Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМІНІСТРАЦЫЯ БАРАНАВІЦКАГА КАЛЕДЖУ СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО “ЗУБРОЎЦЫ” — ФАШЫСТЫ


Алесь Горбач, Баранавічы

Ноччу ў цэнтры Баранавічаў ізноў зьявіліся графіці ды ўлёткі руху “Зубр”. А ў першай палове дня зуброўцы ў некалькіх месцах гораду раздавалі сваю газэту “Супраціў”. Паводле ўдзельнікаў акцыі, да гэтай дзейнасьці далучаюцца ўсё новыя і новыя людзі. Такім чынам, нягледзячы на ціск з боку уладаў, зуброўскі рух у Баранавічах шырыцца. Што датычыць мэты праведзеных апошнімі днямі акцыяў, то адзін з удзельнікаў зубровец Зьміцер патлумачыў:

(Зьміцер: ) “Мэта — паказаць уладам, што працягваецца змаганьне, змаганьне за будучыню Беларусі, паказаць ім, што будзе мацнець гэтае змаганьне і ўладзе нарэшце прыйдзе канец”.

Паводле менскага каардынатара руху “Зубр” Яўгена Афнагеля, акцыі ў падтрымку баранавіцкіх сяброў днямі будуць ладзіцца ў многіх гарадох Беларусі. Некалькі соцень улётак пра баранавіцкія падзеі былі распаўсюджаныя сёньня зуброўцамі ў Барысаве. Сёньня ж у Баранавічы прыяжджаюць сябры “Зубра” са Слоніму ды Ляхавічаў. Гаворыць Яўген Афнагель:

(Афнагель: ) “Днямі па ўсёй краіне будуць працягвацца акцыі ў падтрымку. Нам цяпер вельмі важна падтрымаць гэтых людзей, бо на іх аказваецца вельмі сур’ёзны ціск, ім цяпер вельмі складана, вельмі цяжка. Хтосьці зь іх баіцца, хтосьці можа зламацца. Таму наша падтрымка вельмі важная, вельмі неабходная, каб гэтыя людзі выстаялі і перамаглі”.

Між тым, улады таксама не сядзяць склаўшы рукі. У каледжы адміністрацыя вядзе моцную контарпрапаганду супраць моладзевага руху “Зубр”. Вось што рапавёў адзін навучэнец для нашага радыё:

(Навучэнец: ) “У каледжы гавораць пра “Зубр”, што гэта нэафашысцкая арганізацыя, што сябры гэтай арганізацыі псуюць помнікі, разрываюць магілы ды прыстасоўваюць іх пад прыбіральні. А дзеці бацькам заганяюць пад пазногці гарачыя іголкі, абліваюць іх вадой у моцны мароз ды спускаюць зь ледзяных горак”.

Сёньня ў Менск для здымкаў на Беларускім тэлебачаньні павезьлі пятнаццаць навучэнцаў Баранавіцкага каледжу лёгкай прамысловасьці. Папярэдне праведзены зь імі інструктаж скіраваны на тое, каб публічна асудзіць дзейнасьць сяброў БРСМ, што далучыліся да руху “Зубр”, выдаць падзеі апошніх дзён за правакацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG