Самая галоўная інфармацыя, што ўдалося здабыць афіцыйны пункт гледжаньня БРСМ. Я затэлефанаваў у гарадзкі аддзел і чалавек, які назваўся Андрэем, сказаў, што "ягоная арганізацыя мае рашучы намер зьліквідаваць сытуацыю, якая склалася ў каледжы лёгкай прамысловасьці".
Што дакладна меў на ўвазе гэты прадстаўнік БРСМ, ён не патлумачыў і параіў зьвярнуцца да сваіх кіраўнікоў. Але першы сакратар Алена Клышэўская дагэтуль знаходзіцца ў старшыні Гарвыканкаму Віктара Цішкоўскага, а другі сакратар Сяргей Пяцігораў паехаў па кансультацыі ў Менск.
З самога каледжу паступаюць зьвесткі, што адбываецца ціск на тых людзей, якія ўдзельнічалі ў тым вядомым сходзе, калі суполка БРСМ вырашыла масава перайсьці ў рух "Зубр".
Сытуацыя ў Баранавічах ужо атрымала пэўны розгалас. Пачынаюць зьяжджацца журналісты. Ужо было некалькі журналістаў з агульнанацыянальных, менскіх газэтаў, а таксама зь берасьцейскай абласной газэты. Многія з тых, з кім я сёньня гаварыў, кажуць, што даведаліся пра масавы пераход моладзі ў рух "Зубр" менавіта зь перадачаў Радыё Свабода.
Сёньня ж Мікіта Сасім, які дагэтуль лічыць сябе кіраўніком суполкі БРСМ у каледжы і дагэтуль зьяўляецца актывістам руху "Зубр", даў інтэрвію для Радыё Свабода. У нашай размове ён акцэнтаваў увагу на ціск уладных органаў:
(Сасім: ) “Так. Ціск ёсьць. Казалі, што "Зубр" гэта ледзь не тэрарыстычная арганізацыя, казалі, што гэта забароненая арганізацыя. Таму відавочна, што нехта баіцца. Але вельмі вялікая колькасьць людзей па-ранейшаму вельмі падтрымлівае мяне.”
(Карэспандэнт: ) “Як людзі рэагуюць на апошнія падзеі?
(Сасім: ) “Людзі рэагуюць вельмі добра. Падтрымліваюць. Кажуць, што даўно было трэба так зрабіць.”
(Карэспандэнт: ) “Як сустрэлі вашы дзеяньні бацькі?”
(Сасім: ) “Мае бацькі даўно ведаюць, чым я займаюся. Нармальна ў прынцыпе. Адзінае толькі, што баяцца, каб мяне ня выключылі з каледжу.”
(Карэспандэнт: ) “Наколькі гэта верагодна?”
(Сасім: ) “Верагоднасьць такая ёсьць. Але, здаецца, пакуль ніхто мяне выключаць не зьбіраецца. Дырэктар сказаў, што выганяць мяне ня будзе”.
(Карэспандэнт: ) “Наколькі адпавядае рэчаіснасьці інфармацыя, што людзей, якія ўдзельнічалі ў тым знакамітым сходзе зараз прымушаюць пісаць нейкія заявы, што яны адклікаюць свой голас”.
(Сасім: ) “Так. Я ведаю, што іх прымушаюць пісаць такія заявы. Учора вялікая колькасьць людзей напісалі такія заявы”.
Тым часам кіраўнікі БРСМ спрабуюць зьняць Мікіту Сасіма з пасады кіраўніка суполкі. Яны сьцвярджаюць, што яны яго ўжо зьнялі, і што зараз трэба выбіраць новага кіраўніка суполкі ў каледжы лёгкай прамысловасьці. Учора Баранавічы наведаў кіраўнік абласной арганізацыі БРСМ і меў размовы зь мясцовымі актывістамі.
Ці паддадуцца маладыя актывісты з каледжу лёгкай прамысловасьці ціску? Шмат будзе залежыць ад таго, якое будзе стаўленьне да самога Мікіты Сасіма, бо ён зьяўляецца безумоўным лідэрам. І гэта прызнаюць абсалютна ўсе.