Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛААЗЁРСКУ ЎЗМАЦНЯЕЦЦА ЦІСК НА ДЭПУТАТКУ МЯСЦОВАГА ГАРСАВЕТУ НАТАЛЬЛЮ АКАРОНКУ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Два месяцы таму ў Белаазёрску быў зьдзейсьнены напад на кіраўніка мясцовай філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Яўгена Акаронку і ягоную жонку Натальлю, якая зьяўляецца дэпутатам гарадзкога савету. Асабліва цяжкія пашкоджаньні тады атрымаў спадар Акаронка, які патрапіў шпіталь. Зараз паводле гэтага здарэньня мясцовай пракуратурай распачатая крымінальная справа.

Адначасова белаазёрская міліцыя высьвятляе іншыя падрабязнасьці бойкі. З папярэдніх высноваў вынікае, што сярод тых, каго могуць прыцягнуць да адказнасьці, ёсьць і Натальля Акаронка, якая таксама пацярпела ад нападу і была ініцыятарам міліцэйскага разьбіральніцтва. Вось што спадарыня Акаронка распавяла Радыё Свабода.

(Натальля Акаронка: ) “Для мяне проста ашаламляльна тое, што адбываецца. Як белае можна зрабіць чорным, мы ўжо ведаем, і выбары гэта толькі пацьвердзілі. Тады “шэльмавалі” апазыцыйных кандыдатаў, а зараз адбываецца ціск на дэпутатаў. Падчас нападу я сама была зьбітая, вельмі моцна пацярпеў мой муж, і варта было разьлічваць на падтрымку ў гэтай сытуацыі ад праваахоўных органаў. У гарсавеце я ўваходжу ў камісію ў справах правоў чалавека і лічу, што абараніць правы чалавека і ягоную бясьпеку, гэта вельмі важна. І так павінна быць. Але я адчула сябе абсалютна безабароннай”.

Сёлета гэта ўжо ня першая непрыемнасьць для Натальлі Акаронкі. У студзені дэпутатку Белаазёрскага гарадзкога савету пазбавілі працы ў мясцовай школе. Падставай для звальненьня названы ўдзел у сэсіі гарсавету, якую ініцыявалі апазыцыйныя дэпутаты. Прадстаўнікі ўлады тую сэсію ў лістападзе мінулага году байкатавалі і дачакаліся паўторных выбараў, пасьля якіх апазыцыя пазбавілася большасьці ў мясцовым савеце. У справе свайго звальненьня спадарыня Акаронка разьлічвае зараз на справядлівасьць суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG