Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІЯ ВАЕННЫЯ БАЗЫ Ў БЕЛАРУСІ


Юры Дракахруст, Прага

У перадачы удзельнічаюць аглядальніка газэты “Белорусский рынок” Паўлюка Быкоўскага, супрацоўніка амэрыканскага дасьледнага цэнтру Heritage Foundation Арыэль Коэн і расейскі ваенны аналітык Павал Фэльгэнгаўэр.

(Дракахруст: ) “У цяперашнім газавым канфлікце паміж Менскам і Масквой беларускі бок ці не ўпершыню ўзьняў тэму расейскіх ваенных базаў на тэрыторыі Беларусі. Нагадаем, у Ганцавічах знаходзіцца расейская радыёлякацыйная станцыя папярэджаньня пра ракетны напад “Волга”, у Вілейцы дзейнічае вузел сувязі Ваенна-марскога флёту Расеі. Аляксандар Лукашэнка ўжо выказаўся наконт таго, што калі Расея хоча рынкавых разьлікаў, то яна іх атрымае, атрымае за ўсё, у тым ліку і за гэтыя два ваенныя аб’екты. Пра іхнае значэньне ў абарончай палітыцы Расеі гаворыць ваенны адмысловец Павал Фэльгэнгаўэр”.

(Фэльгэнгаўэр: ) “Наколькі я ведаю, самы важны расейскі ваенны аб'ект у Беларусі – гэта нядаўна адкрытая пад Баранавічамі РЛС папярэджаньня пра ракетны напад. Гэтая станцыя мусіла замяніць радар, які быў раней на тэрыторыі Латвіі ў Скрундэ. Радар сапраўды вельмі важны, безь яго Расеі – няма куды. Вельмі вялікія грошы былі ўкладзеныя ў ягоную дабудову. Зразумела, Беларусь можа запатрабаваць падвышэньня арэндных плацяжоў і безумоўна з радарам ў беларусаў тут сур’ёзныя пазыцыі”.

(Дракахруст: ) “Але ранейшыя дамоўленасьці не прадугледжваюць спагнаньня з расейцаў платы за Ганцавіцкую РЛС. Яшчэ ў 1995 годзе Менск і Масква падпісалі пагадненьне, паводле якога нерухомасьць і ўчастак зямлі пад радар перадаюцца расейскаму боку на 25 гадоў без спагнаньня падаткаў. Гэтая дамоўленасьць была часткай пакету пагадненьняў пра мытны саюз. У наступным 1996 годзе Расея дадаткова юрыдычна абараніла свае ваенныя аб’екты ў Беларусі шляхам узаемнага дараваньня даўгоў, так званага “нулявога варыянту”. Гаворыць аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Паўлюк Быкоўскі”.

(Быкоўскі: ) “Гэтае пытаньне ўсплыла ў 1996 годзе, калі падпісваўся "нулявы варыянт". Тады Беларусь і Расея адна другой даравалі даўгі. З расейскага боку запазычанасьць складалася зь нявыплачаных грошай за радыёактыўныя рэчывы ў ракетах, якія вывозіліся з тэрыторыі Беларусі, а таксама з платы за карыстаньне ваеннымі аб'ектамі на тэрыторыі Беларусі. Але гэтае пытаньне не было вырашанае канчаткова. Тыя аб’екты, пра якія ідзе размова, тады не былі дабудаваныя. Зараз беларускі бок тэарэтычна можа паставіць пытаньне, што іхны кошт павялічыўся. Але ўжо пасьля "нулявога варыянту" ўзьнікла ідэя агульнай абароннай прасторы “саюзнай дзяржавы”, было падпісана шмат пагадненьняў, паводле якіх гэтыя аб'екты выкарыстоўваюцца ў агульных інтарэсах і фінансуюцца і Беларусьсю, і Расеяй. Таму пытаньне наконт падвышэньня арэнднай платы за гэтыя аб'екты ў прынцыпе можа ўзьнімацца, але гэта азначае, што будзе перакрэсьленая вялікая колькасьць беларуска-расейскіх дамоваў”.

(Дракахруст: ) “Дадам, што ў 1996 годзе Беларусі былі дараваныя даўгі за той жа самы газ, якія назапасіліся з 1991 году. На момант падпісаньня “нулявога варыянту” яны склалі ўнушальную лічбу – каля 900 мільёнаў даляраў.

Калі Беларусь запатрабуе платы за Ганцавічы, гэта значыць, адыдзе ад “нулявога варыянту”, то ці можа Расея прыгадаць той стары газавы доўг у амаль мільярд даляраў і запатрабаваць аплаты?”

(Быкоўскі: ) “Гіпатэтычна гэта магчыма. Але тады і Беларусь даравала расейскія даўгі. Не было дакладных сумаў, але гэтыя даўгі існавалі. Таму гутарка можа ісьці не пра скасаваньне тагачаснага "нулявога варыянту", а пра заключэньне новага. Але мне здаецца, што пры цяперашняй уладзе Расеі такі, напэўна, карысны для Беларусі "нулявы варыянт", які быў заключаны зь Ельцыным, з Пуціным Лукашэнка заключыць ня здолее”.

(Дракахруст: ) “А колькі ў прынцыпе магла б атрымаць Беларусь, запатрабаваўшы ад Расеі плаціць за ганцавіцкую РЛС? Плата Расеі за арэнду базы ў Скрундэ да яе закрыцьця складала 5 мільёнаў даляраў у год. У параўнаньні з сотнямі мільёнаў даляраў, якія фігуруюць у газавых спрэчках паміж Менскам і Масквою, сума такога парадку нічога не вырашае і ня можа быць козырам беларускага боку.

Аднак паводле ацэнкі Паўла Фэльгэнгаўэра і ваенны, і палітычны статусы былога радару ў Скрундэ і цяперашняга – у Ганцавічах істотна адрозьніваецца.”

(Фэльгэнгаўэр: ) “Ён сапраўды навейшы, чым той, што быў у Скрундэ. Там была невялікая арэндная плата, але там пасярэднікам былі ЗША. Вашынгтон націснуў на Латвію, каб захаваць на пэўны час гэты радар, бо ў Вашынгтоне ня хочуць, каб Масква стала "сьляпой" і сосьлепу шпульнула куды-небудзь ракетай, барані Бог. Ну і адпаведна Рызе параілі не прасіць зашмат грошай. Паколькі РЛС усё роўна зьбіраліся зачыняць, то займацца вымагальніцтвам і самім латышам было не з рукі.

Тут сытуацыя іншая. Перасунуць РЛС, што стаіць пад Баранавічамі, зараз у прынцыпе немагчыма, страта гэтага радару створыць сур’ёзныя праблемы. А колькі што каштуе, то тут, як той казаў, колькі хто запросіць. Напрыклад, кубінцы за радыётэхнічную базу падслухоўваньня каля Гаваны сотні мільёнаў патрабавалі і атрымлівалі ад Расеі”.

(Дракахруст: ) “Патрабаваньне да Расеі з боку Менску аплачваць расейскую ваенную прысутнасьць палягала б у рэчышчы працэсаў, што адбываюцца ў іншых краінах СНД. У 1999 годзе Таджыкістан падпісаў дамову з Расеяй пра статус расейскай ваеннай базы. Але апошнім часам Душанбэ стаў патрабаваць, каб Масква падвысіла арэндную плату за свае ваенныя аб’екты ў Таджыкістане, і прынамсі пачала плаціць за РЛС “Нурэк”. Сыстэма “Нурэк” падобная на ганцавіцкую “Волгу” і ўваходзіць у агульную сыстэму папярэджаньня пра ракетны напад.

Яшчэ адна такая расейская станцыя – “Габала” знаходзіцца ў Азербайджане. Масква плаціць Баку за арэнду “Габалы” 7 мільёнаў даляраў штогод. Цана, як бачым, блізкая да той, якую Расея плаціла Латвіі за радар у Скрундэ. Але, як адзначаюць адмыслоўцы, ганцавіцкая “Волга” значна больш сучасная, чым “Габала”, значыць, і арэнда, тэарэтычна кажучы, павінна быць больш.

У любым выпадку, як паведамляе расейскае выданьне “Русский курьер”, зараз у міністэрстве абароны Беларусі ўважліва вывучаюць расейска-азербайджанскую дамову пра арэнду Габалінскай РЛС.

