Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СУПЭР-АЎТОРАК” СЭНАТАРА ДЖОНА КЭРЫ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Джон Форбс Кэры спадзяецца паўтарыць шлях яшчэ аднаго масачусэцкага заканадаўцы з тымі ж ініцыяламі – Джона Фіцжэральда Кэнэдзі (JFK) – і атрымаць вярхоўную пасаду ў ЗША.

У гэты “супэр-аўторак” сябры па партыі аддалі перавагу Джону Кэры ў 9 штатах зь дзесяці, якія раскіданыя па ўсёй Амэрыцы – ад Каліфорніі на захадзе да Нью-Ёрка на ўсходзе. Вось як ён дзякаваў учора сваім выбаршчыкам:

(Кэры: ) “Дзякуй вам, дзякуй вам усім! Дзякуй усім тым выбаршчыкам ад узьбярэжжа да ўзьбярэжжа, хто падтрымалі мяне ў гэты супэр-аўторак. Дзякуй вам вялікі!”

І на гэты момант Кэры ўжо перамог у 27 штатах з 30. Мяркуецца, што ўжо сёньня пакіне дыстанцыю ягоны галоўны канкурэнт Джон Эдвардз, як гэта раней зрабіў Говард Дын. Такім чынам, дэмакраты робяць стаўку на Джона Кэры, мяркуючы, што толькі ён можа перамагчы Джорджа Буша.

Сёлетнія прэзыдэнцкія выбары адбываюцца ў няпросты для ЗША замежнапалітычных умовах – краіна вядзе абвешчаную Бушам вайну зь міжнародным тэрарызмам, войскі ЗША застаюцца ў Іраку. Магчыма, што погляды на замежную палітыку прэтэндэнта на прэзыдэнцкае крэсла будуць вызначальнымі для выбаршчыкаў. Што супрацьпастаўляе Кэры палітыцы Джорджа Буша?

Амэрыканская выбарчая кампанія разгортваецца на тле дыскусіяў пра бясьпеку і вайну. Нагадаю, што Джон Кэры мае аўтарытэт героя віетнамскай вайны, а таму можа выступаць з пазыцыяў чалавека, які ведае “пах пораху” і разумее, якія праблемы вайна можа разьвязаць, а якія не.

На думку назіралькаў, пакуль што ў перадвыбарчай барацьбе перадусім эксплюатуецца ягонае вайсковае мінулае. А вось пазыцыі, якія ён выказвае, ня вельмі выразныя. Кэры-сэнатар, крытыкуючы палітыку Буша адносна Іраку, тым ня меней галасаваў за вайну з Садамам.

Сёньня ён крытыкуе замежную палітыку Буша, называючы яе безадказнай і высакамернай. І паўтарае, што менавіта ён можа даказаць амэрыканцам, што можна весьці вайну з тэрарызмам болей эфэктыўна і што пад ягоным кіраўніцтвам Амэрыка зможа па-сапраўднаму ўмацаваць бясьпеку. Далей Кэры выказвае традыцыйныя для дэмакратаў каштоўнасьці.

Зрэшты, калега па партыі і супернік на кандыдата ў прэзыдэнты Джордж Эдвардз, віншуючы ўчора Кэры зь перамогай, выразна сфармуляваў тую плятформу, на якой дэмакраты на чале з Кэры зьбіраюцца ў лістападзе перамагаць:

(Эдвардз: ) “Ён вядзе моцную, магутную кампанію і, зьяўляючыся неардынарным адвакатам, ставіць у цэнтар усё тое, ува што мы верым, – болей працоўных месцаў, лепшая ахова здароўя, чысьцейшае навакольнае асяродзьдзе, больш бясьпечны сьвет. Гэта – ідэі нашай партыі, гэта – ідэі нашай краіны, і гэтыя ідэі перамогуць у лістападзе”.

Дзейны прэзыдэнт ЗША, рэспубліканец Джордж Буш, адразу ж павіншаваў дэмакрата Джона Кэры з учорашняй перамогай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG