Рашэньне палітбюро Камуністычнай партыі, якое адзінагалосна ўхвалілі ўсе ягоныя члены – Сталін, Варашылаў, Молатаў, Мікаян, Калінін, Кагановіч і Берыя – сталася пачаткам катынскай трагедыі. Войскі НКВД расстралялі 25 700 польскіх афіцэраў, памежнікаў і паліцыянтаў, якія трапілі ў савецкі палон у выніку падзелу ў 1939 годзе тэрыторыяў тагачаснай Польшчы паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам.
“Гэта быў генацыд польскага народу. Мы абавязкова павінны памятаць пра Катынь, бо ў адваротным выпадку белыя плямы з часоў Народнай Польшчы пяройдуць і ў сучаснасьць”, – адзначыў прафэсар Зьдзіслаў Пэчкоўскі – гісторык, які падтрымаў прапанову шэрагу вядомых польскіх дзеячаў абвесьціць 5 сакавіка Днём памяці ахвяраў камунізму.
Інфармацыю пра масавыя пахаваньні ў Катыні распаўсюдзілі немцы ў 1943 годзе. Праз два дні савецкае радыё паінфармавала, што гэта зрабілі нямецкія жаўнеры падчас баёў за Смаленск.
Спробы польскага іміграцыйнага ўраду высьветліць празь Міжнародны чырвоны крыж, хто віноўны ў масавых расстрэлах палонных, прывялі да таго, што Масква спыніла з гэтым урадам усялякія дачыненьні.
Праўда пра злачынства сталінскага рэжыму ў Катыні хавалася больш за паўстагодзьдзя. Толькі ў красавіку 1990 году савецкі ўрад афіцыйна прызнаў, што польскіх палонных расстралялі савецкія часткі НКВД.