А ці можа Беларусь запатрабаваць наагул прыбраць зь беларускай зямлі расейскія ваенныя базы? Так бы мовіць, не даеце газу, дык забірайце сваю РЛС. На думку Паўлюка Быкоўскага рэакцыя Масквы на такі крок магла б быць гранічна жорсткай”.

(Быкоўскі: ) “Юрыдычна Лукашэнка можа гэта сказаць, бо базы зьяўляюцца беларускай уласнасьцю, якую арэндуе Расея. Больш таго – гэтыя аб'екты юрыдычна нават ня маюць статусу ваенных базаў, фармальна яны не зьяўляюцца замежнай ваеннай прысутнасьцю. Таму ў Лукашэнкі ёсьць юрыдычны мэханізм, каб пазбавіцца ад гэтых аб'ектаў.

Але я ня думаю, што ён здолее практычна ўзьняць гэтае пытаньне. Гэтыя аб'екты настолькі патрэбныя Расеі, што напэўна Расея можа праігнараваць прынцып беларускага сувэрэнітэту і паспрабаваць абараніць гэтыя аб'екты нават вайсковай сілай. Я разглядаю гэты сцэнар толькі гіпатэтычна, бо абодва бакі напэўна будуць імкнуцца не даводзіць сытуацыю да такой адкрытай варажнечы”.

(Дракахруст: ) “У свой час Аляксандар Лукашэнка казаў, што нібыта амэрыканцы прапаноўвалі яму 10 мільярдаў даляраў за выдаленьне зь беларускай зямлі расейскай РЛС. Кіраўнік Беларусі тады тлумачыў, што непарушнае братэрства з Расеяй не прадае. Зараз з братэрствам узьніклі пэўныя праблемы. Але і пра амэрыканскія шматмільярдныя прапановы Лукашэнка чамусьці зараз не распавядае: можа, цана на братэрства упала, можа, што іншае адбылося. Гаворыць супрацоўнік амэрыканскага дасьледнага цэнтру Heritage Foundation Арыэль Коэн”.

(Коэн: ) “Я мяркую, што калі Лукашэнка пачне выпіхваць расейскую базу, то ён тым самым паскорыць свой канец. Захад будзе ставіцца да расейскай базы ў Беларусі гэтак жа спакойна, як ён ставіцца да такой жа расейскай базы ў Азербайджане. Як правіла, станцыі раньняга папярэджаньня пра ракетны напад толькі ўмацоўваюць стабільнасьць і даюць больш спакойна спаць ваенным. Таму я ня бачу абсалютна ніякіх праблемаў, калі гэтая база захаваецца на шмат гадоў”.

(Дракахруст: ) “Павал Фельгэнгаўэр мяркуе, што да рэзкіх крокаў у пытаньні ваенных аб’ектах справа ня дойдзе, акрамя іншага і з прычыны палітычных стратаў у Расеі, якія панясе Лукашэнка, калі запатрабуе вываду расейскіх базаў”.

(Фэльгэнгаўэр: ) “Калі ён у грубай форме запатрабуе вываду РЛС, то ён можа страціць сваіх прыхільніакаў у Расеі у нацыяналістычных колах. Але я ня думаю, што да гэтага дойдзе. Я думаю, што тут будзе гандаль. Нам з гэтым радарам няма куды падзецца. Але і Лукашэнку таксама няма куды падзецца. Так што вока яны адзін аднаму можа і выдзяўбуць, але не да сьмерці. Мяркую, што знойдзецца нейкі кампраміс, але іхная няпрыязь з Пуціным увесь час будзе уплываць і выклікаць новыя канфлікты. І аргумэнтамі стануцца і ваенныя аб'екты, і ў яшчэ большай ступені – нафта– і газаправоды, транспартныя патокі.

Там магчымасьцяў узаемнага вымагальніцтва больш, і ваенныя аб'екты – гэта малая частка. Наўрад ці яны будуць галоўнай тэмай. Хаця магчыма і яны: я паўтаруся – з гэтым радарам мы сапраўды патрапілі з Лукашэнкам у адзін кошык”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG