Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНЦЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО МІЛІЦЫЯ НЯВЕТЛІВАЯ І ШТО ЯЕ ЗАШМАТ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Трэба сказаць, што гарадзенская міліцыя звычайна мае някепскія паказчыкі, калі параўноўваць зь іншымі абласьцямі. Пра гэта любіць нагадваць кіраўніцтва ўправы ўнутраных справаў. Калёна міліцыянтаў прамаршавала сёньня паўз фальклёрны кірмаш пад назвай “Казюкі”. Я пацікавіўся ў гараджанаў, якія прыйшлі на “Казюкі”, як яны ставяцца да міліцыі:

(Спадар: ) “Мне, на шчасьце, ні разу не даводзілася спатыкацца зь міліцыянтамі ні ў добрай, ні ў кепскай справе. Але мне здаецца, што на сёньняшні дзень міліцыянтаў у нас у горадзе зашмат. Калі я слухаю радыё, дык даволі часта ў зводках гаворыцца пра хуліганства, але я з гэтым не сутыкаўся, заўсёды спакойна хаджу ўвечары дахаты. Можа мяне так Бог ахоўвае”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да міліцыі?”

(Спадар: ) “Вы ведаеце, неадназначна. Хацелася, каб яна была лепшай. Мне даводзілася сутыкацца зь міліцыянтамі, асабліва з ДАІ. А ўвогуле міліцыя мяне не задавальняе”.

(Пажылы спадар: ) “А што я магу сказаць? Міліцыя і ёсьць міліцыя. Праўда, замнога яе”.

(Спадар: ) “Я сам служыў у міліцэйскіх войсках. Раней калісьці лепей было”.

(Карэспандэнт: ) “А што вас не задавальняе: людзей хапаюць ці ўсё ж парадак на вуліцах?”

(Спадар: ) “Яны ўсіх запар могуць хапаць без разбору, а потым толькі пачынаюць разьбірацца”.

(Карэспандэнт: ) “А як служба была ў міліцэйскім спэцназе?”

(Спадар: ) “Калі пачынаў служыць, яшчэ толькі пачыналася яго стварэньне, толькі батальён спэцназу быў”.

(Карэспандэнт: ) “А ці не даводзілася дэманстрацыяў разганяць?”

(Спадар: ) “Было, калі Шушкевіча скінулі. Калі Лукашэнка да ўлады прыйшоў”.

(Карэспандэнт: ) “Ну і што: даводзілася людзей палкамі біць?”

(Спадар: ) “Усякае было. Мы тады сядзелі у Вярхоўным Савеце ў падвалах, потым нас выгналі адтуль”.

(Пажылы спадар: ) “Ну, парад — гэта яшчэ ня праца міліцыі. А трэба было бы, вядома, працаваць лепш, як і ўсім іншым структурам. Вельмі яны не дапрацоўваюць у многіх-многіх пытаньнях. І што датычыць парадку на вуліцах, і што датычыць злачыннасьці, крымінальшчыны. Карацей, ім працаваць ды працаваць. Я ня ведаю, заробкі можа яны спраўныя атрымліваюць, а аддачы сапраўднай я ня бачу, гэта мой асабісты пункт гледжаньня”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што нашая міліцыя працуе ня вельмі добра. І ўвогуле міліцыі ў нас зашмат”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да беларускай міліцыі, ці задаволены вы ёю, ці сапраўды яна вас ахоўвае?”

(Пажылы спадар: ) “Беларуская міліцыя штосьці мне ня вельмі падабаецца. Яна вельмі грубая, няветлівая. Нейк раней з савецкай міліцыяй можна было весьці размову. А тут размоваў весьці нельга, груба ўсё парушаюць”.

(Спадар: ) “Я, на шчасьце, ніякіх справаў зь беларускай міліцыяй ня маю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG