Ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі прадугледжваюць пераразьмеркаваньне сёлетняга бюджэту краіны. 132 мільярды рублёў будзе выдаткавана “Белаграпрамбанку” на павелічэньне статутнага фонду, што нібыта дасьць яму магчымасьць фінансаваць жыльлёвае будаўніцтва. Як лічаць улады, зьяўленьне на вёсцы новых хатаў спыніць заняпад сельскагаспадарчай вытворчасьці. Мяркуецца, што ўжо сёлета ўва ўсіх рэгіёнах Беларусі тысячы вяскоўцаў будуць сьвяткаваць улазіны. Адмысловыя праграмы вясковага будаўніцтва прынятыя ў кожным раёне. У прыватнасьці, у Вялейскім. Вось што зазначыў на гэты конт намесьнік старшыні мясцовага райвыканкаму Леанід Курмыса:
(Курмыса: ) “Згодна з пастановай ураду, у нас будзе пабудавана 85 домікаў. Усе гэтыя 85 домікаў расьпісаныя па гаспадарках, падрыхтаваная дакумэнтацыя. Сёньня-заўтра дамо лес. Адным словам, ідзе раскрутка. Калі ёсьць грошы, якія выдаткоўвае дзяржава, трэба будаваць”.
Спадар Курмыса паведаміў, што ў Менскай вобласьці плянуюць пабудаваць 1755 такіх дамоў.
Паводле ўрадавага рашэньня, будаўніцтва адной вясковай сядзібы будзе каштаваць дзяржаве 18–20 тысяч даляраў. Як сказаў Аляксандар Лукашэнка, новыя хаты павінны атрымаць самыя годныя прадстаўнікі беларускай вёскі. Між тым, многія вяскоўцы лічаць, што распачатая жыльлёвая кампанія ня будзе мець плёну:
(Якаўлеў: ) “Мяне завуць Іван Якаўлеў. Я жыву ў вёсцы Боўгарка Ельскага раёну. Я скажу так: будуюцца гэтыя прэзыдэнцкія домікі, па пяць. Гэтыя мільярды альбо мільёны выдаткоўваюцца куды папала. Але ў асноўным яны раскрадаюцца”.
(Сачыловіч: ) “Мяне завуць Хведар Сачыловіч. Я з Жыткавіцкага раёну. Вось у нашым раёне ідзе рэалізацыя прэзыдэнцкай праграмы адраджэньня вёскі. Каму патрэбныя гэтыя хаты, калі чалавеку няма дзе працаваць? Ён працуе за 30 тысяч у месяц”.
(Якаўлеў: ) “Чалавек будзе там працаваць толькі да той пары, пакуль не атрымае гэтага дамку”.
(Сачыловіч: ) “Вось у нас таксама пабудавалі домікі. Стаяць пустыя. Ацяпленьне размарожанае ўсё. Усю сантэхніку зьнялі. Пакралі. Вокны паразьбівалі. У такім выглядзе стаіць домік. Два домікі такія стаяць”.
(Якаўлеў: ) “У вёску сёньня з гораду ніхто ня прыйдзе. Нават калі пабудуеш яму хоць домік, хоць тры, хоць вілу яму пабудуй. Ён ня прыйдзе туды працаваць”.
(Сачыловіч: ) “На мой розум, дык калі гэта пэрспэктыўная вёска, калі чалавек вырашыў асесьці ў гэтай пэрспэктыўнай вёсцы, дай яму крэдыт, і хай сам будуе”.
(Якаўлеў: ) “І ён пабудуе такі, які яму спадабаецца”.