:

(Лябедзька: ) “Мы шукаем новых формаў, як рабіць камунікацыі з насельніцтвам. Мне падаецца, што кантакты зь людзьмі на прахадной, перадача ім носьбітаў інфармацыі — гэта даволі пэрспэктыўна. Гэта жывыя людзі, не прыхільнікі ў большасьці, альбо сябры палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Але гэта нашыя выбаршчыкі. І прыемна, што абсалютная большасьць зь іх з прыхільнасьцю ставіцца да таго, што мы сёньня рабілі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG