Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЯ ЗДАСЬЦЬ У АРЭНДУ БЕЛАРУСІ КОМПЛЕКСЫ С-300


Любоў Лунёва, Менск

Зэнітна-ракетныя комплексы С-300 будуць пастаўленыя на ўзбраеньне беларускай арміі цягам паўгоду. Беларуская сыстэма супрацьпаветранай абароны мае на ўзбраеньні некалькі такіх установак. Яны месьцяцца вакол Менску і выконваюць функцыю абароны сталіцы. Абласныя цэнтры ахоўваюць старыя комплексы С-75, С-125 і С-200.

На думку вайсковых экспэртаў, комплексы С-75 і С-125 маральна састарэлі. Іх распрацавалі яшчэ ў 1950-я гады, і яны дагэтуль ня зьнятыя з узбраеньня. Усе гэтыя ўстаноўкі ва ўсіх краінах прызначаныя выключна для абароны паветранай прасторы. Толькі аднойчы іх выкарыстоўвалі для нападу — кубінскія ракетчыкі стралялі з зэнітных установак па караблях праціўніка.

Былы міністар абароны Павал Казлоўскі лічыць, што пастаўкі комплексаў С-300 будуць на карысьць аб’яднанай сыстэме супрацьпаветранай абароны Расеі і Беларусі.

(Казлоўскі: ) “Я ня бачу нічога дрэннага, калі гэтыя ўстаноўкі будуць пастаўленыя ў арэнду беларускай арміі. Гэта абыдзецца дзяржаве таньней. Тыя комплексы С-300, якія ў нас ужо ёсьць, трэба рамантаваць, бо яны састарэлі. Я думаю, што нам дадуць больш сучасныя комплексы і больш мадэрнізаваныя. Дрэннага ў гэтым нічога ня бачу. Добрая каапэрацыя паміж суседзямі дапамагае ў абароне свайго сувэрэнітэту”.

Памочнік міністра абароны ў пытаньнях ваеннай палітыкі Сяргей Булыгін адзначыў, што Беларусі вельмі патрэбныя новыя ракетныя ўстаноўкі:

(Булыгін: ) “Калі ў нас ёсьць моцная сыстэма супрацьпаветранай абароны, то вораг задумаецца, ці ёсьць сэнс нападаць на такую дзяржаву. Лепш было бы ўзяць усё лепшае, што ёсьць у расейцаў, у амэрыканцаў і вакол Беларусі паставіць”.

Сыстэмы будуць пастаўленыя на баявое дзяжурства ў межах аб'яднанай сыстэмы супрацьпаветранай абароны СНД на заходнім кірунку дзеля абароны гэтак званай адзінай паветранай прасторы Беларусі і Расеі.

Сыстэмы С-300 перадаюцца бязвыплатна, аднак іхная падтрыхтоўка, у тым ліку і прывядзеньне ў стан баявой гатоўнасьці, будзе аплочаная беларускім бокам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG